Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень беларускай вайсковай славы: мітынг каля опэрнага тэатру і пікет каля расейскай амбасады


Фрагмэнт карціны «Бітва пад Воршай»

Фрагмэнт карціны «Бітва пад Воршай»

8 верасьня ў Беларусі адзначаецца неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы — у гэты дзень у 1514 годзе адбылася бітва пад Воршай, у якой 30-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага перамагло 80-тысячнае войска Масковіі.

З нагоды 502-й гадавіны перамогі беларускай зброі кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ ладзяць сьвяточны мітынг.

Акцыя пачнецца а 18:00 на пляцоўцы перад Нацыянальным акадэмічным вялікім тэатрам опэры і балету па адрасе: плошча Парыскай камуны, 1.

У межах акцыі гісторыкі распавядуць пра значнасьць перамогі пад Воршай, палітыкі і грамадзкія дзеячы дадуць ацэнку сёньняшнім пагрозам нацыянальнай бясьпецы Беларусі, выступяць барды. Як падкрэсьлена ў перадвыбарчай плятформе кандыдатаў БНФ, «моц войска ў значнай, калі не ў галоўнай ступені, залежыць ад маральнага духу вайскоўца, што грунтуецца на патрыятызьме, на слаўных вайсковых традыцыях, здабытых на полі бою падчас абароны Бацькаўшчыны».

Акцыя будзе перадвыбарчым мерапрыемствам, якое паводле Выбарчага кодэксу не патрабуе адмысловага дазволу ўладаў.

З раніцы ў гэты ж дзень у цэнтральнай сядзібе БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3) пачне працу выстава фатаздымкаў пра тое, як адзначаўся Дзень беларускай вайсковай славы ў беларускай сталіцы ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя. Экспазыцыя падрыхтаваная Цэнтрам дасьледаваньня грамадзянскай супольнасьці на падставе матэрыялаў фатографа Ўладзімера Сапагова, які пайшоў з жыцьця чатыры гады таму.

Актывісты з «Маладога фронту» заклікаюць а 18:00 прыйсьці да расейскай амбасады ў Менску, дзе адбудзецца акцыя «Атрымалі пад Воршай, атрымаеце і пад Веткай!»

Як сказаў Свабодзе лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, назва акцыі тлумачыцца тым, што «беларускі раённы цэнтар Ветка знаходзіцца каля мяжы з Расеяй, і менавіта ў тым баку цяпер сьцягваюцца войскі РФ».

«Перамога беларускай зброі ў 1514 годзе на многія дзесяцігодзьдзі спыніла імпэрскі шал Масквы. Праз паўтысячы год ад тае паразы пад Воршай Масква зноў прагне крыві і суседзкіх земляў. Сёньня як ніколі актуальныя словы героя Беларусі Кастуся Каліноўскага: „Народзе, тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе!“ Таму мы заклікаем адзначыць 502-ю гадавіну бітвы пад Воршай — Дзень беларускай вайсковай славы! Нагадаем Расеі, што яе чакае, калі яна паспрабуе рэалізаваць у Беларусі свае імпэрскія комплексы», — заявіў лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

6 верасьня каля Веткі актывісты зладзілі пэрформанс — капалі ў лесе акопы. «Мы вырашылі правесьці акцыю, якой прадэманструем, што межы Беларусі трэба бараніць найперш з усходу», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.

Інфармацыі пра імпрэзы на Крапівенскім полі пад Воршай, дзе адбылася бітва 1514 году, пакуль няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG