Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ паўтары тысячы рублёў штрафаў. У Горадні далей караюць удзельнікаў пікету 29 траўня 


Яўген Клімук і Юлія Карначава пасьля суду. Горадня, 25 чэрвеня 2020 году
Яўген Клімук і Юлія Карначава пасьля суду. Горадня, 25 чэрвеня 2020 году

У судзе Ленінскага раёну Горадні 25 чэрвеня прайшлі суды над трыма жыхарамі абласнога цэнтру.

Як паведамляе «Вясна», усіх судзілі паводле артыкула 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) за інцыдэнт 29 траўня, калі ў горад прыяжджаў блогер Сяргей Ціханоўскі, кіраўнік ініцыятыўнай групы сваёй жонкі, прэтэндэнткі на найвышэйшую пасаду Сьвятланы Ціханоўскай.

Як сказана ў пратаколе, складзеным на інваліда трэцяй групы Яўгена Клімука, той «з хуліганскіх памкненьняў перашкаджаў праезду службовага транспарту, а таксама намагаўся справакаваць штурханіну».

Яўген Клімук
Яўген Клімук

Сьведкамі выступілі міліцыянт Арцём Пішчык і амапавец Аляксандар Палуэктаў. Судзьдзя Руслан Гурын пакараў фігуранта штрафам у памеры 405 рублёў.

Суд Ленінскага раёну Горадні
Суд Ленінскага раёну Горадні

Справу Юліі Карначавай, маці двух малых дзяцей, разглядала судзьдзя Алена Пятрова. Прысудзіла штраф 540 рублёў.

Юлія Карначава
Юлія Карначава

А працэс па справе Станіславы Дамшэль адбываўся праз Skype-канфэрэнцыю. Паводле ўдзельнікаў, была вельмі кепская сувязь. Аднак гэта не перашкодзіла судзьдзі Ларысе Барэль аштрафаваць пэнсіянэрку на 540 рублёў.

Як паведаміў горадзенскі правааабаронца Ўладзімер Хільмановіч, 25 чэрвеня ў раёне вуліцы Горкага па дарозе да будынку суду быў затрыманы і дастаўлены ў міліцыю мужчыну, які ехаў на машыне са сьцягам «Краіна для жыцьця». Яго асобу цяпер высьвятляюць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG