Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На шахце ў Салігорскім раёне «захрасла» транспартная кабіна, цяжка траўмаваныя пяць работнікаў. СК завёў справу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У выніку інцыдэнту на тэрыторыі 2-га рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій» у Салігорскім раёне Менскай вобласьці ўвечары 3 лістапада захрасла транспартная кабіна, у якой былі 5 работнікаў прадпрыемства. Ратавальнікі дасталі пацярпелых на паверхню, паведаміла МНС Беларусі.

«Каля 16.30 пяць работнікаў падземнага ўчастка аўтаматызацыі вытворчых працэсаў спускаліся ў клеці па ствале № 3 на гарызонт −445 мэтраў. У выніку апусканьня клеці ніжэй за ўстаноўленую адзнаку яны атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці», — пракамэнтавалі інцыдэнт у «Беларуськаліі».

Прычыны няшчаснага выпадку расьсьледуе камісія.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, ва ўсіх пацыентаў цяжкія спалучаныя траўмы — пераломы ключыц, хрыбетніка, таза і ніжніх канцавінаў. Іх шпіталізавалі. У аднаго пацярпелага (1991 году нараджэньня) лекары дыягнаставалі пашкоджаньне хрыбетніка, у другога больш цяжкі стан — паводле папярэдняй інфармацыі, пералом хрыбетніка і канцавінаў, у трэцяга — таксама цяжкія траўмы, у тым ліку пералом ніжніх канцавінаў. Стан яшчэ двух Мінздароўя не ўдакладніла.

У Салігорскую Цэнтральную раённую бальніцу накіравалі сьпінальнага хірурга і траўматоляга-артапэда РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі для кансультацый і дапамогі мясцовым лекарам.

Аднаму з работнікаў спатрэбілася апэрацыя па стабілізацыі паясьнічнага аддзела хрыбетніка, якую выканалі ў Салігорскай ЦРБ, паведаміў галоўны лекар бальніцы Аляксандар Кісель.

«На дадзены момант пацыенты знаходзяцца ў стабільным стане, пад дынамічным назіраньнем профільных спэцыялістаў», — удакладніў ён.

Сьледчы камітэт завёў па факце здарэньня крымінальную справу па ч.2 арт.306 Крымінальнага кодэксу Беларусі (парушэньне правілаў аховы працы, якое пацягнула па неасьцярожнасьці прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня дзьвюм ці больш асобам).

Шахтар — адна з самых небясьпечных прафэсій. Штогод на «Беларуськаліі» гінуць людзі.

Вядомыя інцыдэнты на «Беларуськаліі» за апошнія гады

2014 год — моцны пажар

У Салігорску на глыбіні 440 мэтраў загарэлася абсталяваньне ў шахце на адным з руднікоў «Беларуськалія». У шахце ў гэты час было 467 гарнякоў. Выратавальнікам удалося іх эвакуаваць.

2015 год — 2 чалавекі загінулі

25 красавіка 2015 году ў шахце першага рудаўпраўленьня «Беларуськалія» адбыўся абвал вырабаткі на глыбіні мінус 264 мэтры. Загінуў 37-гадовы праходчык.

2 лістапада загінуў 27-гадовы рабочы, выконваючы плянавыя працы на адным з участкаў трэцяга рудаўпраўленьня. Адбылося моцнае выдзяленьне мэтану.

2016 год — 4 чалавекі загінулі

9 чэрвеня ў другім рудаўпраўленьні ўпала мэталяканструкцыя, якую мантавалі, загінуў 27-гадовы рабочы. 22 чэрвеня кіроўца ў шахце ня справіўся з кіраваньнем і атрымаў траўмы.

12 ліпеня пры буравых працах загінуў 53-гадовы рабочы.

26 кастрычніка працаўнікі падраднай арганізацыі падымаліся ў люльцы да месца выкананьня дахавых працаў. Люлька абарвалася. 27-гадовы рабочы загінуў на месцы, яшчэ трое былі траўмаваныя.

14 лістапада загінуў 22-гадовы машыніст горна-вымальных работ, які рамантаваў тэхніку, што забясьпечвае вырубку парод. Хлопца прыціснула режучым мэханізмам праходчага камбайна.

2017 год — 1 чалавек загінуў

3 студзеня на 13-м паўночна-заходнім слупе гарызонту мінус 620 мэтраў трэцяга рудаўпраўленьня загінуў 52-гадовы машыніст трэста «Шахтаспэцбуд» Уладзімер Штылёў.

2018 год — 2 чалавекі загінулі

9 сакавіка на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўленьня пры выкананьні зарубкі на тэхналягічную збойку 22б заходняга слупа гарызонту мінус 620 мэтраў адбыўся раптоўны выкід солі і газу. Загінулі двое рабочых — Максім Іваноў і Дзьмітры Валькоў.

2019 год — загінуў 1 чалавек

3 чэрвеня рабочы ў шахце атрымаў сьмяротную траўму: яго «прыціснула самаходным вагонам аб борт выпрацоўкі».

2020 год 2 рабочыя загінулі

4 сакавіка падземная машына для перавозкі пасажыраў сутыкнулася з цаліком горнай выпрацоўкі. Кіроўца падземнай машыны атрымаў траўмы ў шахце ААТ «Беларуськалій» і пазьней памёр у лякарні, яшчэ 7 чалавек пацярпелі.

10 чэрвеня пры руху самаходнага вагона на ТАА „Беларуськалій“ быў сьмяротна траўмаваны 21-гадовы рабочы. Здарэньне адбылося на шахце 4-га рудаўпраўленьня на гарызонце 670 ПДУ-5.

2021 год — 3 рабочыя загінулі

30 траўня на рудніку 3РУ быў сьмяротна траўмаваны м54-гадовы машыніст горна-выемачных работ.

3 жніўня ў шахце Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу «Беларуськалія» загінулі 32-гадовы і 27-гадовы работнікі, якія выконвалі пагрузачна-разгрузачныя работы. Яны знаходзіліся ў даставачнай машыне ў момант, калі яна пакацілася ўніз па ўхіле і ўрэзалася ў праходчы камбайн. У СК паведамлялі, кіроўца не паставіў машыну на тормаз і пакінуў кабіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG