Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля пампэзнага сьвяткаваньня Дня Перамогі цалкам лягічнаю была б нейкая рэфлексія. Яе паспрабаваў зрабіць Алесь Чайчыц у сваім блогу на нашым сайце «Вайна ня можа быць нацыянальнай ідэяй». Аўтар працягвае абмяркоўваць старое пытаньне — на якой глебе мае адбывацца нацыянальнае і дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі.

Галоўны тэзіс Алеся Чайчыца палягае ў тым, што «вайна 1939–1945 гадоў ня можа быць нацыянальнай ідэяй Беларусі». Бо яна не была вайной за беларускую незалежнасьць. Калі б аўтар на гэтым спыніўся, то не было б прадмета для спрэчкі.

Але сп. Чайчыц пайшоў далей і стаў адмаўляць самую ідэю вайны як аснову для фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці. «Нацыянальную ідэю трэба грунтаваць на пазытыўным ідэале, а не на страху і болю ад вайны», — піша аўтар. І ў якасьці такога пазытыўнага ідэала прапануе ўзяць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Ідэя добрая, і, напрыклад, я асабіста «за». Але ёсьць адна праблема. Досьвед іншых краін паказвае, што гістарычная міталёгія фарміруецца па ўласных законах. Адзін з такіх законаў палягае ў тым, што нацыятворны гістарычны міт павінен быць гераічным. Глеба для фармаваньня амаль любой нацыі — гісторыя пра перамогу продкаў над нейкім ворагам, якая паклала пачатак паўнавартаснаму існаваньню гэтага народу.

Паглядзіце на любую краіну, і вы абавязкова знойдзеце такі гераічны міт, які абапіраецца на сапраўдную ці падрэтушаваную падзею мінулага. Гісторыя ЗША пачынаецца зь перамогі над брытанцамі ў вайне за незалежнасьць. Веліч Францыі здабыў Напалеон. Нямецкая нацыя сфармавалася ў выніку заваявальных дзеяньняў «жалезам і крывёю» Бісмарка. Аб’яднаньне Італіі адбылося ў выніку гераічных перамог Гарыбальдзі, які лічыцца сёньня італьянскім народным героем. Незалежнасьць балканскіх народаў фармавалася ў вызвольнай барацьбе з Асманскай імпэрыяй. Можна ўзгадаць і пра культ Балівара ў Лацінскай Амэрыцы. І гэтак далей.

Не асьветнікі, а найперш ваяры — галоўныя героі

Не асьветнікі, а найперш ваяры — галоўныя героі ў гісторыі, у кожнага народа свае чынгіз-ханы і жанны д’арк. Зразумела, ёсьць выключэньні, якія толькі пацьвярджаюць правіла. Я цяпер не раблю ацэнак, добра гэта ці дрэнна, а толькі канстатую факт.

Калі вяртацца да Беларусі, то праблема, на мой погляд, палягае ня ў тым, каб адмаўляць саму ідэю вайны як аснову для фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці, а ў тым, каб знайсьці сваю вайну. Дзеля таго, каб міт стаў нацыятворным, трэба, каб ён адпавядаў пэўным крытэрыям. Па-першае, гераічны подзьвіг продкаў павінен садзейнічаць фармаваньню беларускай нацыі. У гэтым сэнсе мае рацыю сп. Чайчыц, калі сьцьвярджае, што канцэпт «Вялікай Айчыннай вайны» замацоўвае савецкую, а не беларускую ідэнтычнасьць. Як і напалеонаўскі паход 1812 году — ня наша вайна.

Па-другое, гераічны міт павінен грунтавацца на перамозе. З гэтай прычыны наўрад ці згаданай мэце пасуюць паўстаньні Касьцюшкі ці Каліноўскага. Бо яны скончыліся паразай. Герояў-ахвяр у беларускай гісторыі, якія атрымлівалі «маральную перамогу», было шмат, але яны ўмацоўваюць комплекс нацыі-лузэра.

Па-трэцяе, падзея павінна існаваць у гістарычнай памяці народа. Бітва пад Воршай — цудоўны прыклад перамогі беларусаў. Але яна не існуе ў гістарычнай памяці беларускага соцыюму, не ўспрымаецца як сымбаль народнай велічы.

Ці можна памяняць гістарычную памяць, можа нават стварыць штучныя міты? У прынцыпе, так. Маем шмат прыкладаў. 70 гадоў савецкім людзям убівалі ў галовы, што Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта галоўная падзея ў гісторыі чалавецтва. Прайшло няшмат часу, і дзе цяпер тая рэвалюцыя? Шмат моладзі на постсавецкім абшары ўжо ня ведае, хто такі Ленін. Ці вось з дапамогай сучасных паліттэхналёгіяў зрабілі георгіеўскую стужку сымбалем Перамогі.

Дзеля штучнага стварэньня гістарычных мітаў патрэбныя рэсурсы дзяржаўнай улады і час

Але дзеля штучнага стварэньня гістарычных мітаў патрэбныя рэсурсы дзяржаўнай улады і час. Як паказвае найноўшая беларуская гісторыя, сымболіка гета ня можа перамагчы дзяржаўную міталёгію, нягледзячы нават на эпоху інтэрнэту.

Калі вяртацца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, то Аляксандар Лукашэнка, дарэчы, спрабуе аддзяліць беларускі канцэпт вайны ад савецкай гісторыі, стварыць уласную міталёгію. Кожны год, выступаючы перад Днём Незалежнасьці 3 ліпеня, ён пераконвае, што незалежнасьць Беларусі вырасла зь перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, зь беларускай партызанкі. Можна заўважыць акцэнт на самастойную ролю беларускага народа як асобнага і важнага суб’екта гэтай гістарычнай драмы, аднаго з галоўных пераможцаў у вайне.

Вось найбольш цікавыя тэзы:

  • фашысцкія пляны «бліскавічнай вайны» былі сарваныя ў Беларусі;
  • Магілёў трымаўся даўжэй, чым некаторыя эўрапейскія краіны;
  • у гісторыі не было такога масавага партызанскага руху, як у Беларусі;
  • дзякуючы партызанскаму руху беларускі народ захаваўся ў якасьці самастойнага этнасу;
  • фашыстам не ўдалося стварыць у рэспубліцы «пятай калёны»;
  • такіх ахвяр, якія панесла Беларусь, ня ведае ніводная эўрапейская краіна;
  • уклад беларускага народа ў барацьбу з фашызмам прызнаны сусьветнай супольнасьцю, з прычыны чаго рэспубліка стала адной з заснавальніц ААН.

Але поўнасьцю завяршыць гэтае аддзяленьне ад савецкай гісторыі і міталёгіі Аляксандар Лукашэнка і дзяржаўная прапагандысцкая машына ня могуць з шэрагу прычын, размова пра якія — асобная тэма.

І калі вяртацца да сьвяткаваньня 9 траўня, то застаецца толькі зьдзіўляцца, як вялікую трагедыю можна ператварыць у фарс. Я ня толькі пра пагоны генэралісімуса ў Колі. Ня менш увагі прыцягнуў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, надзеўшы форму камісара НКВД. Наўрад ці ён хацеў, каб цяперашні беларускі МУС асацыяваўся з злавесным сымбалем сталінскіх рэпрэсіяў. Але глядзеўся ён арганічна. Хіба што не хапала партрэта Берыі ў руках.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG