Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Волкаў: Бамбарду Вітаўта цягнулі ажно сорак коней!


Мікола Волкаў

Мікола Волкаў

У Менску выйшла ў сьвет кніга маладога гісторыка Міколы Волкава «Артылерыя Нясьвіскага замка». Што зь сябе ўяўляла «бамбарда князя Вітаўта», якую цягнулі дваццаць параў коней? Якую ролю адыграла артылерыя ў Бітве пад Воршай? Дзе цяпер знаходзяцца знакамітыя радзівілаўскія гарматы? Аўтар кнігі — госьцем перадачы.

— Мікола, за такую кнігу вам варта надаць званьне ганаровага госьця замка Радзівілаў у Нясьвіжы. А чаму вы заняліся такой незвычайнай тэмай — сярэднявечнай артылерыяй?

— Усё пачыналася з замкаў. Калісьці ў юнацтве я пабачыў кнігу пра замкі з цудоўнымі рэканструкцыямі Міхася Ткачова, і мяне гэтая тэма зацікавіла. Потым я стаў гісторыкам і займаўся абароназдольнасьцю замкаў. Пры якіх умовах той ці іншы замак мог абараніцца, а пры якіх — не. Абарончы патэнцыял замка залежаў шмат у чым ад узбраеньня. Так я пачаў шукаць інфармацыю пра гарматы з Нясьвіжу, капаўся ў архівах, шукаў іншыя крыніцы. Мяне заінтрыгаваў таксама пакручасты лёс гэтых гарматаў, ён быў вельмі незвычайны. Я зразумеў, што гарматы можна паказаць ня проста стралялкамі нейкімі, а як цудоўныя творы мастацтва, як гістарычныя артэфакты. Урэшце матэрыялаў назьбіралася на цэлую кнігу. Я ўдзячны выдаўцу Андрэю Янушкевічу, прафэсійнаму гісторыку, за яе выданьне. Увогуле за тое, што ён не выдае пуставатую бэлетрыстыку, якой у нас цяпер вельмі шмат, якую піша хто заўгодна. Ён хоча, каб сапраўдныя гісторыкі, якія маюць сумленьне, пісалі кнігі, даступныя для шараговага чытача.

— Сапраўды, ілюстрацыі ў кнізе можна разглядаць падоўгу — столькі на тых гарматах розных выяваў, надпісаў. Што яны мелі азначаць?

— Гарматы насамрэч вельмі прыгожыя. Там вельмі складаная сымболіка. Зразумейце, для нас гармата — найперш функцыянальная рэч, якая мусіць страляць. Здаецца, навошта яе ўпрыгожваць? А вось для людзей таго часу гэта было натуральным. Выявы і дэвізы на гарматах «працавалі», аказвалі псыхалягічнае ўзьдзеяньне. Адна з самых шыкоўных гарматаў — «Гідра». На ёй сядзіць пачвара з крыламі, зь сямю галавамі. І дэвіз на гармаце: «Уздымаю чорную хвалю і сею сьмерць». Іншы цікавы прыклад — гармата ў выглядзе калёны, якая ўся патрушчаная, і выглядае, быццам сама гармата патрушчаная. Насамрэч яна проста зробленая ў такой форме, і ўсё гэта перавязана вяроўкамі. Тут мы маем справу з творам мастацтва, якое, на жаль, зьнішчаецца. Трэба паспрабаваць яго ўратаваць.

Гармата «Гідра». Майстар Герман Мольцфэльт. 1599 г.

Гармата «Гідра». Майстар Герман Мольцфэльт. 1599 г.

— А дзе адліваліся нясьвіскія гарматы?

— Завод па адліваньні гарматаў — людвісарня — ня быў вялікім прадпрыемствам з сотнямі рабочых. Усё рабілі людвісары, ці гісары. Радзівілы наймалі гэтых майстроў за мяжой і прывозілі да сябе ў Нясьвіж.

— Гарматы адліваліся проста ў замку?

— Так, проста ў замку. Там стаяла людвісарня, і знакаміты нямецкі майстра Герман Мольцфэльт адліваў гэтыя гарматы. Каб іх зрабіць, трэба было мець вельмі высокую кваліфікацыю. І яшчэ я хачу адзначыць вялікую ролю Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Гэта ён узьвёў замак і замовіў гарматы. Ён запрасіў Мольцфэльта ў Нясьвіж, хоць замовіць гарматы ў Вільні ці нават у Нямеччыне было таньней. Але ён выпісаў майстра, заплаціў яму грошы, паставіў людвісарню, прывёз матэрыял. Ён сам хацеў кантраляваць працэс. І гэтыя гарматы, гэтыя творы мастацтва — нібы крык душы Мікалая Крыштафа Радзівіла.

— Чытаю ў вашай кнізе цытату з сярэднявечнага дакумэнту: «Гармата веліка велмі, Галка іменем, везяху ея на сороце конях». Няўжо сапраўды былі такія гарматы, якія мусілі цягнуць ажно дваццаць параў коней?

— Гэта артылерыя позьняга Сярэднявечча. «Гармата веліка велмі» — так званая бамбарда Вітаўта, яе сапраўды цягнулі сорак коней! Падобныя гарматы былі малаэфэктыўнымі ў пляне разбурэньня. Тая ж Вітаўтава бамбарда стрэліла толькі аднойчы... Не, калі такая гармата пацэліць, то можа насамрэч праламаць сьцяну ці вежу зьнесьці. Але яна часта сама ўзрывалася і магла пазабіваць сваіх жа людзей. У чым была перавага такіх гарматаў? Яны аказвалі вельмі моцны псыхалягічны ціск. Калі такая гармата пад’яжджала пад замак і страляла, дух абаронцаў моцна падаў. Яна мела каменныя ядры да 50 см у дыямэтры і калі некалькі разоў прыкладалася ў адно месца, то прабівала мур, і штурмаваць умацаваньні рабілася прасьцей.

Герб Пагоня на гармаце Жыгімонта І Старога. 1529 г.

Герб Пагоня на гармаце Жыгімонта І Старога. 1529 г.

— Гарматы ў Нясьвіжы сёньня можна пабачыць нават на фасадзе замка — я маю на ўвазе мастацкую ляпніну. А ці зьберагліся тыя, з Радзівілаўскага арсэналу?

— У Нясьвіжы іх няма. На жаль, яны былі вывезеныя зь Беларусі немцамі ў 1942–1943 гадах у Бэрлін. Потым трапілі ў тагачасны Ленінград, а пазьней савецкія ўлады аддалі іх Польшчы. І цяпер у нас няма ніводнай з тых прыгожых гарматаў Радзівіла Сіроткі. Але надзея адшукаць штосьці з тае калекцыі ёсьць. Нашы найвялікшыя скарбы ляжаць у зямлі. І адзін з такіх скарбаў быў знойдзены ў 2010 годзе, калі вялася рэканструкцыя замка. Чысьцілі роў і знайшлі там жалезную гармату, якую хутчэй за ўсё швэды затапілі ў 1706 годзе. Так што адна арыгінальная гармата — у наяўнасьці ў Нясьвіжы. Хоць жалезная не такая прыгожая, як бронзавыя. Магчыма знайсьці і другія гарматы, якія расейскае войска магло затапіць, маглі самі Радзівілы схаваць і не знайсьці. Знаходкі магчымыя, але тут трэба праводзіць складаныя дасьледаваньні.

Гармата, знойдзеная ў Нясьвіжы ў 2010 г.

Гармата, знойдзеная ў Нясьвіжы ў 2010 г.

— Гарматныя ядры з каменю ці чыгуну, яны цяжкія. Растлумачце мне, недасьведчанаму, як такім ядром можна было стрэліць са... скураной гарматы? Былі ж, як вы пішаце, і такія.

— У артылерыі, пачынаючы з XIV стагодзьдзя, было вельмі шмат экспэрымэнтаў. Паступова іх колькасьць зьмяншалася, гарматы стандартызаваліся. Скураныя гарматы — адзін з такіх экспэрымэнтаў, прыдуманых у Швэцыі. Швэды хацелі стварыць рухомую, лёгкую палявую артылерыю на аснове скураных гарматаў. Жолаб рабіўся зь ліставога жалеза, абкручваўся скурай. Можна было страляць. Але неўзабаве стала зразумела, што скураныя гарматы хутка псуюцца, зношваюцца, і ад іх у войску адмовіліся. Яны засталіся для паказу ў калекцыях. Вось і Міхал Казімер Радзівіл Рыбанька прывёз адну такую скураную гармату ў Нясьвіж з Жоўкаўскага замка. Я думаю, яна была яму — як забаўка для дзіцяці.

— Падчас Другой сусьветнай артылерыю называлі «богам вайны». А якую ролю адыгрывалі гарматы ў тагачасных бітвах? Скажам, у Бітве пад Воршай.

— Артылерыя адыгрывала вельмі важную ролю ў бітвах пачынаючы ўжо з XVІ стагодзьдзя. Якраз у Бітве пад Воршай яна і выявіла сваю сілу. Прычым сіла гэтая праявілася ня ў колькасьці забітых, а найперш у псыхалягічным узьдзеяньні. Пагадзіцеся, калі артылерыі ўдаецца зьнесьці першыя шэрагі нападнікаў, то гэта вельмі моцна ўражвае. Уявіце сабе, калі страляюць карцеччу... Псыхалягічны ціск быў вельмі моцны. Думаю, што дзякуючы якраз артылерыі Канстанціну Астроскаму ўдалося пераламаць хаду бітвы і прымусіць непрыяцеля да ўцёкаў. Хоць і шаблямі памахаць таксама давялося. Тут яшчэ адзін істотны момант варта адзначыць. Выкарыстаньне артылерыі ўскладняе арганізацыю войска. І тое, што мы выкарыстоўвалі артылерыю пад Воршай, паказвае, што ў нас вайсковая справа была на больш высокім узроўні, чым у маскоўскім войску.

Фрагмэнт карціны «Бітва пад Воршай». Невядомы мастак XVI ст.

Фрагмэнт карціны «Бітва пад Воршай». Невядомы мастак XVI ст.

— Вы як гісторык займаліся таксама фартэцамі, абарончымі збудаваньнямі. Як вы з гледзішча менавіта фартыфікацыі ацэньваеце той роў, які капаецца сёньня на ўкраінска-расейскай мяжы? Ён дапаможа абараніцца ад агрэсара?

— На мой погляд, гэта выглядае хутчэй як палітычны праект, імкненьне ўкраінскіх уладаў зрабіць яўнай мяжу паміж Украінай і Расеяй. Войны сёньня вядуцца зусім іншымі спосабамі, тым больш гібрыдныя войны. Там не ідзе наступ франтамі, там няма так званых «дывановых» бамбаваньняў. І любы роў на сучаснай вайне не эфэктыўны. Але нейкія ж пляны ва ўкраінскіх уладаў ёсьць, грошы ж выдзяляюцца. Але, паўтаруся, як па мне, той роў — хутчэй псыхалягічная і палітычная акцыя.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG