Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрысты заклікаюць распачаць крымінальную справу за ўчарашняе зьбіцьцё грамадзян у менскім судзе.

Зьбіцьцё журналіста і грамадзкіх актывістаў у судзе Фрунзенскага раёну Менску ў інтэрвію Свабодзе камэнтуюць незалежныя юрысты.

Андрэй Бастунец: «Неабходна як мага хутчэй зьвяртацца да сваіх працадаўцаў, юрыстаў і праваабаронцаў»

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

«Гэтая сытуацыя са зьбіцьцём журналіста і іншых асобаў — гэта прамое парушэньне законнасьці і правоў чалавека. І цяпер неабходна рыхтаваць дакумэнты, здымаць пабоі і зьвяртацца ў праваахоўныя органы дзеля распачацьця крымінальнай справы.

Што тычыцца самаабароны, то ўсё ж нельга аказваць супраціў, тым больш адбівацца, бо гэтая справа будзе перавернутая і скіраваная супраць чалавека, якія спрабаваў абараняцца. Супраць такога чалавека можа быць распачатая крымінальная справа, і наступствы для яго могуць быць нашмат цяжэйшыя, чым гэта магло быць. У такіх сытуацыях неабходна як мага хутчэй зьвяртацца да сваіх працадаўцаў, юрыстаў і праваабаронцаў. Каб надалей адстойваць свае правы ў прававым полі і з дапамогай адваката».

Гары Паганяйла: «Я прытрымліваюся прынцыпу: з хуліганамі — па-хуліганску»

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

«Улады па-ранейшаму паводзяць сябе брутальна адносна тых, хто спрабуе выказаць супрацьлеглую думку, хто спрабуе пратэставаць. Яны замінаюць прафэсійнай дзейнасьці журналістаў, назіральнікаў, праваабаронцаў — да прыкладу, нядаўна, таксама ў адміністрацыйным парадку, былі затрыманыя назіральнікі. Гэта ўсё сьведчыць, што рэжым сваёй прыроды не зьмяняе — зьмяняецца толькі танальнасьць, але рэжым застаецца ранейшы. Гэта пры тым, што і журналісты, і праваабаронцы, якія выконваюць свае прафэсійныя абавязкі, павінны знаходзіцца ва ўмовах, якія найбольш спрыяюць выкананьню гэтых прафэсійных абавязкаў. Наша ўлада не жадае гэтага і таму не паводзіць сябе цывілізавана. Але журналіст, які абавязаны і хоча адлюстроўваць рэчаіснасьць — фіксаваць факты, апытваць сьведак — ён павінен і будзе гэта рабіць. Калі яму забараняць, у тым ліку такімі брутальнымі мэтадамі, то ён ня здолее прафэсійна выконваць сваю працу.

Што можна параіць у такой сытуацыі? Я асабіста — як выхаванец дзіцячага дому — прытрымліваюся заўсёды прынцыпу: з хуліганамі — па-хуліганску. Але я не магу даць такую ж параду нашым грамадзянам. Калі міліцыянт беспадстаўна ўжывае фізычную сілу, то чалавек таксама можа адказваць фізычнай сілай. Але калі там зграя, якая добра навучаная, а таксама мае магчымасьць выкарыстоўваць спэцыяльныя сродкі для падаўленьня супраціву, то даць гэткую ж адназначную параду нельга. Зь іншага боку, не рабіць нічога, каб засьведчыць, што сілавікі паводзяць сябе супрацьпраўна, таксама нельга.

У нашых умовах лепш будзе падпарадкавацца дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі: сесьці ў машыну, ісьці ва ўчастак. Але калі складаюцца дакумэнты і пратаколы паводле крымінальнага ці адміністрацыйнага правапарушэньня, то пацярпелы павінен напісаць у тлумачэньні ўсю праўду. Гэтаксама ён павінен патрабаваць адваката, а журналісты і праваабаронцы павінны суправаджаць затрыманага да ўчастку ці суду. І абавязкова паведамляць і распаўсюджваць падрабязнасьці ўсяго, што адбываецца. Публічнасьць і галоснасьць — гэта найпершая і вельмі вялікая справа. Бо ўлады цудоўна разумеюць, што чыняць беззаконьні, і хацелі б рабіць гэта таемна. А калі гэтая інфармацыя становіцца даступнай грамадзкасьці, калі іхні ваўчыны выскал выстаўляецца на абмеркаваньне грамадзкасьці, у тым ліку міжнароднай, то гэтага яны вельмі ня хочуць і баяцца. Таму журналістам і дастаецца больш за іншых, бо яны раскрываюць злачынствы, робяць іх даступнымі і публічнымі. А ўсялякае зло хацела б чыніць гэтае зло таемна».

Павал Сапелка: «Мірны пратэст — гэта адзінае, што застаецца для самаабароны ў грамадзян»

Павал Сапелка

Павал Сапелка

«Я, канечне, вельмі паважаю журналістаў і іхнюю працу, але там былі зьбітыя яшчэ два чалавекі, і яны таксама дзейнічалі правамерна і выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю. І мне падаецца, што гэтую сытуацыю варта разглядаць, не разьдзяляючы пазыцыяў і роляў усіх удзельнікаў інцыдэнту. Што тычыцца прававога аспэкту, то, безумоўна, неабходна зьвяртацца ў Сьледчы камітэт у пытаньні правядзеньня праверкі і прававой ацэнкі, а, фактычна, распачацьця крымінальнай справы адносна тых супрацоўнікаў, якія зьбівалі людзей. Гэта відавочныя прыкметы крымінальнага злачынства паводле перавышэньня ўлады і службовых паўнамоцтваў. Парады такія, што неабходна фіксаваць цялесныя пашкоджаньні і дамагацца, каб распачалі крымінальную справу. На жаль, іншыя парады даваць складана. Калі гаворка вядзецца адносна журналістаў, то з мэтай самазахаваньня неабходна пазначаць сябе надпісамі, бэйджамі, якія сьведчаць пра прафэсійную прыналежнасьць. Але, на жаль, у нас і гэта не гарантуе недатыкальнасьці асобы. У нас вядомыя прыклады, калі журналістаў затрымлівалі і ўжывалі да іх фізычную сілу, калі было дакладна вядома, што яны выконваюць свае прафэсійныя абавязкі. Таксама вядомыя выпадкі, калі затрымлівалі назіральнікаў і праваабаронцаў на масавых імпрэзах.

Мяне заўсёды прыводзіць у шаленства тая сытуацыя, што міліцыянты вельмі часта подла выкарыстоўваюць фізычную сілу неправамерна. Бо выдатна разумеюць, што ў адрозьненьне ад грамадзян, адносна якіх яны выкарыстоўваюць фізычную сілу, самі міліцыянты больш абароненыя законам. І любое ўжываньне сілы ў адказ, безумоўна, пацягне яшчэ горшыя наступствы для тых, хто супрацьстаіць іх сіле. Ёсьць такія выпадкі, калі адказваючы на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў, людзі атрымоўвалі яшчэ і крымінальны перасьлед. Таму мірны пратэст — гэта тое адзінае, што застаецца для самаабароны ў грамадзян».

Міхаіл Пастухоў: «У дзеяньнях гэтых людзей у цывільным ёсьць склад мноства злачынстваў»

Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

«Гэта вычварэнства, якое адбываецца ў цывілізаванай прасторы і часе, у асобна ўзятай краіне. Так, безумоўна, ня могуць паводзіць сябе прадстаўнікі сілавых структур: мала таго, што яны апранутыя ў цывільнае адзеньне, дык яны яшчэ напоўніцу ўжываюць усе магчымыя мэтады расправы над іншадумцамі. У дзеяньнях гэтых людзей у цывільным ёсьць склад мноства злачынстваў. Тут ёсьць склад хуліганства, учыненага групай асобаў у памяшканьні дзяржаўнай установы. Ёсьць чыненьне перашкоды ў справе выкананьня службовых абавязкаў. Таксама перавышэньня ўлады і службовых паўнамоцтваў, наўмыснае прычыненьне цялесных пашкоджаньняў і катаваньне — зьбіваньне ў пакоі, які суседнічае з памяшканьнем суда цягам дваццаці хвілін, калі было чутна як зьдзекуюцца зь людзей. Кампэтэнтныя органы павінны адрэагаваць на гэтае дзікунства — такі незвычайны выпадак, калі людзей зьбівалі прадстаўнікі ўлады ў будынку дзяржаўнай установы. Павінна быць распачатая крымінальная справа і прадстаўнікі сілавых структураў, якія чынілі гэтае беззаконьне, павінныя быць прыцягнутыя да адказнасьці. Пацярпелыя мусяць зьвяртацца ў пракуратуру, сьледчыя органы, а таксама правесьці прэсавую канфэрэнцыю, каб паведаміць падрабязнасьці і растлумачыць тое, што адбылося».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG