Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская вэндэта. Па сьлядах «Нёманскіх казакаў»


Пра партызанскага камандзера Дзьмітра Дзенісенку, больш вядомага на Наваградчыне як Міцька, я даведаўся ад карэліцкага краязнаўцы Алеся Самца. Зімою 1942 году на хутары каля вёскі Новае Сяло падчас абʼяднаньня дзьвюх невялікіх групаў у адзін атрад камандзер адной групы, кубанскі казак Дзьмітро Дзенісенка, застрэліў іншага камандзера, уральца Дзьмітрыя Семянцова. Цела забітага кінулі проста ў канаву пры дарозе, перад гэтым гаспадарліва распрануўшы. Пахавалі Семянцова сяляне. Падчас забойства ў хаце былі былі толькі гэтыя два чалавекі, і што паслужыла прычынаю канфлікту, ужо ніхто ніколі не даведаецца дакладна. Але затое можна даведацца пра іншыя дэталі баявога шляху таварыша Дзенісенкі. Бо яшчэ жывыя байцы ягонага атраду.

У вёсцы Дольная Рута жыве разам з жонкай былы партызан Віктар Раковіч. У 1939-м яму было 16 гадоў. У той час ён аддана верыў у камуністычную ідэю, таму з радасьцю вітаў прыход Чырвонай Арміі. І ў 41-м, па прыходзе немцаў, ствараў падпольную камсамольскую арганізацыю. А на пачатку 43-га пайшоў у партызаны да Дзенісенкі. Сухі невысокі мужчына з арыстакратычным тварам і калючым позіркам ня ўтойвае таго, што ведае пра свайго камандзера. І аказваецца, тое забойства свайго таварыша па зброі было ў біяграфіі Дзенісенкі ня першае. Перад гэтым было яшчэ адно. І таксама акружэнца, які меціў у камандзеры, Кліма Міронава.

— Як ствараўся атрад Дзенісенкі? У Сьвержні была піларама. Туды немцы прыгналі ваеннапалонных. І гэтыя былыя салдаты зьнішчылі ахову і ўсе пайшлі ў лес. Зайшлі ў вёску Беражна. І Дзенісенка быў у гэтай групе. А там стварыў атрад Клім Міронаў. Ну якія былі атрады тады? Па дзесяць чалавек. У Беражным хлопцы далі ім зброю. І нешта ім не спадабалася там. Хлопцы былі незадаволеныя Клімам. Якая прычына была? Побач у лесе разьмесьціліся некалькі габрэйскіх семʼяў. З тых, што паўцякалі зь мірскага гета. Клім зьвязаўся зь нейкай маладой габрэйкай. Хлопцаў пасылаў у вёску. Прынясуць хлеба і да хлеба. І хлопцы былі незадаволеныя, што Клім габрэяў тых падкормліваў. І вырашылі парваць з Клімам. Адзін селянін паказаў партызанам месца на Нёмане, дзе ўтоплены кулямёт. Яго дасталі з вады. Клім патрабаваў, каб кулямёт аддалі яму. Пачалася сварка. І падчас гэтай сваркі Дзенісенка стрэліў і забіў Кліма. Забіў свайго камандзера. І стаў камандзерам замест Кліма. Ці асуджалі яго? Баяліся пра гэта нават гаварыць. Узяў уладу.

Віктар Раковіч пайшоў у партызаны на пачатку 1943-га добраахвотна. Але далёка ня ўсе ішлі ў лес па сваёй волі. Сярод дакумэнтаў, датычных Асобнага казацкага атраду, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Беларусі, ёсьць і загад № 344 пра мабілізацыю жыхароў вёскі Бурносава Івана Бурака, Аляксандра Камко і Міхаіла Конюха, дзе ёсьць такія словы (прыводжу з захаваньнем мовы і арфаграфіі дакумэнту):

«В случае отказа пойти в партизаны выше указанных товарищей или побег из отряда считать их как предателей и пособниками немецких захватчиков, изменников родины за что каждый ис их будет подвергнут суровому наказанию партизанского движения. Каждый такой гад будет расстрелян как гитлеровские псы. Смерть фашистким окупантом!!!»

Атраду Дзенісенкі прысьвяціў сваю аповесьць «Нёманскія казакі» Янка Брыль. Вось як апісвае пісьменьнік галоўнага героя.

«Хлопцы, якія ганарыліся сваім званнем „казакаў“, гаварылі пра камандзера, што начальнік ён толькі там, дзе патрэбна. „Тады мяняецца адразу: першы ў агонь, а мы ўсе за ім!..“ Вымагальны, суровы, хітры. А потым — зноў хлопец-душа. Сам Дзенісенка гаворыць, што ён заўсёды хацеў аднаго, — каб таварышы яму верылі».

Усё праўда. І суровы, і хітры. Але ў чым была суровасьць? І ў чым хітрасьць? І што за мікраклімат, кажучы сёньняшнімі словамі, панаваў у атрадзе? Паслухаем Віктара Раковіча.

— Быў такі выпадак. Прыйшлі два хлопцы з Краснага. Прывялі іх у атрад. Камандзер да мяне. «Ці можна іх узяць?» Я кажу, што за аднаго паручуся. Бо знаю яго бацьку. Мэханікам працаваў на карэліцкім млыне. З рабочага класа. А за другога я не ручаюся. І першага ён забраў у атрад. А другі пайшоў у атрад «Камсамолец». Ну што атрымалася? Паехалі партызаны неяк у Краснае. Той, за каго я ручаўся, зайшоў дахаты. Бацька ягоны за вінтоўку. Пакой замкнуў. А сам пабег у паліцыю. Чуем — страляніна. А гэта паліцыя нашых перастрэла. Ну што ж. Паехалі ў Краснае. Забралі яго ў атрад. Зачыталі загад і расстралялі перад строем. Ён быў невінаваты ні ў чым, гэты Марцінеўскі. Але такі загад Дзенісенкі.

А яшчэ суровы камандзер расстрэльваў сваіх байцоў. Тых, што заснулі ў дазоры. Мог быць расстраляны і мой суразмоўца.

— Я аднойчы на пасту заснуў. Колькі начэй ня спаў. Пакуль на сонцы стаяў, ня спаў. Я як сеў, так і задрамаў. Хлопцы прыбеглі, а я кімару. А перад гэтым на пасту задрамаў Міця Шавейка. Гадоў трыццаць яму было. Расстраляў. Гэтыя ягоныя ўчынкі і я асуджаю. Але ў той час, здаецца, зь некаторымі я б таксама распраўляўся б. Вы чаго пайшлі ў партызаны? Каб пʼянстваваць і рабіць невядома што? Дзенісенка так сказаў: «Калі пʼяны прыехаў з заданьня — расстрэл». Кожны гэта ведаў.

Зрэшты, далёка ня ўсім пагражаў расстрэл. Да некаторых байцоў Дзенісенка быў «хлопцам-душой». У той жа тэчцы пра баявы шлях Асобнага казацкага атраду ёсьць дакумэнт пра пакараньне Алега Чачоткі. Гэты чалавек у ноч з 1-га на 2-га ліпеня 1943 году забіў жыхара Вялікай Слабады Мікалая Санько. Як напісана, «при вымогательстве красной юбки». Чым жа заплаціў за забойства баец Чачотка, аматар чырвоных спадніц? Месяцам партызанскай турмы. Усё.

Ірына Сілко, ураджэнка вёска Тарасавічы, пакуль дазвалялі сілы, даглядала магілу забітага камандзера Дзьмітрыя Семянцова. Кабета добра памятае абодвух Міцькаў. І яе сымпатыя на баку забітага.

— Чаму Дзенісенка забіў Семянцова? Мо таму, што большасьць партызанаў была за Семянцова. А як яго забілі, дык такое пачалося! Немцы днём стралялі, а тыя ноччу. Партызаны што хацелі, тое і рабілі. І зьбівалі людзей, і стралялі, і палілі.

А вось тое, чаго не прачытаеш у Брыля і што адкрываецца толькі сёньня.

— Дзенісенка зьнішчыў вельмі многа мірнага насельніцтва. У нашай вёсцы яны забілі і спалілі дзьве сямʼі зь дзецьмі! У Вялікай Слабадзе забілі дзьве сямʼі, дзе хлопчыкі іх вучыліся ў Наваградзкай гімназіі. Прыйшлі гэтыя хлопчыкі дадому. Дык партызаны прыйшлі, забралі гэтых хлопчыкаў, бацькоў. І што яны зь імі рабілі? Была такая размова, што аднаго бацьку прывязалі да дрэва і зьдзіралі скуру зь яго. Хто гэта рабіў, я не магу сказаць, але знаю, што з гэтага атраду. Дзе камандзерам быў Дзенісенка.

Падобныя магілы я ў Беларусі сустракаю ня першы раз. Магілы часоў нямецкай акупацыі, у якіх пахаваныя цэлыя семʼі. Ёсьць такая магіла ў Багданаве, дзе партызанамі была зьнішчаная сямʼя солтыса. Ёсьць такая магіла ў Варончы, дзе партызаны зьнішчылі сямʼю шляхціцаў Чарноцкіх. Колькі такіх магіл па ўсёй краіне, невядома, бо пра гэтыя апэрацыі савецкія гісторыкі партызанскага руху не пісалі. Пра іх можна пачуць толькі ад сучасьнікаў тых падзеяў і ад сваякоў забітых. На могілках вёскі Тарасавічы побач стаяць два помнікі. На адным напісана наступнае: «Тут пахаваная сямʼя Ракач. Бацька Ўладзімер жыў 33 гады. Маці Марыя жыла 35 гадоў. Дачка Ніна жыла 10 гадоў. Сын Віктар жыў 6 гадоў». На другім помніку надпіс паведамляе, што «трагічна загінулі Шаўко Ануфрый, жонка Марыя, дзеці Ганна, Аляксандар, Ніна і Ўладзімер. Дата сьмерці на абодвух помніках аднолькавая — 13 жніўня 1943 году. Родны пляменьнік Марыі Ракач Іван Віктаравіч Шаўко неўзабаве разьмяняе дзясяты дзясятак. Гэта ён паставіў помнік сваім забітым сваякам.

— Марыя — гэта мая цётка. Сястра маці. Іх сыны пайшлі ў партызаны. Немцы рабілі блякаду ў Налібацкай пушчы супраць партызанаў. Я і сам быў у гэтай блякадзе. І прыйшлі яны, гэтыя хлопцы, дадому. Але да партызанаў не вярнуліся. Пайшлі ў батальён Рагулі. Партызаны перадалі вестку: «Хай Уладзік вяртаецца ў атрад, інакш будзе блага». Цётка казала: «Мы ж невінаватыя, мы яго не адпраўлялі». І вось у суботу ўвечары прыехалі партызаны. Забілі, папалілі іхныя хутары. На загад Дзенісенкі. Дзецям было гады па чатыры, пяць. Схваліся пад стол гэтыя дзеткі. Пад сталом іх знайшлі. Цела дзядзькі знайшлі на дварэ. Крычаў на ўсё горла. Білі. Ён не згарэўшы, а пабіты быў. А ў згарэлай хаце пад сталом знайшлі дзяцей. Пастрэляныя, галовы папрабіватыя. Во якое зьверства было! А тыя двое засталіся жывыя. Мой стрыечны брат адседзеў 25 гадоў. Валодзя Ракач. А той я ня ведаю, дзе падзеўся. Казалі, што ў Любчы загадваў млыном. Шэўка Мікалай.

Той Мікалай Шэўка насамрэч не пайшоў ні ў БКА, ні ў паліцыю. Ён пайшоў у іншы партызанскі атрад, у «Камсамолец». Таму і не сядзеў па вайне ў лягеры. За што пацярпела сямʼя?

Віктар Раковіч, выведнік «Нёманскіх казакаў», цалкам адмаўляе гэты эпізод. Маўляў, не маглі партызаны зьнішчыць сваякоў. Але мне сказалі, што ў Дзятлаўскім раёне, у вёсцы Вензавец, жыве яшчэ адзін баец атраду Дзенісенкі, Сьцяпан Лейка. Журналістаў вэтэрану прымаць не ўпершыню. Спачатку я слухаў доўгі аповед пра баі з паліцаямі, а пасьля прыгадаў Тарасавічы. І пры гэтым слове былы партызан здрыгануўся.

— Тое, што адбылося ў Тарасавічах, гэта было на загад Дзенісенкі зроблена ці гэта свая ініцыятыва помсты? Гітлераўцы зьнішчаюць нашы семʼі, а мы будзе зьнішчаць іхныя.

— Гэта, вядома, загад Дзенісенкі. Расстраляць усю сямʼю.

— А хто гэта рабіў?

— Там не пыталі. Каму загадаюць, той і рабіў. — Сьцяпан Лейка ведае, хто выканаў у Тарасавічах той загад Дзенісенкі. Але назваць выканаўцаў наадрэз адмовіўся. Як і гаварыць далей на гэтую, ня вельмі гераічную, тэму.

Пра тое, што адбылося на хутарах ля Тарасавіч, колькі я ні шукаў, але нічога не знайшоў у партызанскіх дакумэнтах. Але Алесь Самец зьвярнуў маю ўвагу на справаздачу пра баявыя дзеяньні Асобнага казацкага атраду за жнівень 1943 году, дзе ў пункце 6 напісана наступнае:

«По возвращении в свой район немедленно через агентуру на сёлах выявились шпионы и провокаторы на деревнях, которых после опроса судили военно-полевым судом».

Спадар Самец павез мяне ў вёску Баўцічы, дзе на могілках паказаў яшчэ адну сямейную магілу — сваіх сваякоў, забітых партызанамі таксама ў 1943 годзе.

— Сямʼя цалкам зьнішчаная партызанамі. Сямейная пара, жанчына цяжарная. Яе бацькі і цётка. За што? Я пытаўся ў свайго дзядзькі. «А яна вельмі многа балбатала». Што значыць «балбатала»? А гаварыла, што партызаны ваююць ня зь немцамі, а з мясцовымі жыхарамі. Рабуюць мясцовае насельніцтва. Ну, дайшло да партызанаў. Прыйшлі ноччу і пабілі. У жывых засталося двое дзяцей. Адзін саракавога году, тры годзікі было. А другі трохі старэйшы, годзікаў пяць. Яны выжылі. Адзін пад печчу схаваўся, а другі на ложку быў завалены падушкамі. Іх забраў мой стрыечны дзед і выхоўваў. А побач пахаваны мой родны дзед. Яго забілі таксама ў 43-м годзе за тое, што мой бацька быў у партызанах. Прыйшлі з паліцыі і застрэлілі.

Дзьве магілы аднаго роду. У адной ахвяры партызанаў, у другой ахвяра паліцыі.

У вёсцы Ярэмічы, у сквэры каля школы, стаіць стандартны бэтонны абэліск у гонар савецкіх партызанаў. На прымацаванай мэталічнай шыльдзе ідзе пералік тых шасьці брыгад, якія дзейнічалі ў гэтых мясьцінах. Але шыльда гэтая ня першая. Тая, што была ад пачатку, была вяскоўцамі разьбітая на кавалкі. Па сутнасьці, у сярэдзіне 70-х адбыўся акт ванадлізму, калі не сказаць нават больш. Антысавецкі выпад. Але факт той замаўчалі. Гісторыю замялі і прымацавалі новую шыльду, якую мы бачым сёньня. А што ж было на той першай і чаму яна выклікала такую рэакцыю людзей? А было на ёй адно імя — Міцькі Дзенісенкі. Пра гэты выпадак з абэліскам мне распавёў жыхар Ярэмічаў, Леанід Рыжкоўскі.

— Гэты помнік паставілі ў сярэдзіне 70-х гадоў. Там спачатку была мармуровая шыльда, дзе было напісана, што помнік пастаўлены ў гонар 1-га кавалерыйскага партызанскага атраду Дзенісенкі. Правісела яна месяцы тры. Абурыліся ўсе. Бо на гэтай тэрыторыі дзейнічала шмат атрадаў. Ён быў ініцыятарам гэтага помніка. Спачатку хацеў яго паставіць у Новым Сяле. Але там былі супраць, бо Новае Сяло спалілі празь Дзенісенку. Яны базаваліся за Нёманам, а туды прыяжджалі вечарамі пакуціць. І ён называў Новае Сяло Масквой. Немцы, маўляў, сюды хадзіць ня будуць. Дык вось, як гэтую шыльду разьбілі, хутка зьявілася іншая, дзе былі пералічаныя ўсе партызанскія злучэньні. А супраць Дзенісенкі народ быў настроены агрэсіўна.

За што ж такая нелюбоў была ў жыхароў Ярэмічаў да легендарнага камандзера? У Ярэмічах акупанты зьбіраліся зрабіць паліцэйскі пастарунак. І, каб перашкодзіць плянам гітлераўцаў, міцькаўцы вёску проста спалілі. Не абышлося і без ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Слова спадару Леаніду:

— Тут было каля паўсотні паліцаяў. Яны разьмясьціліся ў будынку школы. Партызаны наступалі з боку Міру, а Міцькаў атрад быў за Нёманам. І запальнымі кулямі стралялі па хатах. Стрэхі ж былі саламяныя, Ярэмічы і згарэлі. Загінула адна паліцыяніха. Бабка выбегла на вуліцу, куля трапіла ў яе. Ці паліцэйская, ці партызанская — невядома. І загінула Забаўская Лукера. Спала ў гумне, гумно загарэлася. Памерла ад апёкаў. Яны спалілі вёску, каб ня даць магчымасьці немцам зрабіць тут участак паліцэйскі. Бо няма будынкаў, ня будзе і ўчастка.

Загад пра зьнішчэньне Ярэмічаў захаваўся. Прыводжу цытату.

«Местечко Еремичи сжечь и весь скот конфисковать в пользу партизанских отрядов».

На Карэліччыне што ні вёска, то свая трагічная гісторыя, зьвязаная з Дзенісенкам. Вось што я пачуў ад ураджэнкі вёскі Нягневічы, Жаны Навары.

— Раскажу гісторыю сямʼі Альжбэты і Аксенція Сазановічаў. Муж іхнай старэйшай дачкі Клаўдзіі пайшоў на фронт. Клаўдзія засталася з гадавалым дзіцем. Жыла ў сваіх бацькоў, зь дзьвюма сёстрамі, 16 і 5 гадоў, і двума братамі, 12-гадовым Лёнем і 10-гадовым Валодзем. Яшчэ ў хаце жылі старыя бацькі Альжбэты. Дзенісенку яна спадабалася. Яна ня стала зь ім спаць. І аднойчы раніцай прыйшлі і ўсіх расстралялі. Нават немаўля не пашкадавалі. Жывой засталася толькі 5-гадовая Ксенія — яе трупамі заваліла. Палічылі, што яна мёртвая. Я памятаю, як яна расказвала. Халодна. Пах крыві салёны. Прыйшлі сабакі, ліжуць кроў. Некага абʼядаюць, бо галодныя. І ніхто ня можа зайсьці, бо баяцца. Бо тыя, хто будуць хаваць, могуць стаць наступнымі. Яны забілі дванаццаць чалавек! Бо ў хаце зь імі жыла яшчэ адна салдатка зь дзіцем. Адзін дзесяцігадовы хлопчык прадраўся праз саламяную страху. Там яго і падстрэлілі. Гэта было ў Нягневічах. Яны ўсе пахаваныя на нягневіцкіх могілках.

А вось яшчэ адна гісторыя. Ад ураджэнкі вёскі Некрашэвічы Ганны Аніскевіч. Пра паліцыянта Мікалая Давыдава, ягонага брата Івана ды Іванаву каханую Валянціну.

— Мікола Давыдаў пайшоў у паліцыю. Была сямʼя вялікая. Дзьве дачкі, два сыны. Ад нашай вёскі пайшлі ў паліцыю Валодзя Грымяка, Гілік, ня памятаю імя, і Мікола Давыдаў. А ў Міколы Давыдава быў меншы брат Іван. Той не хацеў нікуды ісьці. І баяўся, каб ноччу партызаны не схапілі яго. А насупраць жыла дзяўчына Валя. І яны з Іванам любіліся. І аднойчы яны сядзелі ў Валі, мілаваліся. А ўжо позна. Яна яму: «Ідзі дадому». А той: «Баюся, могуць партызаны прыйсьці». А тая: «Не. Ідзі! Бо суседзі ўбачаць, што ты ў мяне сядзіш». І яна яго выправіла дахаты. Раніцай Давыдавы не выходзяць. Людзі пайшлі адмыкаць дзьверы — на парозе забітая маці, яна адчыняла дзьверы. Далей прайшлі — бацька застрэлены. Як быў з цыгаркай у зубах, так з цыгаркай і ляжыць. У Міколы была сястра. Байстручок у яе нарадзіўся. І гэтае дзіця ляжала разам з маці. Нават цыцку з роціка ня выняла. Карміла яна яго. Па ім чаргою аўтаматнай. У дзіцяці мазгі на падушцы, цыцка ў роціку. А Іван спрабаваў уцячы. Праз лаз на гарышча. Ён схапіўся за дзьверы, каб выскачыць. І па ім чаргу. Ён так і закасьцянеў. І людзі не маглі адарваць. Ламалі пальцы, каб ад гэтай клямкі адарваць рукі.

Пра дэталі гэтых распраў слухаць страшна. А Ганна Ўладзімераўна ўсё гэта бачыла.

— Пасьля іх хавалі. Івану асобную зрабілі труну. А жанчыну зь дзіцем, бацьку і маці паклалі ў вялізную дамавіну. Я да гэтай пары не магу забыць тую карціну. Людзі плакалі, я стаяла плакала. Валя вынесла заслончык, села каля труны і плакала. Любімы чалавек. За што? За што застрэлілі?

Дык няўжо сярод партызанаў сабралося столькі нелюдзяў і садыстаў? Ці ня крыецца адказ ў далейшай гісторыі паліцыянта Мікалая Давыдава, які пачаў помсьціць — у вёсцы Новае Сяло зьнішчаць семʼі партызанаў, таксама з жанчынамі і дзецьмі. Раскручваючы махавік гэтай вэндэты. І ўжо ў партызана, у якога зьнішчылі сямʼю, рука не дрыжэла над калыскай паліцэйскага дзіцяці.

— Мікалай тыдзень хадзіў не ў сабе. Ня еў, ня піў. Праз тое, што загінулі ўсе родныя. А потым паехалі на нейкае заданьне ў Новае Сяло. І ў Новым Сяле, кажуць, заходзіў і страляў, заходзіў і страляў. Маўляў, вы, партызаны навасельскія, застрэлілі маю сямʼю ў Некрашэвічах, а я разьлічуся з вашымі семʼямі. Вось такі самасуд рабіў ён.

Мікалая Давыдава органы МГБ схапілі на тэрыторыі Польшчы, дзе той спрабаваў схавацца. Валянціна выйшла замуж у родных Некрашэвічах, дзе і дажыла свой век. Ад магілы Дзьмітрыя Семянцова, камандзера, якога забіў Дзенісенка, каб узяць уладу над атрадам, не засталося і сьледу. Толькі краязнаўца Алесь Самец змагаецца, каб валун у ягоны гонар быў пастаўлены пры дарозе. А сам Дзенісенка пражыў свой век у пашане, быў старшынём пасялковага савету ў Любчы. Зь яго пісалі карціны самадзейныя мастакі. Ён памёр у 1989 годзе. Ягоную скуранку, кішэнны гадзіньнік ды сядло можна пабачыць у наваградзкім музэі.

Скончым жа мы наша падарожжа аповедам любчанкі Алены Новік. Пра тое, як хавалі героя.

— Але ж і страшна хавалі! Як памёр Дзенісенка, пайшлі на пахаваньне ўсе. Ён паўстаўляў сабе адныя залатыя зубы. Золата хапіла... За вайну. Ён як памёр, золата тое дасталі. Панесьлі яго на могілкі. Трэба ж мне ў нагах у яго было стаць! Сківіца адвальваецца. Бо трэба ж адразу завязваць, каб устыла. Як сталі разьвітвацца, а ў яго рот адкрыты! Аж язык быў відаць — так адвалілася тая сківіца. На той сьвет пайшоў з ротам разяўленым.

Мапа Падарожжаў Свабоды

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG