Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нагнятаньне атмасфэры страху і запалохваньня ў грамадзтве»,— праваабаронцы пра выбарчую кампанію 


Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую ажыцьцяўляюць Беларускі Хэльсынскі камітэт і цэнтар «Вясна», падрыхтавалі тыднёвую справаздачу пра ход прэзыдэнцкіх выбараў.

Выбарчая кампанія працягваецца на фоне няспынных рэпрэсій, распачатых уладамі ад моманту пачатку выбараў, адзначаецца ў дакумэнце. У турмах утрымліваюцца 25 палітвязьняў, у тым ліку непасрэдныя ўдзельнікі выбарчага працэсу.

Цягам тыдня ў Менску і іншых гарадах краіны працягваліся судовыя працэсы над удзельнікамі мірных сходаў 14 і 15 ліпеня. Усяго, паводле праваабаронцаў, за ўдзел у гэтых акцыях затрымалі прыкладна 420 чалавек, зь іх ня менш 330 у сталіцы. Агульная колькасьць затрыманьняў ад пачатку выбараў перавысіла 1140 чалавек: 190 арыштаваных, 333 аштрафаваныя на агульную суму звыш 65 000 рублёў.

Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у задавальненьні скаргі Валера Цапкалы на рашэньне Цэнтарвыбаркаму аб адмове ў рэгістрацыі і адмовіў у завядзеньні справы з нагоды аналягічнай скаргі Віктара Бабарыкі. Экспэрты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць, што рашэньне аб скарзе Цапкалы насіла фармальны характар і ня ўлічвала ўсе акалічнасьці справы, а ў выпадку адмовы разгляду скаргі Бабарыкі не былі ўлічаныя важныя абставіны пропуску тэрмінаў.

Уведзеныя пастановай ЦВК абмежаваньні пра колькасьць назіральнікаў на ўчастках для галасаваньня робяць выбарчы працэс закрытым для незалежнага назіраньня і парушаюць адзін з асноўных прынцыпаў правядзеньня дэмакратычных выбараў — галоснасьць.

Асаблівую занепакоенасьць выклікаюць растыражаваныя афіцыйнымі СМІ заявы дзейнага кіраўніка дзяржавы і дзяржсакратара Савету бясьпекі Андрэя Раўкова аб магчымасьці прыцягненьня войскаў для супрацьдзеяньня пратэстам і дэманстрацыям. Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» расцэньваюць гэта як нагнятаньне атмасфэры страху і запалохваньня ў грамадзтве.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG