Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр гей Міхаіл Пішчэўскі. Забойца на волі


Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота

«Вось і ўсё. Мішы з намі больш няма. І сумна. І страшна. І пуста. Ад усяго. Што больш ня ўбачымся. Што не пасьмяемся ад душы зь ім. Адно кароткае імгненьне — і так усё зьмянілася. Нечая нецярпімасьць пазбавіла жыцьця маладога, моцнага і мэтанакіраванага хлопца. Да гэтага часу ня верыцца. Хіба такое магчыма? На жаль, так. Гэта ёсьць у нашым грамадзтве скрозь і побач. Няма ніякай талерантнасьці. Ёсьць злосьць. Якая выліваецца ў такія трагедыі, якая адбылася з нашым сябрам. Шмат апэрацый, падтрымка сяброў, малітвы. Стараньні дзясяткаў людзей. Але ўсё скончылася так, як скончылася. Засталося верыць. Верыць у дабро, верыць у спачын душы, верыць у тое, што там Мішу будзе спакойна. Доўгія месяцы пакутаў. Гэта страшна ўявіць. І балюча было бачыць. Цяпер, дай Бог, Мішу лёгка. Мы больш нічога ня можам зьмяніць. Можам толькі памятаць лепшыя моманты зь Мішам. Захоўваць цёплыя пачуцьці да яго. І жыць. Далей, як гэта трэба. А яшчэ — змагацца. За свае правы. За тое, каб быць тым, кім зьяўляесься. Змагацца за раўнапраўе, права любіць таго, каго хочаш. Каб ніхто ня мог болей замахвацца на чыёсьці жыцьцё. Толькі таму, што гэтае жыцьцё іншае, не такое, як у большасьці вакол.

Міша, ужо сумуем. Любім як раней. І будзем памятаць. Заўсёды ...» — напісаў у Фэйсбуку Сяргей Андросенка.

Летась мянчук Міхаіл Пішчэўскі патрапіў у шпіталь ў стане комы пасьля ўдару, які нанёс яму былы настаўнік фізкультуры Дзьмітры Лукашэвіч. Суд прызнаў Лукашэвіча вінаватым у нанясеньні траўмы і прысудзіў да 2,8 гадоў зьняволеньня. 20 жніўня ён выйшаў з калёніі па амністыі.

Міхаіл Пішчэўскі, які пасьля ўдару галавой аб бэтон перанёс апэрацыю па выдаленьні часткі мозгу, доўгі час ляжаў у 5-ым сталічным шпіталі.

Нагадаем, канфлікт адбыўся каля менскай кавярні «Андэрволд», дзе 25 траўня 2014 году зьбіраліся асобы нетрадыцыйнай арыентацыі, сярод якіх быў і Міхаіл Пішчэўскі.

Міхаіла Пішчэўскага пахаваюць 28 кастрычніка на адных зь менскіх могілак. Нябожчыку ў жніўні споўнілася 35 гадоў.

Андросенка: Забойца выйшаў менш чым праз год. Бяляцкі за дапамогу людзям адседзеў болей

Сяргей Андросенка

Сяргей Андросенка

Пра выпадак з памерлым Міхаілам Пішчэўскім Свабодзе распавёў Сяргей Андросенка, сябра рады і сакратар ва Ўсходняй Эўропе ЛГБТ-таварыства супрацоўнікаў культуры Паўночных краін Tupilak і сябра Міхаіла.

«Міхаіл разам зь сябрамі выходзіў з самай звычайнай менскай гей-вечарыны, што ладзяцца пэрыядычна. Ён пачуў у свой бок гамафобную абразу — кампанія хлапцоў стаяла каля выхаду і абражала тых, хто выходзіў. Да таго, як выйшаў Міша, іншыя проста зьбягалі. А Міша не стрымаўся і спытаў у адказ нешта кшталту „Хто тут з нас п...р?“. Пасьля гэтага бойка і адбылася.

Я ведаю Міхаіла з 2008 году. Ён ня быў ніколі настолькі агрэсіўным, каб завязваць нейкія бойкі. З 2008 году ні разу ня чуў, каб ён зь некім пабіўся. Адзінае, што ён быў чалавекам, які паважаў сябе і мог пастаяць за сябе, калі яго пачыналі абражаць.

Забойца ў залі суду прызнае, што прычапіўся да Мішы з-за ягонай магчымай гомасэксуальнасьці, а суд выносіць рашэньне — маўляў, толькі «па неасьцярожнасці» (нападнік быў асуджаны на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі «за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў». — РС). Гэта паказвае на тое, што матыў нянавісьці не абцяжарвае віну, калі злачынства робіцца адносна геяў. Тое, што Дзьмітрыя Лукашэвіча (нападніка. — РС) выпусьцілі так хутка па амністыі, калі Міхаіл быў яшчэ ў вельмі цяжкім стане, якраз паказвае хібы так званага беларускага правасудзьдзя. Алесь Бяляцкі за дапамогу людзям адседзеў болей, а Мікалай Статкевіч яшчэ больш за свае палітычныя перакананьні.

Лукашэвіч, лічы, за забойства па матыве нянавісьці выйшаў па амністыі менш як праз год, Статкевіч адседзеў у розных калёніях і турмах 7 гадоў — вось такое яно, беларускае правасудзьдзе.

У Беларусі мы ня маем антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, таму было складана пераканаць суд, асабліва беларускі суд, у тым, што гамафобія — гэта абцяжарваючая акалічнасьць у гэтым выпадку. Сьпіс па распальваньні розьні адкрыты, але гамафобія, нецярпімасьць да іншай сэксуальнай арыентацыі не прапісаная (у арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі апісваюцца дзеяньні, зьвязаныя з расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьцю. — РС), таму закон можна выварочваць як дышаль.

Некаторыя групы насельніцтва вельмі рады, што Міхаіл сканаў, і лічаць нападніка ледзь не

Мой стан сьвядомасьці вельмі гуманістычны, і я хацеў бы верыць, што нападнік зразумеў, што пазбавіў жыцьця іншага чалавека, абдумаў свой учынак... Але можа здарыцца так, што чалавек будзе ў некаторых колах бравіраваць тым, што зьбіў і нават забіў гея, што нават адседзеў за гэта. Калі паглядзець на некаторых гамафобных сайтах і суполках, некаторыя групы насельніцтва вельмі рады, што Міхаіл сканаў, і лічаць нападніка ледзь не героем.

Гэта ня першы такі выпадак — проста склалася так, што гісторыя Мішы стала вельмі гучнай. Тры гады таму хлопец быў зьбіты на вясковай дыскатэцы ў Менскім раёне з-за таго, што быў падобны да стэрэатыпнага гея. Пасьля ён таксама памёр. Гэтая гісторыя не пайшла тады ў СМІ, бо маці не хацела гэтага асьвятляць. Такія гісторыі ўжо былі і яшчэ могуць здарыцца, пакуль ёсьць такая зьява, як гамафобія.

Канечне, шмат будзе залежаць ад дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, праваабарончых, ЛГБТ-актывістаў, палітычных лідэраў, ад таго, ці будуць карыстацца мовай варожасьці, распальваць нянавісьць. І, канечне, шмат што залежыць ад сродкаў масавай інфармацыі, бо некаторыя могуць здорава заахвочваць да гамафобіі. Напрыклад, як магілёўская газэта піша вельмі гамафобныя артыкулы раз на месяц».

Сястра Міхаіла Пішчэўскага Тацяна: Ён адыходзіў у сьвядомасьці, палову дня праплакаў

Сястра Міхаіла Пішчэўскага Тацяна за два тыдні да сьмерці брата казала карэспандэнту Свабоды, што стан здароўя Міхаіла апошнім часам пагаршаецца, на дадатак да ўсіх бедаў ён пакутуе ад інфэкцыяў, і таму гаворкі пра выпіску са шпіталя, на што зьявіліся спадзяваньні яшчэ ўлетку, цяпер няма. Сёньня Тацяна распавяла пра сьмерць Міхаіла Пішчэўскага ў шпіталі.

— Гэта здарылася дакладна а 12 гадзіне, на мяжы двух дзён, 26 і 27 кастрычніка. У яго спынілася сэрца, перастаў дыхаць. Але ад чаго дакладна ён памёр, сказаць пакуль немагчыма, бо ўскрыцьця яшчэ не рабілі. Хоць прычын шмат. Гэта і недахоп вады ў арганізьме, і тое, што ў яго быў велізарны тромб, які ўтварыўся, бо ён больш як год праляжаў нерухома — гэты тромб мог адарвацца. Магло сэрца ня вытрымаць. Ён пасьля перанесенага мэнінгіту быў вельмі зьнясілены. Учора яму ўвесь час было вельмі дрэнна, ён задыхаўся, яго адкачвалі.

— Прабачце за пытаньне: ваш брат быў у прытомнасьці ці не разумеў, што адбываецца?

— Апошнім часам Міша быў у прытомнасьці ўвесь час, і ўчора быў да апошняй хвіліны ў прытомнасьці. Ён разумеў, што адбываецца. Гаварыць ён ня мог, дзеля гэтага трэба было зь ім займацца, у тым ліку аднаўляць стан мышцаў твару, якія за час лячэньня атрафаваліся, але ён вачыма даваў нам сыгнал, што ўсё разумее. Было зразумела, што ён у прытомнасьці.

— Можа, ён неяк разьвітваўся са сваякамі?

— Так, ён плакаў. Палову дня ён праплакаў. Верагодна, што ён з намі разьвітваўся, гэта так.

— Перадайце спачуваньні вашай маці, Валянціне Фёдараўне. Як яна пачуваецца?

— Дзякуй за спачуваньні. Мама ў стрэсе, яна ўвесь час плача. Яна добра разумела, да чаго ўсё ішло, але ўсё роўна паверыць ня можа. Напярэдадні маму мы з братам Віталем адпусьцілі адпачыць, засталіся на ноч зь Мішам, і вось гэта здарылася.

— Нехта зь сяброў пасьпеў разьвітацца з вашым братам?

— Ягоны сябар Міхаэль пасьпеў прыляцець з Нарвэгіі. Мы паведамілі яму ўчора ўдзень, і ён за палову дня прыляцеў, неяк праз Рыгу. Раней бы на палову гадзіны, пасьпеў бы пабачыць Мішу жывым. Не атрымалася, але пасьпеў убачыць яго цела, разьвітацца. А цяпер цела Мішы ўжо адвезьлі на судова-мэдычную экспэртызу ў морг 10 шпіталя.

— Зь сям’і Лукашэвіча ніхто на вас не выходзіў, не званіў?

— Не, ад іх нічога не было.

Лябедзька пра Пішчэўскага: Калі ёсьць прыстаўка «гей» ці «апазыцыянэр» — будзе нэгатыўнае стаўленьне

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў камэнтары Свабодзе сказаў, што ў беларускім грамадзтве захоўваецца нэгатыўнае стаўленьне да любой праявы нестандартнасьці — ці яна тычыцца сэксуальнай арыентацыі, ці палітычных поглядаў, ці нейкіх іншых асаблівасьцяў:

«Што тычыцца тэмы меншасьцяў, то, вядома, грамадзтва на бытавым узроўні ставіцца да яе нэгатыўна, калі ёсьць нейкая прыстаўка, накшталт „гей“. Мы не разглядаем, што гэта проста чалавек, а наперад выходзіць тое, што ён апазыцыянэр, што ён гей, ці зь нейкімі іншымі асаблівасьцямі. Калі чалавек ня ўпісваецца ў традыцыйнае ўспрыняцьце і дзяржавай, і грамадзтвам, то яму вельмі складана абараняць сябе ў канфлікце зь дзяржаўнымі ўстановамі ці зь іншымі грамадзянамі. На вялікі жаль, у Беларусі гэта так».

Анатоль Лябедзька зьвяртае ўвагу на тое, што фактычны забойца Міхаіла Пішчэўскага застаўся беспакараны:

«На першым пляне ня той факт, што чалавек быў геем, а тое, што ў нас пануе ўсёдазволенасьць для таго, каго мы называем дзяржавай. Нават калі даказана віна нейкай асобы, усё залежыць ад таго, наколькі яна перашкаджае дзяржаве. Я перакананы: калі б за гэтым фактам стаяў дастаткова вядомы апазыцыянэр, то ён атрымаў бы не 2 гады і 8 месяцаў, а па поўнай катушцы і адсядзеў бы ад званка да званка. А сытуацыя зь Пішчэўскім сьведчыць пра тое, што наша правасудзьдзе на баку дзяржавы».

Дэпутат Вадзім Дзевятоўскі: «Я заклікаю грамадзтва быць больш цярпімымі адзін да аднаго»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесьнік старшыні пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Вадзім Дзевятоўскі выказаў спачуваньні сям’і памерлага гея Міхаіла Пішчэўскага і заклікаў грамадзтва быць больш цярпімымі:

Вадзім Дзевятоўскі

Вадзім Дзевятоўскі

«Мне падаецца, што ў нашай краіне няма зусім радыкальных плыняў, як у некаторых іншых краінах, няма катэгарычнасьці. У цэлым людзі ўжываюцца адзін з адным, у цэлым у нас міралюбівая дзяржава.

Але здарыўся такі выпадак... У самым цывілізаваным, у самым прасунутым грамадзтве ёсьць людзі, якія могуць з агрэсіяй ставіцца да нечага. Я ня раз казаў, што я — за сапраўдныя каштоўнасьці, за прыроду, як кажуць, за інстытут сям’і. Але калі ў некага ёсьць іншыя схільнасьці (хоць мне цяжка судзіць, я ня ведаю, што адчуваюць гэтыя людзі, чаму яны ідуць па такім шляху, хто штурхнуў іх да такога выбару) — я ня буду катэгарычным.

Але што да гэтага канкрэтнага выпадку, я спачуваю ягонай сям’і — чалавек страціў жыцьцё, гэта вялікая трагедыя. Нічога няма больш каштоўнага і дарагога, чым жыцьцё. Гэта бясспрэчная ісьціна. Я заклікаю ўсіх быць больш цярпімымі адзін да аднаго, якія б розныя ў нас ні былі перакананьні, і разам прыходзіць да нейкай думкі. Умоўна кажучы, калі цяпер наша грамадзтва не гатовае да таго, каб увесьці аднаполыя шлюбы, з гэтым трэба лічыцца.

І гэты жудасны выпадак, на жаль, толькі пацьвярджае гэта. Калі чалавек сыходзіць з жыцьця, вельмі цяжка камэнтаваць. Я шчыра спачуваю».

Шушкевіч: Зьбіцьцё геяў — параджэньне савецкага ладу

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначае, што беларускае грамадзтва не падрыхтаванае да абмеркаваньня тэмы сэксуальных меншасьцяў.

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

«У нас жыве старая савецкая ідэя пра тое, што гэта хвароба, вялікі грэх і адступленьне ад нормаў маралі. Раней лічылася нават, што гэта трэба лячыць. Праўда, пасьля высьветлілася, што вылечыць нестандартную сэксуальную арыентацыю нельга. Тое, што наша грамадзтва не падрыхтавана, гэта наша бяда і бяда нашай улады. Эўропа пайшла іншым шляхам, яна цярпліва ставіцца да такіх людзей».

Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што ён не прыхільнік аднаполых шлюбаў, але перакананы, што людзі зь нетрадыцыйнай арыентацыяй маюць аднолькавыя з усімі правы.

«Калі Міхала Пішчэўскага зьбілі да сьмерці і вінаваты атрымлівае за гэта каля трох гадоў, якія скасоўваюцца паводле амністыі, — гэта бяда нашай дзяржавы. Пакуль ня будзе нармальнай працы нашых псыхолягаў, духавенства і чынавенства што да тэмы меншасьцяў — будзе разбой у грамадзтве. Гэта параджэньне савецкага ладу. Цяпер трэба прапагандаваць цярплівае стаўленьне да гэтых людзей і паважаць іх правы — яны нічым ня горшыя за ўсіх астатніх.

У мяне ёсьць некалькі знаёмых зь нестандартнай арыентацыяй. Магу сказаць, што яны зьяўляюцца прыкладам у паводзінах для ўсіх астатніх.

Трэба, каб у Беларусі была прапаганда нармальнага стаўленьня да такіх людзей. Каля 6% людзей у сьвеце маюць нестандартную арыентацыю. Неабходна, каб гэтыя людзі адчувалі сябе людзьмі».

Севярынец: Ня трэба штучна разьдзімаць тэму Пішчэўскага

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец у камэнтары Свабодзе адзначыў, што не разумее празьмернай увагі прэсы да выпадку са зьбіцьцём і сьмерцю гея Міхала Пішчэўскага:

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«У нас адбываецца шмат жахлівых крымінальных гісторый. Але, на жаль, у адпаведнасьці з пэўнымі тэндэнцыямі СМІ цікавіць менавіта гэты выпадак. За кошт увагі з боку журналістаў тэма сэксуальных меншасьцяў робіцца яшчэ больш вострай, што правакуе дыскусію. Тут трэба маліцца, але спыніць нагнятаньне жарсьцяў, якія да добрага не прывядуць».

Павал Севярынец таксама адзначыў, што шчыра спачувае сваякам і блізкім Міхала Пішчэўскага:

«Тое, што адбылося, — трагедыя. Загінуў чалавек. Кепска, што забіваюць. У тым ліку і за сэксуальную прыналежнасьць. Хоць мне вельмі ня блізка тое, калі людзі рэклямуюць сваю арыентацыю, я падкрэсьліваю, што адбылася трагедыя — забіваць нельга. Я выказваю свае спачуваньні сваякам і блізкім Міхала Пішчэўскага».

Мікалай Чаргінец: «Тут ідзе гаворка не пра нецярпімасьць да людзей, а пра нецярпімасьць да самой зьявы — гейства, «галубізьны»

Мікалай Чаргінец

Мікалай Чаргінец

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец у камэнтары Радыё Свабода прызнаў, што ў беларускім грамадзтве ёсьць нецярпімасьць да самой зьявы «гейства і галубізны», як ён выказаўся. Па-чалавечы ён выказаў жаль, што гэта прывяло да сьмерці чалавека. Што да мяккасьці пакараньня вінаватага — лічыць, што гэта справа суду:

«Давайце наўпрост скажам: тут ідзе гаворка не пра нецярпімасьць да людзей, а пра нецярпімасьць да самой зьявы — гейства, „галубізны“, таксама да аднаполых шлюбаў. Часам людзі ўспрымаюць такім чынам: „Ах, гэта „блакітны“ — так яму і трэба“. Так, ёсьць асобныя людзі, якія так разумеюць гэта. Аднак гэты „блакітны“ — ён жа не нарадзіўся ад „блакітных“, а нарадзіўся ад бацькоў — жанчыны і мужчыны, маці і бацькі. Але хто тут яшчэ вінаваты, што ён стаў так не даспадобы для асобных людзей у грамадзтве?

Але любы чалавек, у якой бы вопратцы ён ні хадзіў — нават, будучы мужчынам, у жаночай — ён застаецца чалавекам. Што тычыцца зьбіцьця, канечне, за свавольства трэба адказваць у адпаведнасьці з нашым заканадаўствам. І я думаю, што той, хто зьбіваў, быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці і яго асудзілі. Калі хтосьці быў незадаволены рашэньнем суду, маглі яго абскарджваць, бо прайшло ўжо паўтара года.

Але цяпер трэба, канечне, пашкадаваць, што здарыўся такі выпадак. Ня меў рацыі той, хто зьбіваў. Але казаць пра тое, якое ён пакараньне панёс — гэта ж справа суду. Тут трэба разьбірацца.

Можна толькі выказаць жаль, што чалавек памёр. Гэта сапраўды гора, гэта бяда ня толькі для сваякоў, але і для грамадзтва».

Караткевіч: Нецярпімасьць ідзе з самага верху нашай дзяржавы

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч выказала спачуваньні родным і блізкім Міхаіла Пішчэўскага.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку яна адзначыла , што падчас сустрэчаў з выбарцамі ня раз чула пытаньні пра сваё стаўленьне да гомасэксуалізму.

«Памёр мянчук Міхаіл Пішчэўскі.

Яго забіла нецярпімасьць у грамадзтве, забіў канкрэтны чалавек, які ўжо на волі. Падчас маіх сустрэчаў з выбарцамі заўсёды былі тыя, хто задаваў пытаньне: „Як я стаўлюся да гомасэксуалізму?“. Гэта заўсёды былі людзі з загадзя падрыхтаванымі пытаньнямі. Яны лічылі, што такім пытаньнем і маім адказам на яго мяне дыскрэдытуюць. Хоць на самой справе абражалі толькі сябе. Ня фактам пытаньня, а тым, што лічаць, што могуць вырашаць за кагосьці іншага, як жыць, каго кахаць, што рабіць.

Гэта перакананьне, што можна дыктаваць іншым, як правільна, ідзе з самага верху нашай дзяржавы і прымае ў грамадзтве самыя страшныя формы. Таму што дае прыклад непамяркоўнасьці, падзяляе нас на „правільных“ і „няправільных“. Я вельмі спачуваю родным і блізкім Міхаіла. І вельмі веру, што мы пабудуем Беларусь, дзе чалавек можа быць сабой і за гэта яго не пакараюць выгнаньнем, турмою або сьмерцю», — напісала Тацяна Караткевіч.

Гісторыя Міхаіла Пішчэўскага — адзін з выпадкаў неталерантнага стаўленьня да прадстаўнікоў гэтай супольнасьці ў Беларусі. Драматычнае здарэньне і становішча прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці камэнтуе актывіст руху за раўнапраўе геяў Сяргей Тарпачоў.

Праблемамі геяў не займаюцца ні ўлада, ні апазыцыя, — Сяргей Тарпачоў

Гісторыя Міхаіла Пішчэўскага — адзін з выпадкаў неталерантнага стаўленьня да прадстаўнікоў гэтай супольнасьці ў Беларусі. Драматычнае здарэньне і становішча прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці камэнтуе актывіст руху за раўнапраўе геяў Сяргей Тарпачоў.

— Тое, што ўсе гэтыя і іншыя выпадкі здараюцца пэрыядычна, сьведчыць, што сытуацыя ў нас не зьмяняецца ўжо доўгі час. Здаецца, што стала больш складана, і гэта, магчыма, з-за нейкай расейскай прапаганды. Таму што там цяпер адбываецца штосьці нядобрае. А ў нас, падаецца, гэтыя пытаньні не цікавыя ні грамадзтву, ні ўладзе — нікому. Адбываецца нейкая кансэрвацыя ў гэтым пытаньні. А падобныя выпадкі — яны будуць так ці інакш здарацца, бо каб праблема вырашалася, то ёю трэба займацца. Але грамадзтву гэта не цікава.

Грамадзтва не разьвітае і не гатовае да таго, каб кожны грамадзянін апэляваў да агульнаграмадзянскіх і агульначалавечых каштоўнасьцяў і спрабаваў прымаць нейкія рашэньні альбо ўплываць на іх. І тады дзяржава бярэ на сябе гэтыя функцыі і вырашае так, як ёй зручней. А ёй зручна не чапаць гэтыя пытаньні, якія гістарычна, з папулісцкага пункту гледжаньня не цікавыя. Бо гэта не абяцаць пяцьсот ці тысячу даляраў заробку. А тут трэба нешта рабіць і пры гэтым страчваць папулярнасьць. Таму ніхто гэтага ня будзе рабіць — ні ўлада, ні апазыцыя.

Магілёўскі гей пра сьмерць Пішчэўскага: «Хто наступная ахвяра?»

«Кожны чалавек мае неад’емнае права на жыцьцё, шчасьце і каханьне», — кажа гей з Магілёва. На ягоную думку, беларускае грамадзтва становіцца больш агрэсіўным. Некаторым яго прадстаўнікам патрэбныя ахвяры, каб сьцьвердзіцца. Сёньня аб’ектам іхных нападаў сталі прадстаўнікі сэксуальнай меншасьці. Заўтра ахвярай могуць зрабіцца іншыя мяншыні.

«Я ня ведаю выпадкаў, калі дзяржава рабіла нешта для прадухіленьня злачынстваў на глебе нянавісьці»? — праваабаронца

Міліцыя часта ніяк не рэагуе на напады, якія ўчыняюцца з матываў

Натальля Манькоўская

Натальля Манькоўская

нецярпімасьці, а дзяржава нічога ня робіць, каб гэта зьмяніць, распавяла Свабодзе Натальля Манькоўская, старшыня праваабарончага цэнтру «Ідэнтычнасьць».

«Выпадак зь Міхалам Пішчэўскім стаў самым вядомым. Мала таго, што чалавек памёр, але і нападнік застаўся практычна не пакараны за вельмі брутальны гвалт. Ды толькі за гэты год мы зафіксавалі чатыры выпадкі нападаў, якія былі справакаваныя сэксуальнай арыентацыяй пацярпелага. І толькі ў двух выпадках людзі вырашылі неяк дабівацца справядлівасьці, крымінальных спраў. Насамрэч такія выпадкі бывалі часта. Але я не магу даць поўную статыстыку, бо пацярпелыя часта не зьвяртаюцца ў праваабарончыя арганізацыі, а часам і ў міліцыю, бо лічаць, што гэта неэфэктыўна. Проста намагаюцца гэта забыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG