Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 чэрвеня 1944 году ў вёсцы Купіск, як сьцьвярджае афіцыйная гісторыя, адбыўся бой паміж партызанамі і нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У ходзе таго бою загінуў камсамолец Міхаіл Белуш, які паўтарыў подзьвіг Аляксандра Матросава. А што расказваюць пра той бой жыхары Купіску?

Купіск — вёска на самым беразе Нёмна. Даўжэзная вуліца цягнецца ўздоўж ракі кілямэтры чатыры. Калісьці шматлюдная, вёска ажывае цяпер толькі летам, калі з гарадоў прыяжджаюць былыя вяскоўцы і дачнікі. На беразе Нёмна сівы інтэлігентны спадар ловіць рыбу. Клічуць яго Віктар Карабач. Ён даўно жыве ў сталіцы. У родныя мясьціны перабіраецца толькі на лета. На выгляд гэтаму падцягнутаму мужчыну гадоў пад 70. Але насамрэч ён ужо разьмяняў дзявяты дзясятак. І памятае яшчэ тыя часіны, калі Нёман у Купіску быў судаходны. А сам Купіск меў вось якую славу. Паслухаем пана Віктара.

— Раней па Нёмне сплаўлялі лес. І тут працавалі плытагоны. Тут, у Купіску, былі дзьве брыгады плытагонаў. Людзі хадзілі з баграмі. Вязалі бярвеньне ў плыты. Гэта цэлая тэхналёгія была. І мы падпрацоўвалі пацанамі. І бераг быў іншы. Мы цяпер з вамі сядзім на беразе Нёмна. Вунь дзе бераг быў. Да лесу.

Закінутыя будынкі колішняга Дома культуры і школы ўжо набылі абаяньне разбураных сядзіб.

Насупраць школы невысокі абэліск. У гонар камсамольца-партызана Міхаіла Белуша, які, як напісана на абэліску, «паўтарыў подзьвіг Аляксандра Матросава ў баі зь нямецка-фашысцкімі акупантамі ў вёсцы Купіск».

Няўжо ў гэтай закінутай вёсцы быў вялікі бой? Вядомы далёка за межамі Купіску мастак Віктар Залацілін нарадзіўся пасьля вайны. Але гісторыю Купіску ведае як ніхто. І ніякіх, зь ягоных словаў, нямецкіх акупантаў у Купіску не было. Вайна ішла выключна паміж сваімі.

— Вёска наша — трыста пяцьдзясят двароў. На чатыры кілямэтры цягнецца. У гэтай вёсцы два чалавекі было ў партызанах, 12 паліцаяў, астатнія — у самаахове. Гэта значыць — абараняліся ад партызан. Такая міні-грамадзянская вайна. І перад прыходам немцаў партызаны вырашылі адпомсьціць. Зуб за зуб. Міхаіл Белуш, па савецкай міталёгіі, закрыў сабой амбразуру нямецкага дота. Гэты нямецкі дот застаўся ад Першай сусьветнай вайны. Тут тры гады стаяў фронт. І да вайны палякі ўсе гэтыя абарончыя збудаваньні захоўвалі. Адчувалі, што з саветамі будзе вайна і гэта ўсё спатрэбіцца.

Вясковы магазын у Купіску падобны да тыповай сяльпоўскай крамы. Але будынку гэтаму больш за сотню гадоў. Тут, у колішніх складах, падчас нямецкай акупацыі была камэндатура. І менавіта перад ёй быў акоп і даўнішні, яшчэ 1915-га году, нямецкі дот, каля якога адбыўся драматычны бой. Слова Віктару Карабачу.

— Партызанскі атрад «Октябрь», камандзір Гарэлік, Першамайскай брыгады, базаваўся ў Ліпічанскай пушчы. І калі рыхтавалася апэрацыя «Багратыён», усіх партызан падцягнулі сюды. А тут гарнізон. Ну які тут гарнізон? Самаахова. Іх задача была — ахоўваць народ ад партызан. Калі пачыналася партызаншчына, тут была крама. Яшчэ з даваенных часоў. Партызаны прыехалі і спалілі яе. Нямецкія ўлады адрамантавалі будынак і зрабілі ў ім камэндатуру. І ноччу на 16-га ліпеня партызаны спачатку спрабавалі дамовіцца зь імі. Прысылалі дзядзьку роднага гэтага камэнданта. «Скажы, хай здаюцца». Яны адмовіліся здавацца. І тады пачаўся штурм. Самаму старэйшаму з гэтай самааховы быў 21 год. Яны ня ўмелі ваяваць. Яны не ваявалі нідзе. Ім далі зброю, і ўсё. Але камэндатура была абнесеная шасьцю радамі дроту. Партызаны зайшлі з адваротнага боку і ўзарвалі сьцяну. І далі па амбразурах. Я нават некаторых паліцаяў памятаю добра. Закідалі ўсіх гранатамі. Камэндант застрэліўся. Частку забілі, а частку забралі. Калючым дротам рукі пазакручвалі. Калолі іх і штыкамі, і нажамі. Некаторыя зь іх, калі дайшлі да павароту ракі, самі пакідаліся ў Нёман. А астатніх завялі ў лес і павесілі.

Купіск
Купіск

У тым баі забівалі адзін аднаго людзі аднае зямлі, зусім маладыя беларусы, учорашнія дзеці.

— Быў такі Жора, малады хлопец. Ён дзяцей любіў. Зьбярэ нас групу. Ідзем рыбу глушыць. Ідзем па беразе. Ён страляе, а мы ўжо падбіраем. Яго завялі туды ў лес. Жора Сацэвіч.

— А чаму яны не здаліся? За што паміраць?

— Разумееце? І лічу, што адсутнічала патрэбная агітацыя з боку партызан. Тыя там, гэтыя тут. Да вайны хадзілі на танцы. А якія былі прэтэнзіі? «Сволачы. Вы седзіцё, жыруеце. А мы вошай кормім». А гэтыя на тых. «Вы бандыты. Забіраеце ў людзей апошнюю карову». Яны ня ведалі ні Сталіна, ні Гітлера. Нянавісьць зьявілася паміж людзьмі. І ведалі, што калі трапіць альбо той сюды, альбо гэты туды — літасьці ня будзе.

— Нягледзячы на тое, што свае.

— Наадварот. Яшчэ горш.

Аказваецца, каля дота загінуў не адзін Міхаіл Белуш. Быў яшчэ адзін палеглы. Але героем было вырашана чамусьці зрабіць толькі аднаго. Другі застаўся ляжаць у безыменнай магіле на купіскіх могілках. І вось, што, згодна з успамінамі Ўладзіміра Карабача, адбылося каля таго доту.

— Той другі ляжыць на могілках. Белуша забралі. Лічыцца, што ён паўтарыў подзьвіг Матросава. Але, як расказвалі відавочцы, насупраць камэндатуры, праз дарогу, быў выкапаны акоп. Я сам яго памятаю. І калі бой скончыўся, яны скокнулі ў гэты акоп. А там сядзеў паліцай. І ён іх з аўтамата. Яны ляжалі тварам дагары. І ў тым жа 44-м годзе прыехалі. Раскапалі магілу. І Белуша забралі. І гэтага пакінулі. І стаіць гэты помнік бяз надпісу. Радня ягоная зьехала ў Польшчу. Няма каму гэтым помнікам займацца. Так і стаіць ён.

У Купіску няма ніводнай даваеннай хаты. Уся вёска была спаленая партызанамі яшчэ да прыходу рэгулярнай Чырвонай Арміі. Палілі некалькі дзён. Хату за хатай. Можа, гэта была помста з боку партызан менавіта Купіску? Той пажар добра памятае старая Аляксандра Моніч.

— Хто яго ведае, якія тут партызаны палілі. Першых партызан я помню. Прыходзілі. У нас было мукі крыху. Бралі сабе і дзецям пакідалі на зацірку. Ваенныя былі партызаны. А як пачалі пасьля далучацца налібацкія п’яніцы. Як і цяпер бамжоў такіх хапае. Рабіць ня хочуць. Усё толькі забіралі. Тут жыў татаў брат, глухі зусім. Дзядзька Зьміцер. Давай зь яго боты зьдзіраць ды біць. Прыкладамі біць гэтага Зьмітра. Я крычу. І мне дасталося. А пасьля салому бяруць, і паспальвалі хаты. А ў тую ахову ніхто не хацеў ісьці. Сілаю бралі. А хто ж вінаваты? Як ня пойдзеш — дэзэрцір. Як і цяпер.

Віктар Карабач лічыць, што гэта была нейкая правакацыя. Бо палілі вёску не партызаны атраду «Октябрь». Прыйшлі іншыя.

— Праз тры дні прыйшлі партызаны і пачалі паліць вёску. З канца ў канец хадзілі з паходнямі. Кожны дом. Пагражалі людзям. Людзі паразьбягаліся. Гэтыя людзі зрабілі правакацыю. Маўляў, вось — партызаны разьбілі гарнізон і спалілі вёску. Уявіце сабе — 250 двароў гарэла адначасова. Хадзілі з паходнямі, людзей праганялі. Людзі рэчы выносілі, а яны іх кідалі назад. У полымя. Зьвязкі, падушкі, усё назад.

Ад той бойні засталося два надмагільныя помнікі. Адзін, гранітны з пазалочанымі літарамі, — насупраць закінутай, зарослай пустазельлем школы. Другі, безыменны сьціплы абэліск, — на старых могілках каля царквы. У будынку дарэвалюцыйнага складу, дзе да вайны была крама, а ў акупацыю камэндатура, цяпер ізноў магазын. Маладая прадавачка распавяла мне, што сапраўдны герой ляжыць якраз на могілках. Імя яго — Мікалай Кадура. Гэта ён закрыў грудзьмі амбразуру. А Белуша прызначылі героем таму, што быў камсамольцам.

Выглядае, што спроба савецкіх ідэолягаў стварыць міт не ўдалася. Народ адказаў сваім мітам. Пра незаслужана забытага героя. І гэтая, народная вэрсія, стала канчатковай.

Але ж на гэтым таямніцы і драмы Купіску не сканчаюцца. Пра Саюз Беларускай Моладзі і паваенныя амэрыканскія дэсанты мы пагаворым у наступнай частцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG