У Беларусі на пасьлявыбарчых пратэстах затрымалі больш за 5 тысяч чалавек. Сілавікі пры разгоне акцый ужывалі сьлезацечны газ, сьвятлашумавыя гранаты, стралялі па пратэстантах гумовымі кулямі. Афіцыйна пацьвердзілі сьмерць аднаго чалавека, у шпіталі трапілі больш за 200 чалавек.
Пра тое, што адбываецца ў Беларусі і як гэта адрозьніваецца ад падзей Эўрамайдану ва Ўкраіне, вядоўца жывога відэаэфіру тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі пагутарыў з былым украінскім прэмʼер-міністрам Арсеніем Яцанюком.
Сьцісла
- Пуціну выгадна, каб Лукашэнка прымяніў сілу. Пуціну выгадна, каб у Лукашэнкі рукі былі ў крыві.
- Для Ўкраіны, як і для Беларусі, самае важнае — каб быў не прарасейскі прэзыдэнт, не праўкраінскі прэзыдэнт, а прабеларускі прэзыдэнт.
- Слабы нелегітымны беларускі прэзыдэнт — гэта самы кароткі шлях для Пуціна, каб завяршыць фармаваньне саюзнай дзяржавы на ўмовах Пуціна.
- Слушны выхад сёньня для Беларусі і для самога Лукашэнкі ёсьць толькі адзін. Яго практычна немагчыма дасягнуць, але гэта адзіны слушны выхад. Гэта паўторныя прэзыдэнцкія і адначасна парлямэнцкія выбары
— Вы сочыце за тым, што адбываецца ў Менску, і на што гэта, па-вашаму, падобна? Ці падобна гэта на ўкраінскую Рэвалюцыю годнасьці? Як вы ставіцеся да гэтай падзеі як былы палітык, які гутарыў падчас сваёй карʼеры з Аляксандрам Лукашэнкам?
— Вядома, я сачу. І пытаньне ня толькі ў тым, што я сачу, а гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі ў тым ліку і для Ўкраіны. Бо Беларусь — гэта наша суседка. І тое, што адбываецца ў Беларусі сёньня, мае і драматычнае, і гістарычнае вымярэньні. Драматычнае — таму што беларуская ўлада пайшла па расейскім сцэнары, калі шляхам ціску, шляхам запалохваньня, шляхам фізычнага гвалту пачалі зьнішчаць першыя парасткі дэмакратыі. Менавіта таму гэта гістарычныя падзеі для Беларусі.
І тут трэба паапладаваць беларускаму народу, які на працягу апошніх 26 гадоў знаходзіўся выключна пад аўтарытарным ціскам. Там вынішчалася ўсё, што мела дачыненьне да свабоды слова, да дэмакратыі, да свабоды волевыяўленьня. І, нягледзячы на гэта, за гэтыя 26 гадоў вырасьлі маладыя беларусы. Так, яны гадаваліся пры Лукашэнку, але пры гэтым пры ўсім яны ўжо па-іншаму думаюць, яны па-іншаму адчуваюць, яны ўжо ведаюць, што ім трэба змагацца за сваю будучыню, таму для Беларусі гэта гістарычныя падзеі.
Для Ўкраіны, як і для Беларусі, самае важнае — каб быў не прарасейскі прэзыдэнт, не праўкраінскі прэзыдэнт, а каб у Беларусі быў прабеларускі прэзыдэнт.
— Ці Аляксандар Лукашэнка — прабеларускі прэзыдэнт?
— Давайце шчыра казаць. Беларусь па факце была паглынутая Расеяй. На вялікі жаль, вялікая залежнасьць Беларусі — фінансавая, эканамічная, палітычная, вайсковая, у бясьпецы, — яна фактычна сёньня стала адной з ключавых мэтаў для расейскага прэзыдэнта Пуціна, каб легітымізаваць гэты грамадзянскі шлюб, таму што грамадзянскі шлюб з Расеяй ёсьць.
— Так, але гэта збольшага быў выбар Лукашэнкі, мне здаецца, гэта яго пасьлядоўная палітыка.
— Абсалютна дакладна. Больш за тое, тыя падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі, вельмі выгадныя Пуціну, таму што Лукашэнку ўжо па факце ніхто не прымае, Лукашэнку, які не праводзіў выбараў. Усе кажуць: «Выбары ў Беларусі несумленныя і недэмакратычныя». Хвіліначку: у Беларусі не было выбараў. Гэта не выбары. Тое, што адбывалася ў Беларусі, — гэта перапрызначэньні Лукашэнкі. Выбары маюць зусім іншую форму.
— Але ў 1994 годзе ён выйграў выбары — яны тады былі сумленнымі.
— Але цяпер на дварэ 2020 год. Мы гаворым пра сёньня. Што выгадна Пуціну? Пуціну выгадна, каб Лукашэнка прымяніў сілу. Пуціну выгадна, каб у Лукашэнкі рукі былі ў крыві. Пуціну выгадна, каб Лукашэнка быў юрыдычна легітымным, а фактычна нелегітымным прэзыдэнтам. І тады Пуцін у стане завяршыць адну з сваіх ключавых ідэй. У яго, вядома, ключавая ідэя — гэта адраджэньне Савецкага Саюзу. Але адзін з гэтых пазлаў — Беларусь. І ён спрабаваў захапіць Украіну — мы яму гэтага не далі зрабіць. Сёньня з дапамогай таго, што адбываецца ў Беларусі, слабы нелегітымны беларускі прэзыдэнт — гэта самы кароткі шлях для Пуціна, каб завяршыць фармаваньне саюзнай дзяржавы на ўмовах Пуціна.
— Лукашэнка ўжо даўно не самотны, але пасьля гэтых выбараў ён ператвараецца ў калектыўнага Лукашэнку, як нам казалі многія экспэрты, зь сілавымі службамі, якія валодаюць некаторай палітычнай субʼектнасьцю, са сваім найбліжэйшым партнэрам і былым памочнікам Віктарам Шэйманам — зь яго спэцслужбамі — і іншымі людзьмі. Хіба ўсе гэтыя людзі хочуць, каб Расея паглынула Беларусь? У іх могуць быць свае інтарэсы.
— Вядома, у іх могуць быць свае інтарэсы. Толькі іх інтарэсы, на вялікі жаль, яны ня ў стане самі рэалізаваць. Калі б у іх быў інтарэс мець дэмакратычную краіну — тады ім неабходна ісьці ў Эўрапейскі Зьвяз, тады ім трэба адмовіцца ад саюзнай дзяржавы, тады ім трэба праводзіць сумленныя дэмакратычныя выбары, тады ім трэба змагацца з карупцыяй. Гэта правіла Эўропы. Усе іншыя правілы — гэта правілы Расеі.
— У Беларусі вельмі нізкі ўзровень нізавой карупцыі, краіна гатовая для інвэстыцый. А ці мае Захад цяпер грошы, каб даць іншаму беларускаму прэзыдэнту — не Аляксандру Лукашэнку, — каб ён быў самастойным?
— У першую чаргу неабходна вырашыць пытаньне: за што змагаецца Беларусь? Вельмі важна, што Беларусь змагаецца за сваю незалежнасьць, за сваю будучыню.
Вы задавалі пытаньне: якая розьніца паміж Украінай і Беларусьсю? Бо мы былі ня проста супраць Януковіча. Краіна дакладна выступіла за інтэграцыю з ЭЗ, за пагадненьне з ЭЗ, за NATO. Краіна дакладна выступіла за сваю тэрытарыяльную цэласнасьць і незалежнасьць. Гэта значыць, краіна ішла ня толькі «супраць» — краіна ішла «за». І я ўпэўнены, што тыя людзі, якія выйшлі сёньня на вуліцы ў Беларусі, яны таксама ня «супраць» — яны «за». За новую, за лепшую, за дэмакратычную, за эўрапейскую Беларусь.
Што тычыцца карупцыі. Вядома, гэта добра, калі ў краіне няма карупцыі на нізавым узроўні, але калі ўся ўлада на самым верхнім узроўні належыць аднаму клану — гэта і ёсьць самая страшная карупцыя.
— Людзі кажуць, што ў Беларусі цяпер міліцыя з народам. Як вы думаеце, ці ў стане міліцыя адступіць у Беларусі, і калі так, то пры якіх умовах?
— Я так бачу, што Лукашэнка рыхтаваўся да такога разьвіцьця сытуацыі, таму што тое, што адбываецца на вуліцах Менску, паказвае, што міліцыя рыхтавалася да разгону масавых дэманстрацый. І ён сёньня будзе змагацца да апошняга, і даручаныя яму сілы будуць змагацца да апошняга, каб утрымаць уладу.
Выхад сёньня для Беларусі і для самога Лукашэнкі ёсьць толькі адзін слушны. Яго практычна немагчыма дасягнуць, але гэта адзіны правільны выхад. Гэта паўторныя прэзыдэнцкія і адначасовыя парлямэнцкія выбары. Я кажу яшчэ і аб парлямэнцкіх выбарах, таму што ва Ўкраіне Майдан быў цалкам канстытуцыйны і легітымны. Ва Ўкраіне па ўсіх рашэньнях галасавалі ў парлямэнце і атрымлівалі або канстытуцыйную большасьць, або простую большасьць. Таму для Беларусі сёньня патрэбна новая старонка. Але калі Лукашэнка кажа, што ён выйграў выбары, значыць, няхай пойдзе на паўторныя выбары і няхай абвесьціць у тым ліку і адначасовыя парлямэнцкія выбары. І для гэтага павінны працаваць і нашы эўрапейскія сябры — гэта значыць увесь ЭЗ — і амэрыканцы, і Ўкраіна, таму што мы найбліжэйшыя суседзі і сябры, і партнэры, і [трэба яшчэ будзе] паглядзець на расейскую рэакцыю.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.