Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Марачкін: Мы абапіраемся на пераможцаў Аршанскай бітвы


Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

«Арт-Ворша-Рубон» — пад такой назвай у сталічным Палацы мастацтва адчыняецца выстава, прымеркаваная да 500-х угодкаў Бітвы пад Воршай.

«Арт-Ворша-Рубон» — пад такой назвай у сталічным Палацы мастацтва адчыняецца выстава, прымеркаваная да 500-х угодкаў Бітвы пад Воршай. На ёй прэзэнтуюцца каля сотні твораў беларускіх мастакоў, сярод іх — і напісаныя на гістарычным Крапівенскім полі падчас пленэру. Госьцем перадачы — удзельнік выставы, сябра суполкі «Пагоня» Аляксей Марачкін.

Алесь Родзін рыхтуе да экпазыцыі свой твор.

Алесь Родзін рыхтуе да экпазыцыі свой твор.

— Спадар Аляксей, ці ўсе творы, тэматычна зьвязаныя з Аршанскай бітвай, удалося сабраць на выставу?

— На жаль, не ўсе, бо сёе-тое разышлося па музэях, як, скажам, жывапісны партрэт Канстанціна Астроскага, напісаны Гаўрылам Вашчанкам. Ён знаходзіцца ў сталай экспазыцыі Нясьвіскага замка. Няма на выставе і некаторых графічных твораў Арлена Кашкурэвіча. Прадстаўлена шмат твораў жывапісных, ёсьць інсталяцыі, прысьвечаныя гэтай слаўнай даце. Увогуле, да выставы мы рыхтаваліся цягам усяго году. А некаторыя мастакі працавалі і раней, каля сотні працаў выстаўлена, ёсьць што паглядзець. Найперш мне хацелася б адзначыць акварэлі Міколы Купавы, які даўно ўжо працуе над гэтай тэмай. Таксама мэтафарычныя творы старшыні нашай суполкі Генадзя Драздова, там ёсьць над чым падумаць. Асабліва варта паглядзець «Сейбіта», які раскідвае бел-чырвона-белае зерне, а над ворывам лётаюць чорныя крумкачы, якія ператвараюцца ў цмокаў, у самалёты... Нельга не заўважыць і вялікую інсталяцыю Алеся Родзіна, яна аб’ёмная, вельмі арыгінальная і адначасова простая — фактычна як графіці ў чорна-белым варыянце. Вядома ж, ня пройдзеш міма твораў Ягора Батальёнка, Георгія Скрыпнічэнкі ці такога клясычнага твору, які «Аршанская бітва» Міхася Басалыгі. Выдатны і ягоны «Канстанцін Астроскі на кані».

Генадзь Драздоў. Гаспадараць мядзьведзі.

Генадзь Драздоў. Гаспадараць мядзьведзі.

— На выставе прадстаўлены і ваш партрэт Астроскага. На жаль, ён вісіць высакавата, ня ўсе дэталі можна разгледзець.

— Гэты партрэт з сэрыі «Выдатныя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі». Апрача ўсяго я хацеў там паказаць герб Астроскага. А ўнізе можна заўважыць фігуру маскоўскага ваяра, які падае. Праз гэты эпізод я паказваю перамогу Астроскага над маскавітамі. Я асабіста ўдзячны Беларускаму саюзу мастакоў, які арганізаваў гэтую выставу творчай суполкі «Пагоня».

Аляксей Марачкін. Партрэт Канстанціна Астроскага.

Аляксей Марачкін. Партрэт Канстанціна Астроскага.

— Адзін зь нядаўніх гасьцей «Вольнай студыі», пісьменьнік Леанід Дайнэка (Аршанская бітва апісваецца ў ягоным рамане «Назаві сына Канстанцінам») правёў паралель паміж тагачаснымі падзеямі і вайной, якая ідзе ва Ўкраіне. Маўляў, за 500 гадоў захопніцкая палітыка Масквы не зьмянілася. Сваёй карцінай «Навала» вы тое самае хацелі сказаць?

— Тое самае, я цалкам згодны з Дайнэкам. Палітыка ўсходняй арды ніяк не зьмянілася. «Навала» — гэта ўжо, на жаль, ня вобраз, яна існуе ў рэальнасьці. Тое прызнаюць і нашы дзяржаўныя дзеячы. І я ня мог на гэта не адгукнуцца. У свой час Пікаса (я зь ім не параўноўваюся) напісаў сваю славутую «Герніку», калі бамбілі гэты горад у Гішпаніі. Сёньняшні канфлікт украінцаў з расейскай імпэрыяй, якая ашчэрылася на братнюю Ўкраіну, — гэта тэма вельмі для нас актуальная, яна непазьбежна будзе адлюстраваная ў творах нашых мастакоў. У часы трывожныя цені нашых слаўных продкаў паўстаюць, як абаронцы нашай зямлі. Мы на іх апіраемся.

Аляксей Марачкін. Навала (фрагмэнт).

Аляксей Марачкін. Навала (фрагмэнт).

— Вашу «Навалу» хочацца разгледзець падрабязна. Калі б на выставу завітаў амбасадар Расеі спадар Сурыкаў, то мог бы пакрыўдзіцца за вольную трактоўку расейскага герба. Ён там зь сярпом і молатам...

— Там як бы не зусім герб. Але мне падалося, што тая дзьвюхгаловая курыца абавязкова павінна быць зь сярпом і молатам, і чырвонай зоркай. У гэтай імпэрыі — раней Савецкім Саюзе, цяпер Расейскай Фэдэрацыі — тая ж самая ідэалёгія — пашыраць тэрыторыі, не лічыцца ні з кім. Як яны пра Ўкраіну гавораць? Што гэта не дзяржава, а прыдуманая бальшавікамі рэспубліка. Калі так гаворыцца пра ўкраінцаў, то што можна сказаць пра нас? Мы ж з Расеяй — «саюзная дзяржава»! Калі гэта так, то мы таксама ўдзельнічаем у гэтым канфлікце. Калі я пісаў «Навалу», то апіраўся і на выказваньні прэзыдэнта Беларусі, як гэта ні дзіўна, які не прызнае ні «ДНР», ні ўвогуле «Наваросію». Але цэнтральны вобраз карціны — перадусім Хрыстос, які кажа: «Даю вам запавет: любіце адзін аднаго». Запавет парушаецца тымі, хто падымае руку на братні народ, а гэта вялікі грэх. Што да магчымай крыўды... Вось мы кляймім нямецкі фашызм, але ж немцы за гэта не абражаюцца! То калі я паказаў ашчэр фашызму расейскага, чаго мусіць крыўдаваць расейскі народ? Тут трэба падзяляць.

— Але Аляксандар Лукашэнка, на выказваньні якога вы апіраліся, не вінаваціць у агрэсіі Расею. Паводле яго, у падзеях на паўднёвым усходзе Ўкраіны вінаватыя Майдан і Януковіч.

— Давайце будзем разважаць папросту. Вось у вёсцы дзьве хаты. У адной жыве мой бацька Антон Марачкін, у другой — сусед Іван Драмок. І вось яны канфліктуюць. А нейкі бандыт зь лесу дае Івану Драмку зброю, нацкоўвае яго на Марачкіна. І — пачынаецца варажнеча і вайна. Пытаньне — хто ў гэтым вінаваты? Адказ — бандыт-падбухторшчык. Хто падбухторваў і працягвае падбухторваць сэпаратыстаў? Расея. Пуцін аднекваецца, але гэта проста фарысэйства. На Данеччыне чые танкі — амэрыканскія, беларускія, грузінскія? Там чыя зброя? І танкі, і зброя — расейскія. Хай сабе там не ваюе рэгулярная расейская армія. Але там ваююць бандыты, якія прайшлі падрыхтоўку ў Чачні, у іншых канфліктных кропках, і іх забясьпечвае зброяй Расея.

— Затрыманьне ўдзельнікаў акцый на Крапівенскім полі пад Воршай стала ўжо сумнай традыцыяй. Сёлета гэтага не адбылося. Як вы лічыце — чаму?

— Таму што Ўкраіна адкрыла многім вочы на тое, чым ёсьць насамрэч расейская імпэрыя. Хто такі насамрэч — гэты наш сусед. Ён — агрэсар. Калі мы зьбіраемся на Крапівенскім полі, а нас улады затрымліваюць, — гэта недарэчнасьць. І паказальна, што сёлета абышлося бяз гэтага. На тым полі Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў, аршанскія мастакі ладзілі плэнэр, і на выставе прысутнічаюць творы з таго пленэру. Так што можна сказаць, наша выстава асьвечаная духам Аршанскай бітвы і яна закране душы гледачоў, я ў гэтым перакананы.

— Самае знакамітае палатно «Аршанская бітва», напісанае невядомым мастаком у XVI стагодзьдзі, знаходзіцца сёньня ў Нацыянальным музэі Польшчы. На жаль, карціна ні разу не экспанавалася ў нас. А ці магчыма зрабіць зь яе копію, скажам, для Мастацкага музэю?

— Ідэя вельмі слушная, думаю, яе магчыма рэалізаваць. Я сам асабіста рабіў копіі партрэтаў для Музэю гісторыі Беларусі. Сапраўды — было б здорава. Там жа наша гісторыя, нашыя людзі. Мікола Купава падлічыў, што на той карціне каля сарака бел-чырвона-белых сьцягоў. Думаю, прыйдзе час, і копію можна будзе зрабіць. Тая «Аршанская бітва» павінна рэпрадукавацца на вокладках нашых падручнікаў па гісторыі.

— Нядаўна на сустрэчы з расейскімі журналістамі кіраўнік Беларусі прызнаў, што Бранск і Смаленск — гэта беларускія землі. А віцэ-прэм’ер Тозік сказаў, што «страціць беларускую мову было б жахліва». Вы верыце ў тое, што беларуская ўлада нарэшце павернецца тварам да айчыннай гісторыі і культуры?

— Веру і ня веру — 50 на 50. Любы гісторык, у тым ліку расейскі, ведае, чые былі Смаленшчына, Браншчына ці Беласточчына. У мяне ёсьць мапа Расейскай імпэрыі, здаецца, 1910 году, дзе пазначаныя беларускія землі. Згодна зь ёю прыкладна 50% нашых земляў адышло да іншых краінаў. Мы маўчым. А трэба нагадваць. І калі Лукашэнка нагадаў, то правільна зрабіў. Але якой шкоды нарабіў ён і ягоная ўлада за прамінулыя 20 гадоў! Я сустракаюся зь дзеткамі, якія ходзяць у беларускі ліцэй, размаўляю зь імі па-беларуску, а яны — не разумеюць! Бо ў нас скрозь расейская мова. А родная мова, я лічу, мацней за атамную зброю. І беларусы павінны гэта ведаць. Менавіта па мове Расейская імпэрыя будзе вызначаць сваю тэрыторыю. І калі ўсе мы будзем гаварыць па-расейску, то нас забяруць голымі рукамі. Таму беларуская мова — гэта ня толькі культурніцкая зьява, што сьведчыць пра нашу ідэнтычнасьць, гэта яшчэ і наша зброя.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG