Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маем справу з рэжымам, які ня спыніцца і будзе ўжываць зброю». Што Алкаеў гаварыў аб пратэстах у 2020-м і «сьпісах тэрарыстаў» у 2022-м


Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

У траўні 2022-га Алег Алкаеў і ў 2020 годзе даваў Свабодзе інтэрвію, у якіх патлумачыў шэраг псыхалягічных момантаў, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі і паводзінамі сілавікоў.

Сабралі ў адзін матэрыял ягоныя ключавыя выказваньні.

Пра «кругавую паруку» ў сілавікоў:

«Там, дзе супрацоўнік міліцыі індывідуальна прымае рашэньні, ён ніколі ад закону не адыдзе. А калі каманда даецца падразьдзяленьню, узводу, там ёсьць кругавая парука. Гэта чыста мужчынскае паняцьце. Тут залежнасьць адзін ад аднаго вельмі моцная. Камандзір дае каманду і сам ідзе ў гэты бой. Ня можа сказаць, што захварэў ці што. Рабі так, як усе. Гэта залежнасьць. Калі нешта ня так зробіць, калектыў да яго адвернецца. У дзіцячым садку ўзялі дзесяць дзяцей, дзевяці далі салодкую кашу, а дзясятаму — горка-салёную. Дзевяць дзяцей ядуць і ўсьміхаюцца, і дзясяты есьць і ўсьміхаецца, думае, што ва ўсіх так і трэба ўсьміхацца. Такая залежнасьць у жыцьці паўсюль існуе».

Пра момант, калі ўлады аднавілі гвалт, бо зразумелі, што людзі не гатовыя да «сілавога сцэнару»:

«Міліцыя не магла справіцца. Таму што супраць такой масы фізычных сілаў не хапала. Зброю прымяняць нельга, а маса сваю справу зробіць, і канфлікт перайшоў бы ў актыўную стадыю. Гэты тыдзень быў ступарам для ўлады. Яны паціху пачалі агрэсію. Былі выпадкі, калі зусім міліцыі не было на вуліцы. У натоўпе было шмат інфарматараў, яны перадавалі настроі натоўпу. Калі зразумелі, што ніхто нікога нікуды не заклікае, ніякага перавароту ня будзе, зносіць агароджы, захопліваць палацы ніхто ня будзе... Пайшлі на „Валадарку“, нешта запатрабавалі. Але захапіць „Валадарку“ — справа няпростая. Там вельмі шмат зброі, аблогу могуць тыднямі трымаць, як Берасьцейская крэпасьць. Пастаялі і сышлі — ніхто дзьвярэй не адчыніў».

Чаму сілавікі ня сталі на бок народу:

«Любы чалавек у структуры ўнутраных справаў зарыентаваны на начальства. Гэта структура, якая будуецца зьверху ўніз. Гадамі чалавек прывык падпарадкоўвацца. Я таксама ўмею і камандаваць, і падпарадкоўвацца... І калі супрацоўнік падумае, а за каго я? Якія ў нас лідэры былі?.. Рэальнага начальніка работнікі міліцыі тонка адчуваюць, ад каго чаго чакаць. Яны ня згодныя ні з адным зь дзейных лідэраў. У нас яны гатовыя на разьвіцьцё падзей, але яны лідэры парлямэнцкага толку. Сядзець і дыскутаваць.

Другое — кожны задумаецца, а што яму гэта дасьць. Іх жа палохалі люстрацыяй. Гэтая тэмы разыгрываецца сярод супрацоўнікаў. Буду я працаваць ці ня буду. Мяне сфатаграфавалі, калі я разганяў. Мала якія вар’яты да ўлады прыйдуць. І чалавек застанецца бяз працы. Даволі шмат ільготаў у міліцыі — кватэры, ільготныя крэдыты, іншыя. І ён гэта можа страціць. Непрадказальнасьць далейшых паводзінаў. Не было ніводнай талковай, яснай праграмы, каб кожны разумеў, што для яго будзе».

Пра радыкальны пратэст і немінучыя ахвяры:

«Я патлумачу, чаму не было радыкалізму і чаму яго ня будзе. Возьмем калёнію — 2 тысячы чалавек. Калі я працаваў у Навасадах, было больш за 4 тысячы. На вышках усяго чатыры салдаты зь няпоўнымі магазынамі нават. Падавалася б, гэтая маса можа зьнесьці плот, яны паваляць яго, але першыя 10–15 загінуць. І вось такіх першых 10–15 у калёніі не знаходзілася. Усе марылі пра свабоду, але пытаньне было, хто ж пойдзе. Так і ў гэтым выпадку. Можна было павярнуць натоўп на рэзыдэнцыю прэзыдэнта, на МУС, на КДБ, на нейкую вайсковую частку. І першыя загінуць. Гэта ўсе разумеюць. Падстаўляць цывільных асобаў, жанчын ці мужчын у першыя пяцёрку-дзясятку — гэта барбарства і не зусім прыстойна.

Мы маем справу з аўтарытарным рэжымам, які ня спыніцца і будзе ўжываць сілу і зброю. Па іх будуць страляць. Гэта ўсе ведалі. Ці можна гэта практычна зрабіць? Так, можна, калі пераходзіць на бок народу арганізаваная вайсковая частка, а яшчэ лепей — арганізаваны АМАП, спэцназ ды іншыя. У межах батальёну нешта можна вырашыць».

Пра сьмяротную кару за намер ажыцьцявіць тэрарыстычны акт

У інтэрвію Свабодзе ў траўні 2022 году Aлег Aлкаеў пракамэнтаваў увядзеньне сьмяротнай кары ў Беларусі за намер ажыцьцявіць тэрарыстычны акт.

«Гэта нешта новае ў юрыспрудэнцыі. Аналягаў я ня бачыў у іншых краінах. Намер ёсьць намер. У Крымінальным кодэксе былі артыкулы пра замах, але калі не ўдалося давесьці злачынны намер да канца... Злачынства павінна быць закончаным. Гэта тэрмін з крымінальнага права, калі злачынца дасягае злачыннага выніку. А намер, задума — гэта першапачатковая стадыя злачынства. Пасядзелі, памарылі: хадзем заўтра лёнданскую біржу абрабуем — але мы разумеем, што гэта немагчыма, і гэта называецца голы намер ці проста балбатня. І сёньня гэты выведзена на ўзровень самастойнага, закончанага, зьдзейсьненага злачынства».

На думку Aлкаева, рэжым Лукашэнкі ўлавіў нюанс, што слова «тэрарызм» выклікае насьцярожаную рэакцыю, і нездарма стаў складаць «сьпісы тэрарыстаў».

«Да слова „тэрарызм“ вельмі насьцярожана ўсе ставяцца. Гэта адчулі ўлады, і яны цяпер любую падзею разглядаюць як спробу дзяржаўнага перавароту, спробу захопу ўлады і іншыя гвалтоўныя дзеяньні, накіраваныя на зрынаньне ўлады і спадарожныя гэтаму злачынствы. Што такое тэрарызм? Наўмысныя падпалы, вывядзеньне са строю камунікацый... А можна было разгледзець як хуліганства, спробу зьнішчэньня маёмасьці. Базавыя доказы, якія кладуцца ў аснову вызначэньня тэрарызму, — гэта тэлефонныя SMS, заклікі кшталту: „Заўтра ідзем рабіць рэвалюцыю“. Калі раней гэта была проста балбатня, то сёньня яна працуе супраць людзей».

Галоўнай мэтай увядзеньня сьмяротнай кары за намер зьдзейсьніць тэрарыстычны акт Aлкаеў назваў жаданьне рэжыму пасеяць сярод людзей яшчэ большы страх.

«Першая мэта — запалохаць. І тут ня варта ставіцца з іроніяй. Апэляваць да міжнароднай супольнасьці бяз сэнсу. Няма мэханізму, не працуе гэта ні ў Амэрыцы, ні ў Беларусі. Усе, хто апэлюе да міжнародных судоў, махляры ад праваабароны, якія закону ня ведаюць. А каб запалохаць, патрэбен нейкі актуальны прысуд, які будзе. Прысудзяць чалавеку. Артыкул жа не дарма ўвялі.

Калі ўжо наша дзяржава перайшла на новую кваліфікацыю, то павінны і мы разумець, што і гэта патрабуе перагляду кваліфікацыі. Ня проста забойства Захаранкі, а акт тэрарызму. Забойства Шарамета — акт тэрарызму. Дарэчы, і спроба майго забойства, калі вярнуцца да знакамітай прамовы спадара Зайцава, гэта таксама акт тэрарызму на стадыі задумы. Гэта таксама акт тэрарызму і нясе ў сабе закончаны склад злачынства».

Пра зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі

Aлкаеў не сумняваўся ў тым, што «справу зьніклых палітыкаў» давядуць да канца і вінаватыя будуць пакараныя.

«Думаю, што з намі ці бяз нас калісьці ў гэтай справе паставяць кропку».

Алег Алкаеў памёр раніцай 20 верасьня ва ўзросьце 69 гадоў. Апошнія 20 гадоў ён жыў у Нямеччыне, дзе атрымаў палітычны прытулак пасьля таго як выкрыў дзеяньні так званай «расстрэльнай каманды» Лукашэнкі, пра якую напісаў кнігу. У ёй ён напісаў, што ўлады могуць быць датычныя да зьнікненьня і меркаванага забойства беларускіх палітыкаў — апанэнтаў Лукашэнкі — старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG