Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злачынец-гамафоб атрымаў два гады хатняй «хіміі»


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Суд Першамайскага раёну Менску завяршыў разгляд крымінальнай справы, упершыню распачатай паводле артыкула аб дыскрымінацыі асобаў зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараньня ў выглядзе чатырох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову — так званай хіміі. Але ў выніку злачынец-гамафоб атрымаў два гады хатняй «хіміі».

Паводле крымінальнай справы, абвінавачаны — Арцём Шляхцюк, родам з Крупскага раёну — належыць да групоўкі «Акупай-пэдафіляй» і займаецца перасьледам асобаў зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.

Мінулай восеньню праз сацыяльныя сеткі ён пазнаёміўся з пацярпелым А., падчас сустрэчы зьбіў свайго знаёмца за тое, што ён гей. Арцём Шляхцюк ставіў пацярпелага на калені, здымаў зьдзекі на мабільны тэлефон, пагражаў большай расправай, а на завяршэньне адабраў яшчэ і грошы.

Пацярпелы А. зьвярнуўся ў міліцыю, і адносна затрыманага распачалі крымінальную справу паводле артыкулаў аб хуліганстве, разбоі і нянавісьці на глебе гамафобіі. Да таго ж пацярпелы сьцьвярджаў, што Арцём Шляхцюк ведаў пра ягоны статус гея са старонкі сацыяльнай сеткі і адмыслова прызначыў сустрэчу.

Пракурор запатрабаваў Арцёму Шляхцюку пакараньня ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўленьня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Але ў выніку гамафоб атрымаў два гады хатняй «хіміі», а таксама мусіць кампэнсаваць пацярпеламу маральную і матэрыяльную шкоду ў памеры сямі мільёнаў рублёў.

У ЛГБТ-супольнасьці кажуць, што задаволеныя выракам, бо ён быў вынесены з улікам гамафобнага характару злачынства.

Натальля Манькоўская

Натальля Манькоўская

Актывістка ЛГБТ-супольнасьці Натальля Манькоўская:

«У гэтай справе былі ўлічаныя акалічнасьці, якія абцяжарваюць віну, а менавіта — злачынства на глебе варожасьці да пэўнай сацыяльнай групы. Упершыню ў гэтай справе было дакладна пазначана, што злачынства, учыненае адносна прадстаўніка ЛГБТ, зьдзейсьнена на глебе нянавісьці да прадстаўніка гэтай сацыяльнай групы грамадзян краіны. І гэтая матывацыя была ўлічаная пры вынясеньні пакараньня, хоць пракурор патрабаваў і большага пакараньня.

Ня ведаю ці будзе пракуратура выносіць пратэст адносна мяккасьці пакараньня, але і тое, што ёсьць, — гэта вялікі прарыў, бо гэта першая справа паводле адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэксу. Праваахоўныя органы і судовая сыстэма спрацавалі гэтым разам прафэсійна.

Але пэўныя высновы рабіць пакуль рана: у нас ёсьць яшчэ зь мінулага году дзьве адмовы ў распачацьці крымінальнай справы для людзей, якія сталі ахвярамі нападаў на глебе гамафобіі. Будзем спадзявацца, што цяперашні выпадак станоўчага вырашэньня справы стане першым і не апошнім. А пэўныя высновы можна будзе рабіць паводле выніку далейшых падзей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG