Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка пасьлядоўна ажыцьцяўляў стратэгію Расеі». У Кіеве расказалі пра расейскі сцэнар на беларускіх выбарах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Галоўная мэта Расеі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — дэстабілізацыя сытуацыі для зьнішчэньня беларускай дзяржаўнасьці, лічыць дырэктар цэнтру «Ўкраінскія студыі стратэгічных дасьледаваньняў» Юры Сірацюк.

Юры Сірацюк
Юры Сірацюк

«Расея сапраўды будзе рэалізоўваць сцэнар дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі. Яна ўжо яго рэалізуе. Яна будзе спрабаваць вывесьці антымайдан на вуліцы Беларусі, і яна ўжо патроху пачынае ўзьнімаць расейскі трыкалёр падчас акцый масавых пратэстаў у Беларусі. А мы памятаем, як гэта было ў часе Майдану ва Ўкраіне, калі спачатку зьяўляліся расейскія трыкалёры, а потым зьявіўся спэцназ Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў Юры Сірацюк сёньня ў Кіеве на прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле яго, затрыманьне ў Менску групы «баевікоў з прыватнай ваенізаванай кампаніі» таксама можа сьведчыць пра датычнасьць Расеі:

«Мы пакуль ня ведаем дакладна, што там адбываецца, але гэта можа быць адной з частак расейскага сцэнару».

«На жаль, ва Ўкраіне сёньня пашырана выкрыўленая думка, што Лукашэнка зьяўляецца асноўным абаронцам незалежнасьці Беларусі і ўся дзяржаўнасьць трымаецца выключна на ім, а любая спроба беларускай нацыі абараняць сваё права на вольны выбар, на тое, каб мець іншыя канстытуцыйныя правы, успрымаецца як рука Масквы.

Але калі мы кажам пра цяперашнюю сытуацыю, то яе стварыў менавіта Лукашэнка, бо ён усе гэтыя гады пасьлядоўна ажыцьцяўляў стратэгічныя намеры Расеі — ён кансэрваваў „савок“, ён зьнішчаў асновы нацыянальнай сьвядомасьці і ідэнтычнасьці беларусаў, ён цалкам на водкуп Расеі аддаў ідэалягічную і інфармацыйную сфэру», — дадаў ён.

Юры Сірацюк мяркуе, што Расея зацікаўленая ня ў выбарах зручнага прэзыдэнта Беларусі, а ў зьнішчэньні беларускай дзяржаўнасьці, каб перастаць бавіцца ў саюзную дзяржаву і інкарпараваць краіну.

«Выбары ў Беларусі для Расеі — гэта элемэнт іхнай гібрыднай вайны, і яна будзе выкарыстоўваць усе магчымасьці цалкам інкарпараваць Беларусь шляхам дэстабілізацыі сытуацыі і нават магчымага ўвядзеньня сваіх войскаў».

«Цяпер сытуацыя ў Беларусі мне нагадвае сытуацыю зь левабярэжнымі гетманамі ва Ўкраіне — яны кожны раз ехалі ў Маскву, падпісвалі новыя ўгоды з расейскімі царамі і ў абмен на расейскія прэфэрэнцыі здавалі частку сувэрэнітэту, а потым настаў час, калі расейскія цары скасавалі гетманшчыну, гетманат і зьнішчылі ўкраінскую дзяржаўнасьць, якая была створаная ў выніку нацыянальна-вызваленчай вайны. Падобная сытуацыя адбываецца цяпер у Беларусі».

Юры Сірацюк заклікаў прадстаўнікоў уладных і грамадзкіх інстытутаў Украіны заявіць, што ключавая мэта Ўкраіны на беларускіх выбарах — захаваньне незалежнасьці беларускай дзяржавы.

«Беларусы ўжо стаміліся жыць у постсавецкай калёніі. Украіна вельмі мала робіць для Беларусі, нягледзячы на вялікі ўнёсак беларусаў у барацьбу Ўкраіны за сваю незалежнасьць».

За апошні месяц у Кіеве адбылося некалькі акцый салідарнасьці зь Беларусьсю. 3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень Рэспублікі, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь», пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі пра стварэньне Беларускага інфармацыйнага цэнтру.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА 29 ліпеня паведаміла, што ўначы пад Менскам затрымалі 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі. Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі ў веку ад 24 да 55 гадоў.

20 з 33 затрыманых значацца ў базе ўкраінскага сайта «Міратворац». 5 з 20 чалавек, знойдзеных у базе «Міратворца», названыя чальцамі групы «ПВК Вагнэра», якая ўдзельнічала ў вайне на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі могуць выкарыстаць навучаных баевікоў прыватных вайсковых кампаній. Пра гэта казаў і дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG