Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шоўмэн, экс-старшыня калгасу, бізнэс-лэдзі: хто ў камандзе Сяргея Чэрачня


Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань
Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань

У самага маладога кандыдата ў прэзыдэнты, 35-гадовага Сяргея Чэрачня, — 15 давераных асобаў. Пад нумарам адзін — першы кіраўнік незалежнай Беларусі прафэсар Станіслаў Шушкевіч.

Сярод давераных асоб шмат бізнэсоўцаў, некалькі журналістаў (галоўны рэдактар «Белгазеты» Кірыл Жываловіч і шоўмэн, тэлевядоўца Дзьмітры Ўрангель), палітоляг Вадзім Мажэйка — усяго 15 чалавек.

Каманда Сяргея Чэрачня заяўляла, што сабрала 106,5 тысячы подпісаў у падтрымку свайго кандыдата. Цэнтравыбаркам залічыў Сяргею Чэрачню 143 109 подпісаў.

Тыдзень таму штаб кандыдата на прэзыдэнта Сяргея Чэрачня цалкам адмовіўся ад правядзеньня пікетаў, каб не «размываць» галасы. Аднак Сяргей Чэрачань працягвае агітацыйную кампанію: выступае па радыё і тэлебачаньні, будзе ўдзельнічаць у дэбатах, даваць інтэрвію.

Як удзельнікі каманды Сяргея Чэрачня тлумачаць, чаму далучыліся да ягонай кампаніі?

Мікалай Лысянкоў: «Гэты чалавек усяго дамогся сам, ён умее зарабляць»

Мікалай Лысянкоў
Мікалай Лысянкоў

Кіраўнік выбарчага штабу Сяргея Чэрачня — бізнэсовец Мікалай Лысянкоў.

Мікалаю 40 гадоў, родам ён са Стоўпцаў. Працаваў у Стаўпецкім райвыканкаме намесьнікам начальніка Ўпраўленьня сельскай гаспадаркі. У 26 гадоў ачоліў СПК «Жоўты бераг», 4 гады працаваў старшынём калгасу. Потым яго прызначылі дырэктарам Сьмілавіцкага аграрнага каледжа. Да 2018 году быў на дзяржаўнай службе. Сышоў у бізнэс.

Лысянкоў расказаў, што Сяргей Чэрачань прыняў рашэньне ісьці ў прэзыдэнты яшчэ 2 гады таму, калі ачоліў БСДГ, зьмяніўшы на пасадзе кіраўніка партыі Станіслава Шушкевіча. 11 студзеня 2020 году, задоўга да абвяшчэньня выбараў, цэнтральная рада Грамады аднагалосна вылучыла Сяргея Чэрачня кандыдатам у прэзыдэнты. А перадвыбарчая праграма Сяргея Чэрачня была гатовая яшчэ ў сакавіку.

Мікалай Лысянкоў (зьлева) і Сяргей Чэрачань
Мікалай Лысянкоў (зьлева) і Сяргей Чэрачань

«Чым прываблівае? Сяргей з простай сям’і, але дамогся таго, чаго людзі з уплывовымі бацькамі і сувязямі ня могуць дамагчыся. Гэта чалавек, які зрабіў сябе сам, дамогся ўсяго сам. Ён сапраўды чалавек, які ўмее зарабляць. (Сяргей Чэрачань задэкляраваў даход за 2019 год 96 тысяч рублёў. — РС).

Ён сам атрымаў адукацыю, скончыў прэстыжны Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, сам з нуля выбудаваў свой сур’ёзны бізнэс. Ён ня з тых палітыкаў, хто ўмее толькі гаварыць, а потым крыўдзіцца і за сваю няўдачу на кагосьці перавальвае сваю няздатнасьць. Чалавек справы», — так абгрунтаваў сваё жаданьне ачоліць штаб Сяргея Чэрачня Мікалай Лысянкоў.

Палітоляг Вадзім Мажэйка: «Рады дапамагаць Сяргею сваімі аналітычнымі кампэтэнцыямі»

Палітоляг, аналітык BISS Вадзім Мажэйка заўважыў у Чэрачню якасьці, неабходныя чалавеку, які прэтэндуе стаць палітычным лідэрам: адказнасьць, уменьне працаваць у камандзе і, самае галоўнае, — стратэгічны падыход.

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

«Гэта чалавек, які прыйшоў у палітыку не раптоўна і не на 5 хвілін, а які грунтоўна хоча працаваць.

Таму я рады дапамагаць Сяргею сваімі аналітычнымі кампэтэнцыямі. На мой погляд, палітыкі павінны супрацоўнічаць з аналітыкамі, на Захадзе гэта называецца палітычны кансалтынг.

Калі я аналізую праграмы ўсіх кандыдатаў, пераконваюся: праграма „Эвалюцыя ўлады“ Сяргея Чэрачня найбольш прапрацаваная і найбольш адпавядае маім поглядам, што трэба рабіць у Беларусі.

Палітыка — гэта непрадказальнасьць, гэта выклік і цікавая праца. І я бачу, як крэатыўна і дакладна працуе ўся каманда Сяргея Чэрачня», — адзначае Мажэйка.

Шоўмэн Дзьмітры Ўрангель: «Мне вельмі блізкі кожны пункт ягонай праграмы»

Дзьмітры Ўрангель — шоўмэн, экс-вядоўца рэйтынгавай праграмы «Прыгоды капітана Ўрангеля» на АНТ. Пасьля крытычнага паста ў Інстаграм пра дзеяньні АМАП каля крамы symbal.by праграму Ўрангеля без тлумачэньня прычын зьнялі з тэлеэфіру.

Дзьмітры Ўрангель
Дзьмітры Ўрангель

Дзьмітрый сам выказаў жаданьне дапамагчы Сяргею Чэрачню, бо яго вельмі ўразіла праграма кандыдата ў прэзыдэнты.

«У яго ёсьць тры пазыцыі ў праграме, якія мяне проста зачапілі. Гэта прапановы па забесьпячэньні лекамі пэнсіянэраў. Ня так, як цяпер — ільготнікам выпісваюць толькі беларускія лекі, а ад іх карысьці — як ад пабелкі, а каб забясьпечвалі якаснымі мэдыкамэнтамі па прымальных коштах.

Мне падабаюцца яго прапановы па службе ў войску. Ён прапануе рэарганізаваць дзяржапарат, зьмяніць стаўленьне да настаўнікаў. Мне вельмі блізкі кожны пункт ягонай праграмы», — кажа Дзьмітры Ўрангель.

Вераніка Стралкоўская: «Ён добры стратэг, прадумвае свае дзеяньні наперад»

Вераніка Стралкоўская 14 гадоў пасьпяхова займаецца бізнэсам. Спэцыфіка яе працы — арганізацыя форумаў, мерапрыемстваў, канцэртаў, PR-акцый.

Вераніка Стралкоўская зь Сяргеем Чэрачнем
Вераніка Стралкоўская зь Сяргеем Чэрачнем

«Мне Сяргей блізкі тым, што таксама зь бізнэсу. Мне імпануе яго малады ўзрост. Аднак ён адзін зь нямногіх кандыдатаў, хто мае досьвед у палітыцы. У яго ёсьць партыя. У мяне давер да яго кампэтэнтнасьці.

Мне пярэчаць: маўляў, Сяргей — нерадыкальны, ён не заклікае бегчы на барыкады з гучнымі заявамі. А мне якраз гэта імпануе, бо ён добры стратэг, прадумвае свае дзеяньні наперад, ён разумее, што радыкальнымі выказваньнямі, радыкальнымі дзеяньнямі нічога не даб’есься. „Наламаць дроваў“ гучнымі выказваньнямі можна вельмі хутка. На гэтым уся палітычная кар’ера можа скончыцца. Ён спакойны, разважлівы, робіць усё паступальна, асьцярожна. І мне гэта вельмі падабаецца», — кажа Вераніка Стралкоўская.

Давераную асобу Сяргея Чэрачня вельмі прываблівае стаўленьне кандыдата да сям’і, да жонкі, дачкі.

«Для мяне гэта сур’ёзны паказьнік — яму ёсьць што губляць. Ён бярэ на сябе адказнасьць за сям’ю. Ён ніколі нікога не падставіць. Ён паказвае, што мы ўсе — каманда», — перакананая Вікторыя Стралкоўская.

Станіслаў Шушкевіч: «У мяне даўняе ўражаньне, што гэта прыстойны, годны чалавек»

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у 2018 годзе перадаў лідэрства ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе Сяргею Чэрачню. Прафэсар кажа, што Чэрачань — яго кандыдат.

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«У мяне даўняе ўражаньне, што гэта прыстойны, годны чалавек. На яго столькі цяпер бруду сталі выліваць, што я яго яшчэ больш палюбіў. Ён шчыра хоча ўдзельнічаць у палітычным жыцьці. Мне падабаюцца ягоныя небанальныя рашэньні. Буду мець дачыненьне да таго, што будзе рабіць кандыдат ад БСДГ», — казаў Станіслаў Шушкевіч Свабодзе тры тыдні таму.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG