Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ раз пра Армію Краёву: «У каго яны пабудуць у хаце, тым 25 гадоў давалі»


Байрашы. Івейскі раён.

Байрашы. Івейскі раён.

Няўжо ў Беларусі ёсьць людзі, для якіх 9 мая ня сьвята і для якіх вайна ня скончылася ў той дзень 1945 году і ў якіх самыя страшныя ўспаміны зьвязаныя з паваеннымі гадамі? Гэтым разам Зьміцер Бартосік выпраўляецца ў вёску Байрашы, што пад Іўем.

Тое, наколькі Беларусь затрымалася ў савецкім часе, асабліва бачна ў майскія сьвяты. Калі ў аздабленьні гарадзкіх вуліц пераважаюць чырвоны і зялёны колеры, з радыёрэпрадуктараў бясконцым патокам ліюцца савецкія ваенныя песьні, а ў тэлевізарах адзін за адным ідуць «Освобождение» ды Штырліцы. Часам можна паверыць, што сьвята 9-га мая сьвяткуюць ледзь ня ў кожнай хаце. Тым больш нечакана на сваё віншаваньне з Днём Перамогі пачуць ад старой кабеты словы, якія ня проста ня ўпісваюцца ў агульны пераможны марш, а проста адпрэчваюць яго.

— 9-га мая. Для вас гэта сьвята?

— Не. Мы яго не сьвяткуем. Нам яно ня сьвята.

— А чаму?

— Ну, глядзім тэлевізар. А якое яно нам сьвята? Іхны «дзень пабеды». Мне сем гадоў было. Але помню, што зьдзекаваліся. Што цягалі курыц з-пад печы. Партызаны. Гэта помнім добра. Што капалі ямы ды на полі сьвінчо трымалі.

Гэты дыялёг адбыўся ў маленькай вёсцы Байрашы, што схавалася ў лесе непадалёк ад трасы Менск — Гародня. Маёй суразмоўніцы Яніне Бічэль праз пару гадоў стукне 80. Але сілай і голасам гэтая статная кабета яшчэ можа падзяліцца з маладымі. Як і эмацыйнымі ўспамінамі.
— Пра партызан я магу казаць як хачу. Загаравалі дык загаравалі. Такі Сарнацкі быў, партызан. Невядома, ці жыве ён, той Сарнацкі. Прыйшлі кароўку браць. А там танцы былі, у той хатцы, дзе партызаны былі. Мама паляцела туды. І ён ня даў узяць гэтай каровы нашай. Так і засталася. Калі яшчэ жыве, хай яму Бог дае дабра. А каторыя... Забралі ўсе сукеначкі мае.

— Вашы дзіцячыя сукенкі забіралі?

— Былі пахаваўшы матэрыял. Ну, і тут прыехала швачка, дасталі, каб пашыць. І якраз прыйшлі. Што горшае, тату на рукі. Што лепшае — сабе. Нажываліся. Каб ім на тым сьвеце дабра не было. Тыя, што ў нашай акрузе былі.

— А імёны ня памятаеце?

— Адзін з Байрашоў. Сак. Ёсіф Сак. Ён і цягаў усякія тавары нашы.

— Ён рабаваў?

— А што ж ён рабіў? Але яго пасьля застрэлілі.

— А хто застрэліў?

— Хто ж ведае?

Хто страляў савецкіх партызан у гэтых мясьцінах, добра вядома. Армія Краёва. І тая страляніна не канчалася да 50-х гадоў. Да размовы далучыўся сусед Яніны Віктар Поль. Стары ўскопваў гарод, але, пачуўшы нашу размову, ня мог змаўчаць.

— Хадзілі да 51-га года. Гэта былі белыя нашы мясцовыя людзі. Якія савецкую ўладу ненавідзелі.

— Палякі таксама былі з Польшчы?

— У нас тут, у заходняй Беларусі, шмат палякаў. Каторыя ішлі ў партызаны, забіралі сілаю, а каторыя не ішлі ў партызаны, а ішлі ў банды. Белыя. Іх называлі Краёвая Армія.

— І ў каго яны пабудуць у хаце, тым 25 гадоў давалі. Пасьля павыпускалі. Колькі здароўя людзі патрацілі па турмах!

Падпольная Армія Краёва ў Беларусі налічвала сотні людзей. Апошні яе чалец, Вацлаў Озім, быў забіты ў красавіку 1954 году. Празь дзесяць гадоў пасьля афіцыйнага вызваленьня. Роўна 60 гадоў таму. Каб весьці на працягу дзесяці гадоў падпольную вайну, вынік якой вядомы загадзя, трэба было вельмі моцна ненавідзець новую ўладу. І было за што. Вельмі часта старыя заходнікі як самы страшны год узгадваюць не 39-ты і не 41-шы. А пачатак 40-га. Час масавых высылак. Калі людзі замярзалі ад лютаўскага саракаградуснага марозу. Для Марыі Буднік люты саракавога — таксама самы жахлівы час. Ёй тады было 19 гадоў. Тады замерзла трое дзяцей яе суседа Даўгуля.
— Чые дзеці памерзьлі па дарозе ў Юрацішкі?

— Даўгуля.

— А хто ён быў?

— Мясцовы. Зь вёскі з гэтай. Просты селянін. Але выпіць то любіў. П’яніца быў. Гэта раптоўна было. 40 градусаў марозу.

— А яго за што, простага селяніна?

— У польскай арміі быў. Як вайна ў 20-м годзе была. Добраахвотна ў армію ішлі.

— Хто ў 20-м годзе ваяваў?

— Тых і бралі. Усю беднату. Гэта людзі папрыяжджаўшы былі. Беднату. Гэта такое страшнае было, што няма чаго сказаць.

— А як яны даведаліся, што вось канкрэтны гэты чалавек, гэты Даўгуль, служыў у 20-м годзе? Праз архівы даведаліся ці ім падказалі людзі?

— Архіў! Дзе там людзі!

— Людзі не выдавалі?

— Не! Бедната была. Яны яшчэ не абжыліся.

Але вернемся да Яніны і Віктара. Па словах Віктара Поля, тут асабліва горача было ў 49-м годзе.

— У Галунавічах два баі былі з савецкімі войскамі. Тут аднаго падкупіўшы былі. Радыё яму даўшы. Як толькі банда ў вёску, дык ён у Юрацішкі пазвоніць, і два разы Галунавічы выпаліўшы былі. Біліся. З тае вёскі чатыры чалавекі было ў бандзе гэтай. Сувязь мелі добрую. Дзе танцы, дзе што, прыходзілі. Удзень яны па лясох былі, а ноччу ў вёску, да людзей.

— Ад бою запалілі. Ці адмыслова запалілі. Будынкі былі страха да страхі.

— Гэта быў які год?

— 49-ты. Аднаго паранілі. Завезьлі ў бальніцу ў Юрацішкі, вылечылі. А ён вызнаваў, дзе хто быў. І тады ўсіх запар. 25 гадоў — і ў Сыбір.

— Людзі да гэтых белых ставіліся...

— Іх паважалі нашы людзі. Бо яны былі палякі, і мы палякі. Яны ў нас нічога ня бралі. Магазыны абіралі.

— А людзей яны не рабавалі?

— Не, не.

— Людзей яны не чапалі. Нас толькі партызаны рабавалі.

— Дзе сходы рабілі, паразганяюць. Пастраляюць савецкіх служачых.

Якімі шляхетнымі героямі выглядаюць байцы Арміі Краёвай ва ўспамінах. Сваіх людзей не рабавалі. Нікога не чапалі. Толькі савецкіх служачых заб’юць ці магазын узламаюць. Што гэта не зусім так, мне распавяла Станіслава Міхайлаўна Буднік.
— Што яны рабілі, гэтыя банды? Яны людзей рабавалі ці не?

— Яшчэ як.

— Мне казалі, што яны рабавалі толькі магазыны.

— Якія тады былі магазыны! Рабавалі і людзей. Дуды ня ведаеце вы? Я там жыла. Яшчэ як рабавалі. Хоць невялікая была, але памятаю, як яны хадзілі. Людзям бяды было ад іх.

— А Дуды — гэта праваслаўныя ці?..

— Палякі. Каталікі.

— Яны рабавалі каталікоў таксама?

— А ім розьніцы не было. Божа мой, усіх яны чапалі.

А скончым словамі Яніны Францаўны, якія, падобна да таго, яна носіць у сабе доўгія гады. Хочацца старой выгаварыцца. Бо яшчэ нядаўна такое гаварыць было небясьпечна. Зрэшты, мае права. І як дачка франтавіка, і як сьведка іншай вайны.

— Нам тут было цяжка жыць. Па сем гадоў было, як вайна ішла. У нас цяпер партызаны ролі граюць! А што яны нас умучылі? Былі пазабіраўшы, што людзі курачкі ня мелі. Вы, дзеткі, ня знаеце, якая гэта вайна. Мой тата быў пайшоўшы на вайну і быў дайшоўшы ў Германію. Але, дзякуй Богу, вярнуўся. Як толькі ідуць з мэдалямі людзі, некаторыя, можа, ваявалі. А некаторыя — я на іх глядзець не хачу. Ну якое яно нам сьвята? У нас сьвяты — Каляды, Вялікдзень, Ушэсьце. Вось такія сьвяты.

Байрашы
Байрашы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG