Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Честные люди» прапанавалі за кошт грамадзян абсталяваць участкі для галасаваньня відэакаамэрамі 


Ініцыятыва «Честные люди» гатовая ўсталяваць на участках для галасаваньня відэакамэры за сродкі грамадзянаў.

28 ліпеня прапанову перадаў у Цэнтарвыбаркам Павал Дзік — кансультант ініцыятывы, сябра ЦВК з правам дарадчага голасу ад штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай.

Павал Дзік паведаміў БелаПАН, што актывісты падрыхтавалі праект зьменаў у пастанову Цэнтарвыбаркаму № 15 аб парадку накіраваньня і дзейнасьці назіральнікаў.

«Спасылаючыся на складаную эпідэміялягічную сытуацыю, абмежавалі колькасьць назіральнікаў, якія могуць адначасова прысутнічаць на участках. Мы гэтую ідэю разьвіваем і прапануем, каб назіральнікаў не было там наогул, за выключэньнем давераных асобаў. Замест гэтага прапануем ўсталяваць камэры відэаназіраньня», — адзначыў ён.

Ініцыятыва прапануе перакласьці выдаткі на грамадзян, якія пагодзяцца прафінансаваць гэты праект. Паводле папярэдніх падлікаў, спатрэбіцца каля 1 млн рублёў.

«Відавочна, што сума пад’ёмная для насельніцтва краіны. У нас ёсьць пастаўшчыкі, гатовыя апэратыўна заняцца дастаўкай і ўсталяваньнем камэр. Мы разумеем, што аб’ём вельмі вялікі — амаль 6 тысяч прыбораў, таму няма ілюзій, што зможам вельмі хутка ахапіць усё. Але існуе дакладнае разуменьне: калі заняцца гэтым цяпер, максымальнага ахопу можна дасягнуць», — падкрэсьліў прадстаўнік ініцыятывы.

У праекце пастановы, якую ініцыятыва прапануе прыняць Цэнтарвыбаркаму, гаворыцца, што разьмяшчэньне відэакамэр ажыцьцяўляецца грамадзянамі за свой кошт на падставе заявак, якія падаюцца ва ўчастковыя камісіі. Участковыя выбаркамы мусяць не пазьней за наступны дзень пасьля атрыманьня заяўкі аказаць садзейнічаньне ў разьмяшчэньні відэакамэр.

Цэнтрвыбаркаму прапанавана правесьці паседжаньне ў гэтым пытаньні 30 ліпеня, паколькі справа сур’ёзная, а часу да 9 жніўня ўсё меней.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG