Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваюць затрымліваць актывістаў і назіральнікаў за выбарамі. Сьпіс абнаўляецца

абноўлена

Затрыманьні на праспэкце Незалежнасьці ў цэнтры Менску 8 жніўня
Затрыманьні на праспэкце Незалежнасьці ў цэнтры Менску 8 жніўня

У Беларусі працягваюцца затрыманьні актывістаў напярэдадні выбараў прэзыдэнта 9 жніўня. Інфармацыя сабраная паводле зьвестак Праваабарончага цэнтру «Вясна» і карэспандэнтаў Свабоды.

Менск

Увечары 7 жніўня ў Менску каля Акадэміі навук і Плошчы перамогі супрацоўнікі АМАПу, міліцыі і салдаты ўнутраных войскаў затрымлівалі ўдзельнікаў традыцыйных роварных акцый салідарнасьці.

У аднаго з затрыманых здарыўся прыступ эпілепсіі, і яго проста з аўтазаку забрала хуткая дапамога.

Яшчэ адной удзельніцы акцыі пры затрыманьні зламалі руку.

Папярэдні сьпіс затрыманых у Менску

  1. Юлія Гагуліна — гэта ёй зламалі руку пры затрыманьні, цяпер яна ў гарадзкой лякарні № 6;
  2. Канстанцін Бурдо — знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна да суду;
  3. Раман Жарабцоў — забралі ў Кастрычніцкі РУУС Менска;
  4. Уладзіслаў Лакутэш;
  5. Кацярына Ластоўска;
  6. Сяргей Герт;
  7. Назіральнік на ўчастку №103 у Менску (сярэдняя школа №99) Георгій Максіменка;
  8. Назіральніца на ўчастку №103 у Менску (сярэдняя школа №99) Алена Бужынская.​
  9. Віктар Краўчанка, назіральнік на ўчастку №69 Першамайскага раёну Менску,
  10. Іва Амбражэвіч, назіральніца на ўчастку №33 Фрунзэнскага раёну,
  11. Аляксей Крылоў,
  12. Арцём Фядотаў,
  13. Дарына Рэут і
  14. Аляксандар Слоўшч, назіральнікі на ўчастках №49 і 50 Кастрычніцага раёну Менску,
  15. Сяргей Сувораў, назіральнік на ўчастку №50 у Калодзішчах,
  16. Ганна Біцень, назіральніца на адным з выбарчых участкаў у Мачулішчах,
  17. Мікалай Прышчэп, назіральнік на 92-м участку Маскоўскага раёну Менску,
  18. Дзяніс Молчан,
  19. Уладзімер Фядосенка і
  20. Артур Вашкевіч, назіральнікі на ўчастку №20 Савецкага раёну Менску,
  21. Валеры Рабцаў, назіральнік на ўчастках №63-65 Заводскага раёну Менску,
  22. Сяргей Галенчанка, назіральнік на ўчастку для галасаваньня №97 Фрунзэнскага раёну (даставілі ў ЦІП),
  23. сябра БНФ Юрась Меляшкевіч,
  24. Вольга Суркова,
  25. Яўген Ермачонак,
  26. Вольга Елісеева.

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, 7 жніўня ў раёне турмы на Акрэсьціна затрыманы сябра сойму Юрась Меляшкевіч. Разам зь ім схапілі яшчэ двух актывістаў, іх прозьвішчы ўдакладняюцца. Прычыны затрыманьня пакуль невядомыя. Суд над імі, мяркуе палітык, пройдзе ўжо пасьля выбараў 10 жніўня.​

Вольгу Суркову затрымалі ўвечары 7 жніўня ў Менску за распаўсюд улётак. Яна была дастаўленая ў Фрунзенскі РУУС, піша «Вясна». Каля дома за расклейку абвестак быў затрыманы Яўген Ермачонак у Заводзкім раёне сталіцы. Таксама за распаўсюд улётак была затрыманая Вольга Елісеева ў Фрунзенскім раёне. Да Алесі Аксёнавай прыйшлі супрацоўнікі АМАПу, дома ў яе адбываецца ператрус.

Назіральніца Іва Амбражэвіч, якая сачыла за выбарамі ў колішняй ейнай школе №59 у Каменнай Горцы, затрыманая, піша «Наша ніва» са спасылкай на назіральніка Сяргея Антусевіча. Дзяўчына пасьпела напісаць, што затрыманьне зьвязанае зь нейкай крымінальнай справай, але зь якой і супраць каго, невядома. Тры супрацоўнікі АМАП затрымалі яе праз заяву ад кагосьці з чальцоў выбарчай камісіі, кажа ён. Бацькі дзяўчыны ня могуць яе зьвязацца, у Фрунзэнскім РАУС ім кажуць, што такая жанчына туды не паступала.

Магілёў

У Магілёве 8 жніўня затрымалі Сяргея Лапуціна. Ён зь сямʼёй ехаў на ўласным аўто зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Супрацоўнікі ДАІ заявілі, што машына скрадзеная.

Бабруйск

8 жніўня затрымалі актывістку АГП і каардынатарку кампаніі назіраньня «Права выбару» Галіну Сьмірнову. Ад полудня яе трымалі ў гарадзкім упраўленьні ўнутраных спраў. Вінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Сьмірнова спрабавала даведацца пра лёс затрыманых за ланцуг салідарнасьці.

9 жніўня Сьмірнову адправілі ў ізалятар да суду. Жанчыну вінавацяць у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Яна зьяўляецца апякункай 92-гадовага бацькі.

Ашмяны

Увечары 7 жніўня на ўезьдзе ў Ашмяны супрацоўнікі ДАІ затрымалі Дзяніса Рымашэўскага. Як паведаміў яго бацька «Вясьне», Дзяніс вяртаўся дадому зь Менску на аўтамабілі, на якім развозіць прадукты харчаваньня. У мясцовым РАУС бацьку затрыманага паведамілі, што на яго сына складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Да суду ён будзе ўтрымлівацца за кратамі.

Затрымалі выдаўца сайту 6tv.by (Магілёўскі рэгіён) Зьмітра Салаўёва. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Надзея Салаўёва. Яна ж пазьней паведамла, што Зьміцер Салаўёў абʼявіў галадоўку. Да суду яго пакінулі ў ізалятары.

Баранавічы

Паводле «Вясны», у Баранавічах яшчэ 7 жніўня быў затрыманы блогер Youtube-каналу «Кропка незвароту» Юры Чудзіновіч.

Белаазёрск

Супрацоўнікі Белаазёрскай міліцыі назіральнік затрымалі на выбарчым участку №13 назіральніцу Ірыну Грышчук. Міліцыю выклікаў старшыня камісіі Алег Панасюк. На назіральніцу склалі пратакол, яе будуць судзіць 11 жніўня ў 9.30 у судзе Бярозаўскага раёну, паведамляе «Радыё Рацыя».

Берасьце

Апоўдні ў кватэры па месцы жыхарства супрацоўнікі міліцыі затрымалі грамадзкага актывіста Яўгена Таргонскага, каля 14.00 у пункце пропуску Казловічы — Паўла Кінчака. Кінчак працуе кіроўцам і вяртаўся з Польшчы ў Беларусь, распавёў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк. Меркавана, іх даставілі ў Ленінскі РАУС, хутчэй за ўсё, да 10 жніўня пратрымаюць у ІЧУ, дадаў праваабаронца.

Браслаў

На 5-ым участку для галасаваньня ў Браславе быў затрыманы назіральнік ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» Валер Трашчынскі.

Віцебск

На адміністратарку тэлеграм-канала «Страна для жизни» з Віцебска Юлію Барсукову завялі крымінальную справу за арганізацыю пратэстаў. Барсукову затрымалі.

Затрымалі назіральніцу кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Дар’ю Лук. Яе затрымалі на ганку школы, дзе знаходзіцца ўчастак для галасаваньня № 66 Першамайскага раёна Менску, дзе яна акрэдытаваная. Яе вязуць у РАУС, інкрымінуюць 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства).

Гомель

Раніцай 8 жніўня ў Гомлі затрыманы Валеры Сьмяян, піша «Вясна». Жонка Аляксея Жулаева паведамляе, што не можа зьвязацца зь ім — яна мяркуе, што мужа затрымалі.

Каля 9.30 супрацоўнікі міліцыі для разьбіральніцтва па факце зьяўленьня на асфальце малюнкаў з надпісам «Стоп таракан» павезьлі з хаты Яўгена Шчура. Пра гэта хлопец пасьпеў паведаміць праваабаронцу Леаніду Судаленку.

Таксама затрымалі давераную асобу Ціханоўскай Тацьцяну Канеўскую. Пра затрыманьне Канеўскай паведаміў яе сын. Паводле сына, затрымлівалі тыя ж людзі, якія рабілі раней у хаце Канеўскіх ператрус. «Маці часова не жыла дома, але яе высачылі і затрымалі», — заўважыў Аляксандар.

Затрыманы і актывіст супольнасьці «Страна для жизни» Аляксей Саламашэнка.

Затрымалі каардынатара кампаніі «Права выбару» Васіля Палякова.

Горадня

Дзьмітры Ціт, давераная асоба кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, ня выйшаў на волю пасьля суду 7 жніўня, піша БелаПАН. Вынік паседжаньня невядомы, як і прычыны затрыманьня — паплечнікаў затрыманага на судзе не было. Ціта затрымалі 6 жніўня супрацоўнікі ДАІ, ён пасьпеў толькі пераслаць аўдыёпаведамленьне пра затрыманьне.

Івацэвічы

Назіральніка ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» Аляксандра Касаўца забрала міліцыя з участку № 5 івацэвіцкага раёну пасьля званка старшыні камісіі.

Карэлічы

Кацярына Касабуцкая паведаміла «Вясне», што сёньня раніцай у яе дома быў праведзены вобшук. Цяпер яе саму міліцыянты хочуць забраць як сьведку па нейкай крымінальнай справе. Раней быў затрыманы яе муж Аляксандр Камісараў, якога адправілі пад арышт на 12 сутак.

Мазыр

У Мазыры затрыманы адміністратар суполак «Страна для жизни» Аляксандар Цуканаў.

Маладэчна

Супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС затрымалі назіральніка «Сумленных людзей» Уладзя Трэцьцяка.

Нарач

Каля 10 гадзін на выбарчым участку ў Нарачы быў затрыманы назіральнік Дзяніс Краўчук. Яго забралі прама з выбарчага ўчастку і адвезьлі ў Мядзельскі РУУС.

Слуцак

На ўчастку № 13 у Слуцку былі затрыманыя назіральніцы ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» Валерыя Харэўка і Алла Трыко.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG