Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч, Адамовіч і Кулей пра тое, чым гэтая кампанія адрозьніваецца ад трох папярэдніх


Пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота
Пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота

Кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч, жонка кандыдата на выбарах — 2010 палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч і жонка кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2006-га Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей параўноўваюць сёлетнюю кампанію з прэзыдэнцкімі выбарамі 2015, 2010 і 2006 гадоў.

Сьцісла:

  • Караткевіч: Пра «няшчасных дзяўчат» абразьліва чуць, тым больш ад сталага мужчыны, старога прэзыдэнта, які павінен быў бы сыходзіць. Колькі ўжо можна?
  • Адамовіч: Гэтая кампанія пачалася з рэпрэсій, рэпрэсіямі працягнулася і, зь вялікай доляй верагоднасьці, рэпрэсіямі завершыцца. Я маю на ўвазе кароткатэрміновую пэрспэктыву, бо ў доўгатэрміновай, я спадзяюся, яна прывядзе да зьмены ўлады.
  • Кулей: У 2006-м быў добры ўздым, было адчуваньне веры ў перамогу, але самі людзі былі больш запалоханыя, чым сёньня. Не было такой колькасьці людзей на мітынгах, асабліва ў рэгіёнах.

Пра «няшчасных дзяўчат»

— Кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую разам з паплечніцамі па «аб’яднаным штабе» Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу Аляксандар Лукашэнка назваў «няшчаснымі дзяўчатамі», якія паняцьця ня маюць, што ім пішуць паліттэхнолягі. Тацяна і Марына, ваша рэакцыя.

Тацяна Караткевіч: Такія выказваньні ў бок канкурэнтаў (максымальна абразьлівыя і не да месца) — паказьнік слабасьці. Калі ты ўпэўнены ў сваёй перамозе, то можаш апэраваць нейкімі аргумэнтамі. Што было зроблена за 26 гадоў, акрамя абяцаньняў? Мы бачым, што грамадзтва прачнулася, няма веры ў людзей да гэтых выбраў. Абвяшчэньне новых выбраў, каб у іх удзельнічалі ўсе магчымыя кандыдаты, вызваленьне палітвязьняў — усё гэта зьяўляецца падмуркам для таго, каб у грамадзтве нарэшце зьявіўся давер, салідарнасьць, супраца, каб мы пабудавалі сваю незалежную Беларусь. А тое, што ён кажа, абразьліва. Тым больш чуць гэта ад сталага мужчыны, старога прэзыдэнта, які павінен быў бы сёньня сыходзіць. Колькі ўжо можна? І я б параіла ўсім, асабліва тром нашым жанчынам, кандыдатцы Сьвятлане Ціханоўскай і прадстаўніцам штабоў, ісьці далей наперад, не зьвяртаць увагі.

Марына Адамовіч: Па сутнасьці, рыторыка не зьмянілася. Гэта сэксісцкая рыторыка чалавека, які адчайна чапляецца за ўладу, стараючыся максымальна прынізіць сваіх канкурэнтаў. Ён ніколі не называе сваіх канкурэнтаў па імёнах, заўсёды знаходзіць максымальна абразьлівыя, дэпэрсаналізуючыя сэнтэнцыі. Сапраўды, сьведчаньне слабасьці і адчайнага жаданьня застацца. Безумоўна, гэта ніякім чынам не паўплывае ані на выбар людзей, ані на іх рашучасьць ісьці да канца, да пераменаў, якіх усё грамадзтва сёньня чакае. Перамены адбываюцца не таму, што ў прыхільнікаў пераменаў ёсьць неякі геніяльны плян, а ў тым ліку праз сыстэмныя грубыя памылкі ўлады. А памылкі ўлада робіць адну за другой.

Параўноўваем з Тацянай Караткевіч выбарчыя кампаніі 2015-га і 2020-га

— Тацяна, удзельніцы перадачы «Толькі жанчыны» на мінулым тыдні гаварылі пра тое, што ваша кампанія пяць гадоў таму дала штуршок і да актыўнасьці жанчын у палітыцы. У абсалютна розных умовах праходзяць кампаніі 2015 і 2020 гадоў. У чым жаночае трыё ідзе пракладзенай вамі дарогай, а што яны робяць інакш?

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч: Самая галоўная розьніца — у грамадзтве; у тым, як рэагуе грамадзтва. Гэта і гатоўнасьць жанчын вылучаць свае кандыдатуры, дэманстраваць свае лідэрскія якасьці. Я кажу ня толькі пра кандыдатаў і кандыдатак, але і пра начальнікаў штабоў. У нас таксама яркія і жонкі. Больш зьяўляецца сьпікерак-жанчын, якія кажуць, што трэба ўдзельнічаць, выказваць свой пункт гледжаньня. У нас ёсьць суполка «Хопіць баяцца», якую мадэруе жанчына, Тацяна Мартынава. «Аляксандар, вы ня мой прэзыдэнт», — так найчасьцей выказваюцца жанчыны. Стала значна больш жанчын, якія выказвацца публічна. Гэта супэр, клясна, паказвае, што грамадзтва зьмянілася. Тое самае можна сказаць і пра грамадзкіх актывістаў, і пра грамадзянскую супольнасьць, дзе таксама шмат жанчын. Дарэчы, унутры ўжо не абмяркоўваюцца гендэрныя пытаньні, кшталту варыць боршч ці не варыць. І нават пытаньне пра гендэрны парадак дня апусьцілася ніжэй.

Цалкам зьмянілася актыўная частка грамадзтва. Яна дэманструе салідарнасьць. Калі капнуць глыбей, то мая кампанія была больш аб праграме кандыдата. Сёньня мы бачым больш апазыцыйны парадак дня, які грунтуецца на клясычных дэмакратычных каштоўнасьцях — праве выбару, асноўных свабодах, салідарнасьці. Сёньняшняя кампанія пра гэта. Ціханоўская з паплечніцамі, як мы ў папярэднюю кампанію, езьдзяць па рэгіёнах, сустракаюцца зь людзьмі. І цяпер Андрэй Дзьмітрыеў працягвае гэту лінію. Ёсьць сацсеткі, якія выказваюць нейкую гатоўнасьць, але шмат людзей яшчэ не прачнуліся і трэба зь імі сустракацца і размаўляць. Ня трэба спадзявацца на падабайкі і рэпосты.

Параўноўваем з Марынай Адамовіч выбарчыя кампаніі 2010-га і 2020-га

— Падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 годзе, на якіх перамог Аляксандар Лукашэнка, палітвязьняў у Беларусі не было. На ўсіх наступных — былі. Іх колькасьць была рознай падчас розных выбарчых кампаніяў: ад аднаго ў 2015 годзе да 43 падчас выбарчай кампаніі 2010 году. Цяперашняя колькасьць прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў — другая пасьля 2010 году, больш за 20 чалавек. І гэтая лічба не канчатковая. Марына, ваш муж быў кандыдатам на прэзыдэнта, амаль пяць гадоў правёў у турме, і цяпер Мікола Статкевіч за кратамі. Што б вы сказалі родным усіх тых, хто цяпер у турме?

Марына Адамовіч выступае на агітацыйным пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Менску
Марына Адамовіч выступае на агітацыйным пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Менску

— Гэта ўжо чацьвёртае крымінальнае абвінавачаньне. Агулам Мікола правёў за кратамі парадку 8 гадоў з улікам папярэдніх перасьледаў. Ад самага пачатку кампаніі ён зноў за кратамі. Нават яшчэ да пачатку кампаніі ўлады прынялі захады, каб кампанія адбылася паводле звыклага сцэнару. Ішлі масавыя затрыманьні людзей, якія заявілі пра свае намеры балятавацца як кандыдаты, найперш як кандыдаты пратэсту. Ня здолелі падаць заявы на вылучэньні некалькі нашых сяброў, якіх затрымалі на суткі. Ад самага пачатку кампанія пачалася беспрэцэдэнтна, бо ў ранейшых кампаніях рэпрэсіі ішлі ў асноўным пасьля ці ад дня галасаваньня, калі Ярмошына абвяшчала вынікі і ў вачах сілавікоў легітымнасьць дзейнай улады была пацьверджаная.

Гэтая кампанія пачалася з рэпрэсій і рэпрэсіямі працягнулася, і зь вялікай доляй верагоднасьці рэпрэсіямі і завершыцца. Я маю на ўвазе кароткатэрміновую пэрспэктыву, бо ў доўгатэрміновай, я вельмі спадзяюся, што яна прывядзе да зьмены ўлады. Мікалая затрымалі 31 траўня па дарозе на пікет на Камароўскім рынку, калі быў вельмі яркі старт кампаніі з чэргамі на вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай, пасьля якіх і пачалося тое, што цяпер адбываецца. Абсалютна жорсткія і неадэкватныя дзеяньні ўлады і фантастычныя крымінальныя справы, калі мы ня ведаем агульнай колькасьці фігурантаў.

Ведаем, што за кратамі 21 чалавек, людзі арыштаваныя ў сувязі з гэтай кампаніяй, ня ведаю, можа, да іх трэба далучыць «33 вагнэраўцы», бо Сяргею Ціханоўскаму і Міколу Статкевічу 29 ліпеня выставілі абвінавачаньні ў тым, што яны ўступілі ў злачынную змову і рыхтавалі масавыя беспарадкі разам з «вагнэраўцамі». Гэта ўжо перавышае ўсе межы нават самых фантастычных уяўленьняў, на што здольная наша ўлада ў так званым прававым сэнсе. Сёньня за кратамі 24 чалавекі, якіх праваабаронцы прызнаюць палітвязьнямі, а рэальная колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі, пад падпіскамі пра нявыезд за свае палітычныя перакананьні, нашмат большая.

Я б хацела зьвярнуцца да родных усіх тых, хто цяпер за кратамі, каго перасьледуюць з палітычных матываў у гэтай кампаніі. Трымайцеся. Стойце цьвёрда. Стойце ў свабодзе. Усё міне і вельмі хутка стане на свае колы. Галоўнае — застацца ў ладзе са сваім сумленьнем. Не сакрэт, што ўлады ціснуць на вашых блізкіх, шантажуючы іх вашым лёсам, лёсам вашых дзяцей. Ва ўсіх выпадках, што б ня здарылася, вінаватыя ня вы, ня вашы блізкія. Вінаватая тая ўлада, якая найгрубейшым чынам парушае закон, шантажуе і прымушае лгаць на блізкіх людзей. Усё вельмі хутка зьменіцца. А сумленьне, гонар застануцца з намі назаўсёды.

Параўноўваем зь Інай Кулей выбарчыя кампаніі 2010-га і 2020-га

— Што было агульнага, што адрознага ў стратэгіі кандыдатаў, улады, людзей. Ці быў такі ж самы ўзровень рэпрэсій? Што б вы параілі жаночаму трыё і камандзе?

Іна Кулей
Іна Кулей

Іна Кулей: Калі назіраеш за кампаніяй абʼяднанага штабу, то прыходзяць параўнаньні, бо шмат ёсьць падобнага ў кампаніі 2006 і 2020 гадоў. У 2006 годзе рэпрэсіі супраць удзельнікаў кампаніі, штабоў кандыдатаў у рэгіёнах пачаліся раней чым, у апошнія тыдні выбараў, як і цяпер. Болей за 150 чалавек актывістаў кампаніі былі за кратамі, а сам Аляксандар Казулін ужо пасьля выбараў трапіў на доўгатэрміновы тэрмін у крымінальнай справе.

Калі параўноўваць настрой людзей, у 2006-м быў добры ўздым, было адчуваньне веры ў перамогу, але самі людзі былі больш запалоханыя, чым сёньня. Не было такой колькасьці людзей, асабліва ў рэгіёнах. Я б сказала, што ўдвая ці ўтрая было меней людзей на мітынгах у рэгіёнах. Тады самы вялікі мітынг пад 7 тысяч чалавек прайшоў у Гомлі, а цяпер па 6-7 тысяч чалавек у малых гарадах, раённых цэнтрах выходзяць. Гэта паказвае, што за 14 гадоў людзі абсалютна зьняверыліся ў дзеяньнях улады. Нават яшчэ больш: яны ня проста ня вераць, а пануе моцнае жаданьне пераменаў, жаданьне зрабіць краіну вольнай і адправіць у адпачынак самога кіроўнага прэзыдэнта і ягоную ўладу. Усё, што адбылося за гэтыя гады, толькі паніжала і ўзровень жыцьця, і магчымасьці людзей, і свабоду іх дзеяньняў.

Мясцовыя ўлады 14 гадоў таму паводзілі сябе больш жорстка і нахабна. Яне не прыдумлялі прычыны, каб забараніць сустрэчу з кандыдатам, а проста забаранялі. Гэта была зіма, было халодна, на вуліцы цяжка было праводзіць мітынгі. Хаця і былі на стадыёне пікеты. Улады засылалі правакатараў групамі, якія задавалі дзіўныя пытаньні, нешта выкрыквалі. Запомнілася, як у адным з гарадоў правакатар увесь час крычаў: «Адна краіна — адзін прэзыдэнт» па-расейску.

Наступствы тых выбараў ведаем — каля 1200 чалавек звольнілі з працы, больш за паўтары тысячы трапілі за краты, хто на содні, хто на большыя тэрміны. Паўтысячы студэнтаў выключылі з навучальных установаў. Мы пакуль ня ведаем, якія дзеяньні ўладаў будуць пасьля 9 жніўня. Мне здаецца, што параўнаньне кампаніі ў рэпрэсіях тады і цяпер паказваюць, што, напэўна, мякка яны ня пройдуць.

Аляксандар Мілінкевіч цяпер піша аналітычныя артыкулы ў замежныя аналітычныя часопісы, выступае як дарадца, але не ўваходзіць у штабы кандыдатаў і не знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з кандыдатамі, бо ў яго на гэты конт ёсьць свае пытаньні, якія можна прачытаць на ягонай старонцы ў «Фэйсбуку» і ў аналітычных артыкулах. Я не ўдзельнічаю актыўна ў выбарах. Я працую, і працоўны час не дае магчымасьці ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Але ў Берасьці на сустрэчы з абʼяднаным штабам я была.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG