Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі дэклярацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Лукашэнка ўсё яшчэ жанаты і ня мае ніякай маёмасьці


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

У сьвежым выпуску газэты «СБ» ЦВК апублікаваў дэклярацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, піша Tut.by. З дэклярацыі дзейнага прэзыдэнта стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка ўсё яшчэ жанаты і ў яго няма ніякай нерухомай маёмасьці, аўтамабіляў, акцый або доляў у статутных фондах юрыдычных асобаў.

Андрэй Дзьмітрыеў задэкляраваў за мінулы год даход 13 560 рублёў заработнай платы, кватэру ў Менску плошчай 49,8 кв. м. Даход яго жонкі Тацьцяны Дзьмітрыевай за мінулы год склаў 28 025 рублёў. Ёй таксама належыць аўтамабіль «Нісан-Кашкай» 2016 году выпуску.

Ганна Канапацкая за мінулы год зарабіла 45 741 рубель. Зь нерухомасьці мае кватэру ў Менску плошчай 84,7 кв. м, адміністрацыйнае памяшканьне ў сталіцы плошчай 47,7 кв. м. Акрамя таго, Канапацкая мае аўтамабіль «Лэнд-Ровэр» 2017 году выпуску і 91 акцыю ААТ «Пухавіцкі КХП».

Аляксандар Лукашэнка задэкляраваў 117 068 рублёў даходу за мінулы год, атрыманых у якасьці заработнай платы. У радку «Нерухомая маёмасьць (жылыя дамы, зямельныя ўчасткі, кватэры, гаражы ды іншыя будынкі, пабудовы)» у дзейнага прэзыдэнта напісана «няма». Іншай маёмасьці ў выглядзе акцый або доляў у статутных фондах юрыдычных асобаў у Аляксандра Лукашэнкі таксама няма.

З дэклярацыі дзейнага прэзыдэнта стала вядома, што ён усё яшчэ жанаты. Галіна Радзівонаўна Лукашэнка за мінулы год зарабіла 5560 рублёў — гэта пэнсія і даходы ад акцый.

Ёй належыць жылы дом плошчай 196 кв. м у горадзе Шклове Магілёўскай вобласьці, ½ долі ў праве ўласнасьці на жылы дом у вёсцы Вялікі Межнік Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці плошчай 54 кв. м, зямельны ўчастак плошчай 0,1498 гектара ў горадзе Шклове. Акрамя таго, Галіна Лукашэнка мае 56 акцый ААТ «Шклоўскі масларобны завод».

У Сьвятланы Ціханоўскай даход за мінулы год склаў 15 784 рублі — гэта дапамога на дзяцей, дапамога на догляд дзіцяці-інваліда, сацыяльная пэнсія дзіцяці-інваліда, даходы па дагаворах дарэньня. Нерухомай маёмасьці і аўтамабіляў Ціханоўская ня мае, але мае долі ў статутных фондах юрыдычных асобаў: 49% — у ТДА «Студыя КОМПАС», 49% — у ТАА «Вясёлка забаў», якое знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.

Муж кандыдаткі Сяргей Ціханоўскі за мінулы год зарабіў 75 016 рублёў — гэта заработная плата, даходы ад краўдфандынгу, ад індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Блогеру таксама належыць кватэра ў Менску плошчай 66 кв. м, жылы дом у 192 кв. м у вёсцы Агародня Добрускага раёну Гомельскай вобласьці. Ва ўласнасьці Сяргей Ціханоўскі мае два аўтамабілі: «УАЗ-31514» 2003 году выпуску, «Форд Мандэа" 1994 году выпуску. Яму належаць і долі ў статутных фондах юрыдычных асобаў: 51% — у ТДА «Студыя КОМПАС», 51% — у ТАА «Вясёлка забаў», якое знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.

Даход Сяргея Чэрачня за мінулы год склаў 96 тысяч рублёў. І гэта не заробак, а даход ад дамовы куплі-продажу. Нерухомасьці Чэрачань ва ўласнасьці ня мае. Яму належаць 50% у ТАА «Інтэрнэйшнл Тэхноладжы Эдвайзэрс», 50% у ТАА «С58 Тэхноладжыз» і 50% у ТАА «Інфармацыйны Спэктар».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG