Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні ўладар Варончы


У сваёй кнізе «Зямля пад белымі крыламі» Ўладзімер Караткевіч пісаў пра гэтае паселішча наступнае.

«Варонча. Вёска амаль гарадзкога тыпу. Тут некалькі прадпрыемстваў. Але і гэта — вёска-музэй. Тут, над запруджанай рачулкай, у гушчары, стаяў — а можа, і цяпер стаіць — васьмісотгадовы дуб, зьвязаны зь імем Міцкевіча. Унутры — дупло, у якім могуць пасьнедаць вакол стала чалавек дзесяць. Нават акенца ёсьць, на другі бок. Можна высунуць галаву і глядзець проста з дрэва, як лясны дух. Наводдаль — руіны дужа даўняга касьцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру. Тут пахаваны бацькі польска-беларускага паэта і фальклярыста Яна Чачота, блізкага сябра Адама Міцкевіча, а таксама — Верашчакі, сваякі Марылі Верашчакі, першага каханьня паэта. Маёнтак Верашчакаў, Туганавічы, быў некалі побач. На яго месцы застаўся парк і „альтанка Марылі“, некалькі ліп, пасаджаных кругам. Яны так зрасьліся, што, каб адна ня ўпала — унутр гэтага драўлянага круга нельга было б трапіць».

Я стаю на галоўнай вуліцы мястэчка, якое ляжыць на пагорках. Са школы ідзе купка дзяўчат-падлеткаў. Цікава, ці яны што ведаюць пра сваю вёску-музэй?

— Вы ведаеце што-небудзь пра сваё мястэчка? Чым можна ганарыцца Варонча?

— Касьцёлам.

— Старымі могілкамі.

— Там вельмі прыгожыя помнікі старыя.

— А якія імёны можаце назваць?

— Юзафа Пілсудскага.

— Пілсудскага? А ён якім чынам тут?..

— У гонар яго школа названая.

— Названая?

— Пабудаваная ў гонар яго.

Тут яшчэ быў дуб Міцкевіча. Але маланка ўдарыла, і ўсё. Міцкевіч прыяжджаў і спыняўся каля гэтага дуба.

Ну, ня так усё кепска. Прынамсі, імя Адама Міцкевіча школьніцам вядомае.

Сёньня цяжка ўявіць, што касьцёл сьвятой Ганны, дзе былі ахрышчаныя паэт Ян Чачот і Марыля Верашчака, каханая Адама Міцкевіча, некалі быў руінай. Яго ўзрывалі ў 1961-м годзе. Самым змрочным годзе для беларускай культавай архітэктуры. Але ўзарвалі не да канца. Старажылка Варончы Гэлена Хвалько добра памятае той выбух.

— Яго фактычна ўзарвалі ў 1961-м годзе. Паставілі агароджу. Толькі дзьве сьцяны захаваліся.

— І гэта адбывалася пры людзях?

— Тут было толькі пара хат.

Касьцёл аднавілі ў 95-м годзе. Грошы на яго зьбіралі ўсёй Варончай.

— Зьбіралі грошы, хадзілі па хатах. Хто колькі мог, столькі і даваў. Хто дзесяць, хто дваццаць. У 95-м мы яго ўжо адбудавалі.

Але варта зазірнуць на старыя могілкі, каб зразумець, што так уразіла Караткевіча. Гэта сапраўдны шляхецкі нэкропаль з мармуровымі скульптурамі, высокімі стэлямі, багата аздобленымі помнікамі. Верашчакі, Любанскія, Каменскія.

Але адну сьціплую магілу адразу і не заўважыш. На чорнай пліце бронзавая шыльда. Надпіс па-польску паведамляе, што тут пахаваныя «трагічна загінулыя 30-га красавіка 1943-га году Ганна Ізабэла Любанская, Аляксандра, Юзаф, Лукаш і Ядвіга Чарноўскія. Гэта апошнія гаспадары вялікага маёнтка. Старэйшай гаспадыні на момант сьмерці было 67 гадоў. Яе старэйшай дачцэ Аляксандры — 49, сыну Юзафу — 25, сыну Лукашу — 28. І нявестцы Ядвізе — 19. Іх усіх забілі напярэдадні Першамая савецкія партызаны. І да гэтае пары невядома, як забілі. Ці застрэлілі, ці спалілі жыўцом разам з маёнткам. Пашкадавалі толькі аднаго з Чарноўскіх. Малодшага сына пані Ізабэлі Антона. Бо той быў сьляпы. Ягоная магіла побач. Ён памёр адносна нядаўна, у 89-м годзе. Але пра гэта пазьней.

Цяжкае, змрочнае ўражаньне выклікае падмурак таго сядзібнага дома. Чорны падмурак служыць своеасаблівай сьцяной паміж вуліцай і паваеннымі хатамі. А на тым месцы, дзе быў некалі вялікі дом, цяпер гароды. Давайце зазірнем у госьці да жыхаркі аднаго з гэтых дамоў. Да старой Ванды Прыёмкі. Якая цудоўна памятае гаспадароў былой сядзібы.

— Пані гэтая была вельмі людзкая. Гэтак яна для ўсіх ужо старалася. І дзяцей сялянскіх лячыла. Сын Антон, ён ня бачыў, але вельмі быў музыка добры. Яго партызаны адправілі па авёс для коней. Так і застаўся жыць. А іх усіх спалілі. Там жа яшчэ была нявестка Ядзя, яна цяжарная была. Запалілі гэты палац і жыўцом іх спалілі. Мне ў той час было 7 гадоў. Я з суседняй вёскі бачыла, як гарэў гэты палац. І пасьля таго, як яны спалілі, Антон сабраў усе костачкі бацькоўскія ў скрыначку і занёс на могілкі. І пахаваў. А вось гэты пляц, дзе мая хата, гэта ўсё належала Чарноцкім. Я па вайне рабіла ў клюбе, і мне ж трэба было самадзейнасьць арганізоўваць. А гэты Антон любую песьню падыграе. Усё на слых браў. І ён ня мог на гэты пляц ступіць. Я колькі разоў яго запрашала. «Адамавіч, хадземце, я хоць крышку вас пачастую за стараньне». — «Не, пані, не магу я на гэты пляц ступіць». Так балюча яму было. Ня мог ён на гэту зямлю ступіць. Я пайду ў гарод, сын успахвае, я знайду нейкія косткі — у мяне аж мароз па целе. Гэдак страшна. Ці сабраў ён усе тыя косткі сваякоў? А палац быў, дзе ў мяне хлеў. Ня дай Божа.

— А невядома было, хто гэта зрабіў?

— Халера іх ведае. Партызаны. Гэта было зьвечара. Я помню, як гарэў палац.

Гэлена Хвалько таксама памятае як Ізабэлю Любанскую, так і партызан, якія ледзь не забілі яе бацьку.

Сьвіньні хавалі, авечкі хавалі. Бо партызаны прыедуць, усё забяруць

— За што яе забілі? За тое, што рабіла ўсё для людзей? І школа была. Самі ведаеце. Я помню, як да нас прыехалі партызаны. Спалі мы, дзеці, на тапчану з саломы. Радком клаліся. Але былі падушкі добрыя. Мне было шэсьць гадоў. Дык яны ў нас тыя падушкі павыцягвалі ды пазабіралі. Сьвіньні хавалі, авечкі хавалі. Бо партызаны прыедуць, усё забяруць. У нас барана забралі. І зьвязалі дрэнна. Ён зьлез з воза і забраўся пад воз. Пайшлі да суседа, нешта ў яго забралі. Вяртаюцца, а барана няма. Тату паставілі да сьцяны. Наставілі стрэльбу. І дзякуй Богу, што ў гэты час забляяў баран пад возам. А так расстралялі б, і гаварыць няма чаго. Некаторыя да гэтае пары жывуць. Заслужаныя вэтэраны. Але лепш прамаўчаць.

Музыка зь мястэчка Цырын Іван Чэчат грае на акардэоне зь дзяцінства. Ён працуе ў мясцовым Доме культуры, вядзе фальклёрны калектыў. А зьвязаў сваё жыцьцё з музыкай дзякуючы апошняму прадстаўніку шляхецкага роду Чарноўскіх, Антону Чарноўскаму. Сьляпому музыку, у якога савецкія партызаны забілі ўсю сям’ю, а самога калеку пашкадавалі. Да яго ў Варончу Іван Чэчат езьдзіў у дзяцінстве кожны дзень за дзесяць кілямэтраў.

— А вы, дзеці, ведалі, што гэта апошні прадстаўнік шляхецкага роду?

— Бацька мне расказваў, што гэта пан Варончы. Што ў яго ўсю сям’ю забілі. А яго, з-за таго што быў сьляпы, у жывых пакінулі.

Цяжка ўявіць, што адчуваў гэты чалавек, які застаўся жыць адзін. Без вачэй. Сярод паспалітага люду. І пры гэтым не азлобіўся, а служыў гэтаму люду, чым моц яго магла. Узгадвае Ванда Прыёмка, якая жыве на месцы былой панскай сядзібы.

— Знайшлася такая бабка ў Раманах. Яна яго прытуліла. Вайна скончылася. Яму хто яйкі, хто кавалак сала даваў. А ён пайграе. А гэтая бабка глядзела яго. А ён вучыў усіх, хто да музыкі цягнуўся.

Таіса Цярпіцкая, старая зь вёскі Раманы, добра памятае пана Антона.

— Гэта вайна ўсё зьмітрэжыла. Ён быў вельмі добры музыка! Гармонь вялікая была. Паедзе дзе вечарыну граць. Назьбірае яму моладзь ежы. І многа ён вучняў трымаў. Па 10–12 хлопцаў усё вучыў граць. Хацеў жыць чалавек.

Сын пані Таісы Іван, які на хвіліну зайшоў у хату, пачуў, пра каго ідзе гаворка.

— Мы таксама наймалі яго. А восьмай прывозім яго ў хату, плацім грошы, пасьля завозім дадому. Ён любыя танцы, любыя песьні беларускія мог. Усё сваё. Любыя полькі. Яго нарасхват бралі. Быў адзін гарманіст на ўсю акругу. Па ўсіх вёсках.

Варонча
Варонча

Працягвае Ванда Прыёмка.

— А пасьля тая бабка памерла. І была ў нас такая здатная Вацюня. Яна і сьпявала хораша, і барабаніць магла. І тая Вацюня, каб у калгас не хадзіць, прыняла яго да сябе і за кошт яго і жыла. Яна на барабане, а ён на акардэоне. Жылі някепска. Ён у яе і памёр.

Сям’я самой Ванды таксама пацярпела ад саветаў. І, слухаючы яе аповед, я міжволі ўспамінаю афіцыйную траскатню пра адвечную любоў беларусаў да братняй Масквы.

— У мяне роднага таты брата вывезьлі. У Архангельск. Дзядзька Адам. І колькі б пра расіян ні гаварылі, я не магу прымірыцца з гэтым. Ён жа ня меў ніякай прыслугі. Толькі быў працавіты. І ў адну цудоўную ноч прыехалі гэтыя бандыты, энкавэдысты. На павозку, пасьля ў вагон для быдла — і ў Архангельск. Быў хлопчык маленькі, памёр у дарозе. Іх жа голенькіх павезьлі. Я да гэтае пары ў крыўдзе.

Вельмі містычная гісторыя адбылася з домам, адкуль саветы вывезьлі сям’ю. Ня даў Бог новай уладзе пакарыстацца чужой маёмасьцю.

— У іх дом быў вялікі, на два канцы. У адным канцы была разьмешчаная бібліятэка, а ў другім зрабілі паштовае аддзяленьне. Але аднойчы гром бабахнуў — і згарэла. І бібліятэка, і пошта. Як прыйшло, так і сышло.

Кім быў для навакольлі сьляпы пан, разумееш слухаючы Аляксандру, мілавідную спадарыню, суседку Івана Чэчата. Тое, зь якім гонарам яна кажа, што на яе вясельлі граў сам Чарноцкі! Так кажуць толькі пра сапраўдную знакамітасьць.

— Гэта ж лічылася за гонар. «У мяне на вясельлі Чарноцкі грае!» Гэта гучала. Як даведаліся, што сам Чарноцкі грае, дык моладзі з суседніх вёсак прыйшло. Чарноцкі грае!

— Ён быў чалавек вясёлы, адкрыты, ці?...

— Хутчэй сумны. Ён ніколі не сьпяваў. Сьпявала жонка. Можа, крыўда хавалася на партызан і на беларусаў? Пакрыўджаны ён быў лёсам. Замкнёны чалавек быў, мне здаецца.

— На якой мове ён гаварыў?

— На беларускай. І прыяжджала ў 90-я гады ягоная стрыечная сястра з Варшавы. Зь людзьмі сустракалася. Там у Польшчы зрабіла фільм і прывезла сюды. Паўстала пытаньне, ці можна дзецям паказаць. Бо партызаны ж забілі ўсю сям’ю. Але дазволілі.

Фільм, пра які кажа Аляксандра, — гэта сумесная праца Польскай тэлевізіі і каналу «Белсат». Сапраўдная рэжысэрская ўдача Юрыя Гарулёва. Называецца «Край сьветлых мрояў». Гэтая карціна ёсьць у вольным доступе ў сеціве. Усім раю паглядзець. А тутэйшыя дзеці ўбачылі гэты фільм дзякуючы настаўніку гісторыі Зьмітру Алексіевічу. Які вельмі шчыльна займаецца таямніцамі партызанскага руху.

— Як у дзяцей гэта сумяшчаецца ў галаве? Партызаны — абаронцы нашай Айчыны, і партызаны адначасова маглі быць забойцамі?

— Ну чаму? Сёньня да партызан па-рознаму ставяцца. Быў такі час. І дзеці гэта разумеюць. Я якраз дыплём пісаў на гэтую тэму. Партызанскі рух у Карэліцкім раёне. Я гляджу — невялікі партызанскі атрад. І пасьля ідзе пералічэньне ўсяго, што ён зрабіў. Па іх справаздачах такое складаецца ўражаньне, што паравозы ў Наваельні хадзілі праз гадзіну. Таму што і гэтыя ўзарвалі столькі эшалёнаў, і гэтыя. Я дзіўлюся. Калі ж пасьпявалі тую чыгунку рамантаваць і колькі там паравозаў было? Ваявалі буйныя брыгады. А дробныя атрады сядзелі па лясах і думалі, як выжыць.

— Імёны герояў, якія спалілі сядзібу, вядомыя?

— Атрад Золатава. Магчыма, ён сам там быў.

Гаспадароў Варончы забілі напярэдадні Першамая як нямецкіх агентаў. Трэба ж было адзначыць сьвята нейкай акцыяй. Антон мог па вайне пераехаць у Польшчу да радні. Але застаўся на радзіме. Застаўся там, дзе быў запатрабаваны. Ён памёр у 89-м годзе. Працягваючы жыць ва ўспамінах сваіх людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG