Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі: «Пераломны працэс не спыніць міліцэйскімі дручкамі»


Эльжбета Смулкова, архіўнае фота
Эльжбета Смулкова, архіўнае фота

Першая амбасадарка Польшчы ў незалежнай Беларусі беларусістка Эльжбета Смулкова ў інтэрвію Свабодзе выказала салідарнасьць зь беларусамі, якія дамагаюцца лепшай долі для сваёй радзімы.

«Шчыра захапляюся, што гэтым разам такой колькасьці людзей удалося самаарганізавацца — ня толькі ў Менску, нават у найменшых месцах краіны, — кажа пані Эльжбета. — Такога не было ад самых часоў маёй дыпляматычнай кадэнцыі ў Беларусі ў 1994–1995 гадах. Гэта ўжо вялікая надзея, што беларусам удасца перамагчы. Каб умацоўваць самастойнасьць, разьвіваць нацыянальную культуру».

Экс-дыпляматка кажа, што яна абураная, як улады цынічна перакрэсьлілі жаданьне беларусаў да пераменаў, прыпісаўшы Аляксандру Лукашэнку нерэальныя 80% падтрымкі.

«Проста немагчыма, каб так было пры цяперашняй атмасфэры грамадзянскага ўздыму, — перакананая суразмоўца. — Гэта наўпроставы вынік антынароднай змовы — самога Лукашэнкі і камісіі на чале зь Ярмошынай. Гвалт і жорсткасьць, якую дэманструюць сілавікі ў адносінах да тых, хто абураны такімі лічбамі, гэта толькі пацьвярджае. Зрэшты, я ўпэўненая: канвульсіі ўлады будуць нядоўгімі, яна сябе проста вычарпала. Нельга так ставіцца да свайго народу, дзяліць людзей на сваіх і ворагаў».

Эльжбета Смулкова лічыць, што беспадстаўная жорсткасьць рэжыму згуляе супраць яго самога: такія захады прымусяць людзей згуртавацца і даць годны адказ на рэпрэсіі.

«Ясна, што за дзень нічога ня можа зьмяніцца, але пералом у сьвядомасьці людзей ужо адбыўся. А гэта значыць, неўзабаве трэба чакаць гістарычнага пералому ў жыцьці ўсёй Беларусі. Спадзяюся, што і мая краіна афіцыйна загаворыць, выкажа стаўленьне да цяперашніх падзеяў. Пакуль польскага голасу я не пачула — за выключэньнем прапановы прэм’ера Маравецкага арганізаваць слуханьні па Беларусі ў Радзе Эўропы. Тое, што мы бачым — гвалт, жорсткасьць, фальсыфікацыі — не павінны застацца без увагі».

Першая польская амбасадарка ў Беларусі выказвае захапленьне і павагу да жанчын, якія сталі на чале грамадзянскага руху і не пабаяліся супрацьстаяць жорсткаму аўтарытарнаму лідэру: Сьвятлане Ціханоўскай, Вераніцы Цапкала, Марыі Калесьнікавай.

«Вялізная ўдзячнасьць Сьвятлане, Вераніцы, Марыі, — кажа пані Эльжбета. — Адважыцца на такі крок ва ўмовах дыктатары — сапраўдны подзьвіг. На жаль, магу выказаць толькі маральную падтрымку і салідарнасьць, бо нічога канкрэтнага дзеля любай Беларусі зрабіць не магу. Але я бачу, што вялікі пераломны працэс пачаўся, яго ўжо не спыніць міліцэйскімі дручкамі. Бо ў сэнсе кансалідацыі беларусы нашмат крокаў далей, чым пасьля распаду СССР ці на мяжы новага тысячагодзьдзя. Пры ўсёй цяжкасьці пэрспэктывы на будучыню шмат большыя, чым калісьці».

Перакананасьці ёй дадае тое, што гаворка ўжо нават не пра клясычную апазыцыю, якая сёлета засталася па-за палітычнай кампаніяй, а пра звычайных людзей, якім абрыдла трываць хамства ды ваяўнічасьць вышэйшай асобы.
«Спачуваю, але зь верай у лепшае для Беларусі», — падсумоўвае Эльжбета Смулкова.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

(

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG