Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Набліжаўся сьнежань 44-га года. Пайшлі чуткі, што некага арыштавалі. Было неразуменьне — за што? А ў сьнежні 44-га прыйшлі ў кляс за мной і забралі проста са школы. На калёсах павезьлі. Павезьлі ў Любчу, у камэру папярэдняга зьняволеньня. Была ўжо ноч. Людзей там было многа, былі і знаёмыя. Я амаль усю ноч праплакала. Раніцай пачаліся допыты. Сьледчы па прозьвішчы Чэпец спытаў, ці была я ў СБМ падчас вучобы ў сэмінарыі. Хлусіць я ня ўмела і адказала — так».

Гэта ўрывак з успамінаў Ніны Макараўны Булаўкі, родам з Купіску. Разам зь дзясяткамі іншых сваіх аднагодкаў яна была адарваная ад радзімы на доўгія гады. Толькі за тое, што ўдзельнічала ў працы Саюзу Беларускай Моладзі.

Гэтыя ўспаміны зьявіліся дзякуючы настойлівасьці яе сына, Віктара Залаціліна. Былога менскага прадпрымальніка, які без шкадаваньня кінуў сталіцу, вярнуўся ў родную хату і заняўся жывапісам. Яго маці на радзіму вярталася ў 1954-м годзе без асаблівай радасьці.

— Яна не хацела сюды ехаць, бо ведала, што яе тут чакае. Яна паўгода аббівала тут парогі, каб уладкавацца хоць на якую працу. Ніхто ня браў. Усе пальцамі паказвалі. Нават тыя, з кім, здавалася, сябравала, разам у сэмінарыі вучылася, і тыя адвярнуліся. Чаму беларусы такія? Рускія, казала, больш дружнейшыя. Усе, хто падчас вайны крычаў «Жыве Беларусь!», сёньня цябе ведаць ня хоча. Ледзь уладкавалася ў лёнагадоўчае зьвяно. Але яна не адна такая тут была. Ссыльных было вельмі шмат.

Віктар Залацілін і яго карціны

Віктар Залацілін і яго карціны

Па вяртаньні са сталінскіх лягераў і ссылак былыя вязьні сустракаліся з цкаваньнем. З боку былых сяброў і суседзяў. І ўжо на радзіме сумавалі па ссыльных мясьцінах. Я часам задаю пытаньне, чым беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў. У Ніны Булаўкі, баюся, адказ быў бы не на карысьць беларусаў.

— Рускія зусім па-іншаму сустракалі іх. Нікога ня ведаеш, толькі зьявіўся ў Багалюбаве, вёска такая ў паўночным Казахстане. Першы раз бабку бачыш, а яны цябе кліча ў хату. І што ёсьць у хаце, на стол ставіць. Зусім незнаёмыя людзі. А тут свае так сустрэлі. Яна доўга сумавала па Казахстане. Адкрые атляс, знойдзе Паўночны Казахстан і гадзінамі глядзіць на яго. Туга была страшэнная. Па тых людзях. Там большая частка была такіх, як яна. Ды нават мясцовыя зусім па-іншаму ставіліся да іх, чым тут, на радзіме. Ніякага параўнаньня. І абавязкова, хоць раз на паўгода, але адтуль ліст прыйдзе. Ад сябровак, ад знаёмых.

У Віктара Залаціліна вельмі цікавы фотаархіў. Вось на адным здымку маладыя дзяўчаты — чальцы СБМ. Ніна (на здымку крайняя зьлева) па вайне пойдзе ў лягер, іншым пашанцуе застацца дома.

— Гэта ўсе купіскія. Настаўніцкія курсы 42-га году. Гэта яе сяброўка дзяцінства. Калі маці вярнулася з высылкі, да самай сьмерці ня зналіся. Хоць жылі па суседзтве. А потым, калі маці рэабілітавалі, ужо стала галоўным бухгальтарам калгаса, усё роўна — ніякіх спраў.

А вось на здымку шчасьлівая маладая кабета ў атачэньні сям’і. Гэта Тамара Шастак з мужам, Уладзімірам Булаўкам. Здымак зроблены ў Казахстане. Адкуль, пасьля лягера і высылкі, пара не захацела вяртацца ў Беларусь на стала. Гэта тыя самыя «шпіёны» батальёна «Дальвіц», закінутыя на тэрыторыю Беларусі ўвосень 44-га. У родныя мясьціны.

— Гэта тыя, якія адступілі з Рагулем. Паколькі яны ведалі мясцовасьць, іх сюды і закідвалі. Гэта было амаль самагубства. І я лічу, што яны лёгка адкупіліся. Калі маці далі дзесяць гадоў за тое, што была актывісткай СБМ, дык гэтым, закінутым у тыл у якасьці шпіёнаў, можна было расстрэл на месцы даць. А зь імі больш-менш гуманна абышліся.

Стары купіскі цясьляр Генадзь Ходас памятае, як тут лавілі іншых дэсантнікаў. 50-х гадоў.

— Гэта было ў 52-м годзе. Адзін быў зь Вераб’евіч. Яго на мосьце злавілі. У Германіі абучаўся. Здаўся сам. Была такая справа. Яны прызямліліся ў пушчы. Квадрат 42-Б. Гэта сем кілямэтраў ад нас. Іх вылоўлівалі. Ня ведаю, колькі чалавек тады злавілі. Прыехалі такія хлопцы пільнаваць, што самі ведаеце. Абучаныя добра. Яны жылі ў канторы. Чалавекі чатыры.

— Дык, значыць, органам было ўжо вядома пра дэсант?

— А як жа? Хутка работаюць нашы рабяты. На адлегласьці чуюць.

Памятае тых людзей і сяброўка СБМ Алена Новік.

— Нават паказальны суд быў над СБМаўцамі. А за што судзіць? Што нас навучалі? Я і сёньня ведаю і нямецкую мову, і геаграфію. І ўсё на беларускай мове вучыла. Усе хацелі вучыцца. Да нас дайшло, што Тамара тут аб’явілася. А мы ведалі, што Булаўка ўцёк з Тамараю, Філя ўцёк з Краскоўскай і Люда Гутар — з Барысом Рагулем. Тры пары былі. І мы дзівіліся, што іх восеньню ўжо скінулі. А што яны хацелі? Свабоднай Беларусі хацелі. Яны што, здраднікамі былі? Я не хачу слухаць. Каб цяпер гэтакімі былі.

А Віктар Залацілін тым часам паказвае мне сапраўдны шэдэўр дзявочай творчасьці 40-х гадоў, самаробны маленькі альбом, куды сяброўкі ягонай маці пісалі свае вершаваныя пажаданьні.

— Гэта які год?

— Сорак першы. «Дарагой Ніне ад Тамары». Гэта тая самая Тамара, якая была ў дэсантным атрадзе. Тамара Шастак. Гэта лепшая сяброўка маёй маці на ўсе часы. Калі яе арыштавалі, ёй далі дзесяць гадоў лягера ў Іркуцку. Ёй забаранілі наагул у Беларусь вяртацца. А дагэтуль бацькоў яе забралі. Бо былі заможныя. Адправілі ў Казахстан на вечнае пасяленьне. Яны сачынялі такія вершы, адзін аднаму жадалі. «Каб нашы сэрцы горанам палалі». У музэй просяць гэтую кніжачку. Але пакуль жыву, хай будзе са мной. Гэтай кніжачцы ўжо 75 гадоў. Тут ёсьць запісы і на рускай мове, і на польскай. Але ў асноўным на беларускай.

Па аматарскіх вершах, запісаных акуратным школьным почыркам у гэты альбом, добра відаць, чым была для шаснаццацігадовых купіскіх дзяўчат іх радзіма.

«Каб сэрцы горанам палалі,
Каб нас любіў наш родны край,
Каб нашы сэрцы пакахалі
Ўсё беларускае, як рай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG