Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН сочаць за сытуацыяй у Беларусі і заклікаюць улады краіны да стрыманасьці


Прадстаўнік Генэральнага сакратара Арганізацыі аб’яднаных нацыяў Стэфан Дзюжарык пракамэнтаваў падзеі ў Беларусі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі. Пра гэта ён выказаўся на брыфінгу для прадстаўнікоў СМІ.

Адказваючы на пытаньне, як Генэральны сакратар ААН бачыць сытуацыю зь нядопускам двух кандыдатаў і масавымі пратэстамі, якія адбыліся сьледам за гэтым у Беларусі, а таксама неабходнасьцю правядзеньня там свабодных і сумленных прэзыдэнцкіх выбараў, Стэфан Дзюжарык заявіў, што кіраўніцтва арганізацыі мае пільную ўвагу да цяперашняй перадвыбарнай кампаніі і неабходнасьці захаваньня ўладамі правоў грамадзян на мірныя сходы.

«Свабодныя і справядлівыя выбары павінны быць усюды. Мы, зразумела, назіралі за тым, што адбываецца ў Беларусі, асабліва за дэманстрацыямі, якія праходзілі, за ўсім пэрыядам падрыхтоўкі да выбараў, — заявіў прадстаўнік ААН. — У Беларусі ці дзе б там ні было яшчэ, як мы казалі, у людзей ёсьць фундамэнтальныя правы ўдзельнічаць у мірных дэманстрацыях і адстойваць вяршэнства закону.

Так што мы працягнем сачыць за сытуацыяй, але я думаю, што важна, каб людзі маглі праяўляць пазыцыю мірна, а ўлады дэманстравалі стрыманасьць і гарантавалі гэтае іхнае права».

Удзень 15 ліпеня ля ЦВК зьявіліся чэргі ахвотнікаў падаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі двух прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду. У ЦВК паведамілі, што працуюць да 19 гадзін, і папрасілі накіроўваць скаргі поштай. Незадоўга да закрыцьця ЦВК міліцыя стала папярэджваць грамадзян, каб яны разыходзіліся. Пасьля 19 гадзін пачаліся затрыманьні.

А 14 ліпеня на вуліцы шматлікіх гарадоў Беларусі выйшлі людзі, незадаволеныя вынікамі рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. З 7 прэтэндэнтаў ЦВК зарэгістраваў толькі пяцярых. Віктар Бабарыка і Валер Цапкала пасьведчаньні кандыдатаў не атрымалі.

Цягам 14 і 15 ліпеня затрымалі звыш 300 чалавек, некаторым ужо прысудзілі штрафы і адміністрацыйны арышт.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG