Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ахоўваюць кандыдатаў у прэзыдэнты?


Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Калесьнікава на пікеце ў Барысаве 23 ліпеня 2020 году
Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Калесьнікава на пікеце ў Барысаве 23 ліпеня 2020 году

На перадвыбарчых пікетах Сьвятланы Ціханоўскай — 19 ліпеня ў Менску на плошчы Бангалор і ў Барысаве 23 ліпеня — можна было пабачыць некалькі маладзёнаў, якія выконвалі функцыі ахоўнікаў. Гэта прафэсіяналы ці валянтэры? І ці ёсьць ахова ў іншых кандыдатаў на прэзыдэнта?

У аб'яднанай камандзе працуюць як валянтэры, якія наладзілі сыстэму бясьпекі ў штабе Віктара Бабарыкі, гэтак і валянтэры Сьвятланы Ціханоўскай. Як прадстаўнікі каманды патлумачылі Свабодзе, пазаведамасная ахова МУС Беларусі раней адмовілася заключаць дамову зь Віктарам Бабарыкам, а апошнім часам зьявілася мноства інфармацыі ад неабыякавых грамадзян пра тое, што супраць Сьвятланы Ціханоўскай магчымыя правакацыі. Актывіст штабу Глеб Германчук запэўніў, што да прафэсійных ахоўнікаў яны не зьвярталіся — усё, што робіцца для аховы, робіцца валянтэрамі.

«Гэта некалькі чалавек. На пікеце, дзе я быў, было 4–5 чалавек. Мяркую, сёньня ў Віцебску будзе больш, бо людзей прыходзіць з кожным разам усё болей. Але гэта не ахоўнікі, яны як валянтэры адгукнуліся на заклік яшчэ Віктара Бабарыкі і прыйшлі ў ягоную каманду, а цяпер дапамагаюць Сьвятлане. Дзяўчат трэба і да сцэны давесьці, і потым прасачыць, каб усё прайшло добра, паднесьці кветкі, ваду. Зрабіць, каб было зручна ўсім: Ціханоўскай, Калесьнікавай і Цапкале.

Мы вельмі ўдзячныя валянтэрам, што яны ўзялі на сябе гэтую працу, але, паўтаруся, гэта не прафэсійныя ахоўнікі, а валянтэры з нашай каманды, мы ўсіх іх ведаем у твар ужо шмат часу», — сказаў Глеб Германчук са штабу Віктара Бабарыкі.

«Не такія мы багатыя, каб мець бодзігардаў»

Кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Чэрачань (зьлева) і Андрэй Дзьмітрыеў
Кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Чэрачань (зьлева) і Андрэй Дзьмітрыеў

У штабах кандыдатаў на прэзыдэнта Сяргея Чэрачня і Андрэя Дзьмітрыева сказалі, што абыходзяцца без ахоўнікаў і патрэбы ў іх ня бачаць.

«Няма ў нас бодзігардаў. Не такія мы багатыя, каб яшчэ і на іх грошы траціць. Нават і патрэбы такой не было. Сяргей па горадзе адзін ня ходзіць, заўсёды зь ім нехта са штабу знаходзіцца», — сказаў пра Сяргея Чэрачня прэсавы аташэ ягонага штабу Алег Чумакоў.

Паводле Вольгі Павук, прэсавага сакратара штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Дзьмітрыева, там таксама не плянуюць заводзіць ахоўнікаў.

«У нас ахоўнікаў для кандыдата няма, і я ніколі ня чула, каб падымалі такую тэму. Ёсьць людзі, якія суправаджаюць Андрэя Дзьмітрыева ў розных паездках. Гэта ўсё нашы актывісты з „Гавары праўду“, але яны ня маюць нейкіх адмысловых навыкаў як ахоўнікі. Там і дзяўчаты часта ўдзельнічаюць. Мы ніколі не размаўлялі пра гэта, бо ніколі не было нагоды. Усе пікеты праходзяць на адкрытых пляцоўках, калі б там што здарылася, то ведалі б усе, але нічога не было. І пагроз у закрытым фармаце мы не атрымлівалі».

Штаб Канапацкай: «Былі пагрозы, у тым ліку нашаму кандыдату»

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Затое ў штабе Ганны Канапацкай паведамілі, што ўжо атрымлівалі пагрозы і таму задумаліся пра адмысловую ахову. Але канчатковае рашэньне пакуль не прынятае, у тым ліку зь фінансавых прычын. Падрабязнасьці расказала прэсавы аташэ штабу Тацяна Палякова.

«Быў момант, калі мы напружыліся, бо пачалі паступаць пагрозы. Прычым неяк адначасова, цягам двух дзён усім пачалі прыходзіць, і тады мы задумаліся, што рабіць.

Што за пагрозы? Былі званкі зь беларускіх нумароў, былі з закрытых нумароў, зусім розны быў стыль кантактаваньня. І было незразумела, адкуль ногі растуць. Ганна Анатолеўна як юрыст зрабіла пэўныя захады, пакуль рана казаць, якія дакладна.

На жаль, мы не змаглі запісаць гэтыя пагрозы, бо не былі да іх падрыхтаваныя. Цяпер будзем усталёўваць на тэлефоны адмысловыя праграмы, каб мець доказы.

І будзем вырашаць, ці патрэбныя ахоўнікі. Тэарэтычна, калі гэтак будзе працягвацца, дык патрэбныя, але праблема ў тым, што няма грошай на гэтыя мэты. Запатрабуюцца вялікія выдаткі на рэкляму паездак у рэгіёны, якія плянуюцца на бліжэйшы час. Плюс выдаткі на друкаваную прадукцыю. То бок бюджэт трэба вельмі добра пралічваць, і, калі будзе магчымасьць, не хацелася б выдаткоўваць грошы яшчэ і на ахову», — сказала Тацяна Палякова са штабу Ганны Канапацкай.

Экспэрты: «Больш за тысячы ахоўнікаў»

Картэж Лукашэнкі перад інаўгурацыяй, 2015 год
Картэж Лукашэнкі перад інаўгурацыяй, 2015 год

А як ахоўваюць кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку?

Для аховы дзейнага прэзыдэнта Беларусі пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў на базе ўправы КДБ і групы «Альфа» была створана Служба бясьпекі прэзыдэнта, якая і займалася аховай Аляксандра Лукашэнкі падчас чатырох выбарчых прэзыдэнцкіх кампаній, што прайшлі з 1994 году.

Штат і дзейнасьць Службы бясьпекі прэзыдэнта — таямніца, у тым ліку невядома, колькі службоўцаў у гэтай структуры. Паводле былога контравыведніка Сяргея Аніські, на пачатку 2000-х гадоў у Службе бясьпекі прэзыдэнта магло служыць больш за тысячу чалавек, якіх звычайна набіралі з супрацоўнікаў МУС, КДБ і вайскоўцаў.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб згодны зь лічбай, якую называе Сяргей Аніська, але лічыць, што такая колькасьць ахоўнікаў непатрэбная. Паводле Мечыслава Грыба, яго як кіраўніка дзяржавы ў 1994 годзе ахоўвалі ўсяго 9 чалавек з адмысловай управы КДБ.

Невядомы і сярэдні памер заробкаў службоўцаў СБП. Аднак экспэрты мяркуюць, што заробкі там значна большыя, чым у іншых структурах, якія займаюцца аховай.

Паводле закону «Аб дзяржаўным бюджэце» ў 2019 годзе на патрэбы СБП выдзялялася амаль 18 мільёнаў даляраў.

З 1994 году на пасадзе кіраўніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Беларусі зьмянілася 11 чалавек. Больш за іншых, ажно 7 гадоў, гэтай структурай кіраваў Андрэй Уцюрын, якога цяпер судзяць за хабарніцтва. У ліпені пракурор папрасіў для Ўцюрына 14 гадоў зьняволеньня. Прысуд былому галоўнаму ахоўніку Лукашэнкі яшчэ не абвешчаны.

З 2017 году Службай бясьпекі Лукашэнкі кіруе Зьміцер Шахраеў.

Свабода праз Telegram даслала пытаньне прэсаваму сакратару Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, ці не павялічылася ахова кіраўніка дзяржавы падчас выбарчай кампаніі, але пакуль адказу не атрымала.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG