Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уводзіцца апэляцыйны суд. Экспэрт: гэта паступова адмірае савецкая судовая сыстэма


У беларускіх судах уводзіцца апэляцыйная вытворчасьць у крымінальных справах замест касацыйнай.

Розьніца істотная: апэляцыйная вытворчасьць дае суду другой ступені значна большыя магчымасьці пры разглядзе скаргі і зьмене ці адмене прысуду. Калі раней суд другой інстанцыі ня мог самастойна ацэньваць доказы і абставіны, а мусіў арыентавацца толькі на высновы суду першай інстанцыі альбо, калі быў зь імі нязгодны, цалкам адмяняць прысуд і накіраваць справу на новы разгляд, дык цяпер ягоныя паўнамоцтвы сталі шырэйшыя. Апэляцыйны суд можа самастойна разглядаць і ацэньваць доказы і абставіны, якія выявіліся пасьля вынясеньня прысуду судом першай інстанцыі. Адпаведныя зьмены былі раней унесеныя ў заканадаўства і пачнуць дзейнічаць з 27 лютага 2016 году.

Але як ставяцца да новаўвядзеньня адмыслоўцы? Ці можна замену касацыйнай вытворчасьці на апэляцыйную вітаць цалкам, альбо новая сыстэма таксама прывядзе да пэўных хібаў? Вядомы праваабаронца з БХК, былы судзьдзя Гары Паганяйла кажа, што гэтыя зьмены ёсьць адміраньнем старой, яшчэ савецкай судовай сыстэмы і заменай яе на сучасную судовую сыстэму.

— Збольшага, сапраўды, гэта станоўчая рэч — апэляцыйная вытворчасьць. Бо яна дае дадатковыя прылады для праверкі законнасьці і абгрунтаванасьці вынесенага судом першай інстанцыі прысуду. Цяпер бакі змогуць падаць ня толькі былыя падставы для адмены ці зьмены прысуду першай інстанцыі, якія, на іх думку, не былі ўлічаныя, але і дадатковыя доказы. Прыкладам, дадзеныя экспэртызы ці паказаньні сьведак. Суд зможа гэтыя доказы ацаніць і на падставе такіх ацэнак абгрунтаваць сваё рашэньне. Раней такога не было, таму гэтая рэч вельмі карысная для нашага правасудзьдзя і для нашых грамадзянаў. Прымаць такую сыстэму трэба было значна раней. На жаль, прагрэсіўныя рэформы судовай сыстэмы ў Беларусі прымаюцца і праводзяцца надзвычай павольна. Апэляцыйная вытворчасьць, пра якую цяпер кажам, даўно ўведзеная ня толькі ў Эўропе, але і ў Азіі. У Расеі, ва Ўкраіне, ня кажучы ўжо пра Заходнюю і Ўсходнюю Эўропу, апэляцыйныя суды даўно дзейнічаюць, нават ў Азіі яны дзейнічаюць у некаторых краінах зь недэмакратычнымі палітычнымі рэжымамі. Мы з гэтымі зьменамі спазьніліся гадоў на 20.

— А чаму? Што, на вашу думку, перашкаджала раней заняцца такой рэформай?

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

— Ва ўсякім разе ня толькі кансэрватыўнае мысьленьне кіраўніцтва, але і пэўны разьлік. У Беларусі стары, па-сутнасьці савецкі суд заставаўся таму, што яго адмыслова не нацэльвалі на абарону правоў чалавека. Магчымасьці выправіць памылку ці адмяніць незаконны прысуд суду першай інстанцыі праз скаргу адмыслова звужалі, каб увогуле справу не пераглядаць, грошай на гэта не спаганяць і рэпутацыю суду не псаваць. Бо калі прызнаць, што суд памыліўся, дык трэба пераглядаць справу, несьці дадатковыя матэрыяльныя страты ды яшчэ ставіць пытаньне пра тое, чаму быў прыняты такі недакладны вэрдыкт. Хто вінаваты? І што гэта за сыстэма, якая не абараняе правы людзей? Ня дзіва, што пераглядаў спраў у нас было так мала. Але паступова ўсё ж ад такіх падыходаў прыйшоў час пазбаўляцца, і рэформа, спадзяюся, зрушылася.

— Вось адмаўляюцца ад касацыйнай вытворчасьці, але ці гэта цалкам добра? Якія могуць быць хібы?

— Так, гэта і добра, і не зусім добра. Справа ў тым, што ў касацыйнай сыстэме дзейнічалі пэўныя абмежаваньні на вынясеньне пратэстаў. Прыкладам, пракуратура, калі лічыць, што прысуд першай інстанцыі быў занадта мяккі, магла вынесьці пратэст не пазьней, чым за год. Потым — усё, позна. А як будзе цяпер, ня ведаю. Магчыма, сытуацыя зьменіцца, і пракуратура зможа ў парадку нагляду дамагацца пагаршэньня прысуду праз большы тэрмін, бо суду апэляцыйнай інстанцыі цяпер дадзенае права як зьмякчаць, гэтак і пагаршаць прысуд. Раней такога не было. У выніку становішча асуджанага можа пагоршыцца.

— Вы сказалі, што ў рэформе судовай сыстэмы Беларусь на 20 гадоў адстае ад суседзяў. Яшчэ якія тэрміновыя зьмены ў гэтым рэфармаваньні вы б прапанавалі? Суд прысяжных у Беларусі варта ўводзіць?

— Трэба пераглядаць усё працэсуальнае заканадаўства, якое рэгулюе крымінальную судовую вытворчасьць, але ў шэрагу выпадкаў і грамадзянскую, і гаспадарчую вытворчасьць. Але паступова, ня разам, бо трэба падрыхтаваць судзейскі корпус. Што да судоў прысяжных, дык тым больш трэба да гэтага падрыхтавацца загадзя. Прапанаваў бы зрабіць так: прыняць закон аб судзе прысяжных, але даць на адаптацыю судовым органам ня меней за год, каб падрыхтавалі ўсю сыстэму. Абавязкова вызначыцца з тым, якія справы мусіць разглядаць журы прысяжных засядацеляў. На маю думку, гэта справы па асабліва небясьпечных злачынствах, па якіх прадугледжана выключная мера пакараньня ці ня меней за 15 гадоў пазбаўленьня волі. Таксама трэба падрыхтаваць грамадзтва, забясьпечыць аўтарытэт прысяжных, якіх будуць выбіраць сярод звычайных, але аўтарытэтных людзей. І кіравацца ня толькі прынцыпам адданасьці ўладзе, як з народнымі засядацеляў у старой судовай сыстэме. Мяркую, тады ўдасца не скампрамэтаваць гэты важны судовы інстытут, суд прысяжных, безь якога рухацца наперад таксама немагчыма.

XS
SM
MD
LG