Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канцэрт #БНР100 сабралі талакой амаль палову сродкаў


На сайце Talaka.by на момант публікацыі сабрана 44% ад неабходнай для арганізацыі канцэрту сумы, амаль 9000 рублёў. Арганізатары атрымаюць усе сабраныя грошы, нават калі 100% не набярэцца або калі набярэцца больш за 100%.

Дырэктар Symbal.by Павал Белавус з кампаніяй арт-сядзібаўцаў, блогерам Эдуардам Пальчысам і дызайнэрам Аляксандрам Чабатаровым зьбіраюць грошы на сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прэзэнтацыя альбома Лявона Вольскага «Псыхасаматыка» ў Вільні, ілюстрацыйнае фота
Прэзэнтацыя альбома Лявона Вольскага «Псыхасаматыка» ў Вільні, ілюстрацыйнае фота

Яны зьбіраюцца зладзіць у Менску вялікі вулічны канцэрт на 25 сакавіка — Менгарвыканкам абяцаў дазволіць мерапрыемства, вядуцца перамовы аб выступе Лявона Вольскага, Сяргея Міхалка, гуртоў Dzieciuki, Krama і Neuro Dubel.

Плюсы і мінусы адзначэньня 100 год БНР ля Опэрнага

Але канцэрт не адзінае мерапрыемства кампаніі. Плянуюцца таксама розныя выставы і лекцыі, прысьвечаныя гісторыі БНР, агульнанацыянальная дыктоўка, квэсты (наступны — 9 сакавіка), сьпеўныя сходы, зборы подпісаў за «прабеларускія» ініцыятывы, сьвяткаваньне ў барах і кавярнях у розных гарадах, мэдыйная кампанія. У межах кампаніі ўжо прайшлі канцэрт на Дзень роднай мовы, збор подпісаў за беларускамоўную адукацыю, першыя лекцыі і выставы.

Прымаюцца і іншыя прапановы, а таксама заявы на ўдзел у арганізацыі сьвята ў якасьці валянтэра.

20 тысяч рублёў патрэбны для арэнды пляцовак, вырабу паліграфічнай прадукцыі, элемэнтаў экспазыцыяў выставаў, стварэньня тэматычных сайтаў, на рэкляму ў сацсетках, на білбордах і на радыё, а таксама на транспартныя выдаткі.

100-годзьдзе БНР зьбіраюцца адзначыць ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў Літве, Польшчы, Украіне, Вялікай Брытаніі, ЗША, Канадзе, Ізраілі і шмат якіх іншых месцах. Амаль усе сьвяточныя мерапрыемствы робяцца без удзелу дзяржавы (хоць асобныя дзяржаўныя чыноўнікі выказваюцца пра БНР без варожасьці).

Усё пра гісторыю БНР і сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР на Радыё Свабода >>

Падарожжа ў БНР на Радыё Свабода >>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG