Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дохлыя пацукі і дымавыя шашкі Някляева. Як і з чаго ў Беларусі пачыналіся рэпрэсіі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кожная масавая вулічная актыўнасьць у Беларусі суправаджалася раскрыцьцём гучных змоваў па тэлевізіі і пасьля масавымі арыштамі. Свабода прыгадала, як гэта было.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

2006 год: «дохлыя пацукі» і змова, раскрытая КДБ

21 лютага 2006 году, яшчэ да дня выбараў, арыштавалі лідэраў незарэгістраванай ініцыятывы назіраньня за выбарамі «Партнэрства» Цімафея Дранчука, Мікалая Астрэйку, Аляксандра Шалайку і Эніру Браніцкую.

Іх абвінавацілі ў намеры захопу ўлады. На прэс-канфэрэнцыі тагачасны кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка расказаў журналістам пра змову і падрыхтоўку баевікоў. Ён прадэманстраваў запіс, дзе невядомы чалавек кажа, што праходзіў навучаньне ў Грузіі і адна зь ягоных мэтаў — масавае атручваньне людзей. Для гэтага трэба было злавіць пацука і на некалькі дзён кінуць у ваду, пасьля выліць гэта ў водаправод.

Пазьней арыштаваных актывістаў судзілі не за намер захопу ўлады і не за пацукоў, а за незаконную арганізацыю дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня. Актывісты атрымалі тэрміны зьняволеньня ад некалькіх месяцаў да 2 гадоў.

Да дня выбараў затрымалі 236 чалавек і прысудзілі ім адміністрацыйныя арышты. Але асноўныя затрыманьні пачаліся пасьля разгону Плошчы 24 сакавіка 2006 году. Пасьля выбараў асудзілі 686 чалавек. Пасьля 25 сакавіка затрымалі і асудзілі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, яму прысудзілі 5,5 года зьняволеньня за злоснае хуліганства і арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

2010 год: «зброя» ў бусе ў Някляева

Разгон Плошчы-2010, 19 сьнежня 2010 году
Разгон Плошчы-2010, 19 сьнежня 2010 году

Прэзыдэнцкая кампанія 2010 году праходзіла ў Беларусі параўнальна спакойна да вечара 19 сьнежня, калі альтэрнатыўныя кандыдаты заклікалі людзей да мірнага пратэсту супраць вынікаў выбараў. Увечары 19 сьнежня невядомыя атакавалі калёну ​Ўладзімера Някляева, на той момант яшчэ кандыдата ў прэзыдэнты, які рухаўся з паплечнікамі на Кастрычніцкую плошчу.

Сьпярша ягоны мікрааўтобус спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пасьля калёну закідалі сьвятлошумавымі гранатамі, а самога кандыдата моцна зьбілі. Хто былі тыя нападнікі, незразумела па сёньня. Пазьней на судзе над Някляевым прагучыць інфармацыя, што ў мікрааўтобусе знайшлі «арматуру і дымавыя шашкі». Паходжаньне гэтых прадметаў суд не патлумачыў, а актывісты заявілі, што бусік, пра які напісаў у рапарце КДБ і які пасьля паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі, — ня той, які суправаджаў дэманстрантаў.

Таксама ў фільме «Жалезам па шкле» расказваецца, што 17 сьнежня 2010 году ў менскім гаражы знайшлі гранатамёты «Муха», аўтаматы Калашнікава, пісталет, патроны, тратылавыя шашкі. Усё гэта прызначалася для захопнікаў Дому ўраду. Чый гэта быў арсэнал і які ягоны далейшы лёс, не ўдакладнялася ні на судзе, ні ў матэрыялах крымінальнай справы.

Уладзімера Някляева пасьля нападу адвезьлі ў лякарню, адкуль уначы яго забралі супрацоўнікі КДБ.

Зьбіты 19 сьнежня 2010 году кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў
Зьбіты 19 сьнежня 2010 году кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў

Увечары 19 сьнежня на пратэсты ў цэнтры Менску выйшлі дзясяткі тысяч людзей, бліжэй да поўначы іх жорстка разагналі АМАП і ўнутраныя войскі, затрымалі да тысячы чалавек, у тым ліку большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты. На наступны ранак і яшчэ месяц па ўсёй краіне праходзілі ператрусы ў незалежных СМІ, праваабаронцаў і актывістаў. Супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў рэдакцыях «Эўрарадыё», «Нашай Нівы», «Белсату». 50 чалавек праходзілі па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў ці ўдзеле ў іх. Сотні чалавек адбылі адміністрацыйныя арышты.

2017 год: баевікі па наводцы «фраў А».

У 2017 годзе па ўсёй Беларусі пракаціліся «маршы дармаедаў». Людзі пратэставалі супраць дэкрэту, паводле якога грамадзяне краіны мусілі плаціць грошы ў бюджэт за тое, што не працуюць.

Хвалю пратэстаў вырашылі зьбіваць рэпрэсіямі. Галоўным фігурантам гэтых маршаў назвалі Мікалая Статкевіча. Ён нібы езьдзіць па кансультацыі ва Ўкраіну, атрымлівае адтуль грошы. Пра гэта падрабязна расказваецца ў дакумэнтальным фільме «Званок сябру» тэлеканалу «Беларусь-1».

Да «пятай калёны» пачалі залічваць і анархістаў. Беларускіх леварадыкалаў, як вынікае зь фільму на канале «Беларусь-1», натхнялі «ўкраінскія аднадумцы па барацьбе зь дзяржавай». Менавіта на анархістаў палявалі міліцыянты ў цывільным пасьля «Маршаў недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка і ў Менску 15 сакавіка. Афіцыйна іх затрымалі за тое, што падчас маршу твары ў іх былі закрытыя.

Але ўжо пасьля судоў на тэлеканале АНТ расказалі пра «нажы і кастэты», якія былі ва ўдзельнікаў менскага пратэсту. Праўда, падчас судовых працэсаў над затрыманымі ў Менску сьведкі-амапаўцы не гаварылі ні пра якую зброю.

Але гэтага аказалася мала, таму ў ход пусьцілі старую страшылку пра баевікоў. 21 сакавіка, перад заплянаванай масавай акцыяй на Дзень Волі, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра трэнавальныя лягеры баевікоў пад Бабруйскам і Асіповічамі, і ўжо праз пару гадзін пачаліся затрыманьні па «справе патрыётаў».

Агулам праз падазрэньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні затрымалі 35 чалавек. Сярод фігурантаў былі вайскоўцы, гісторыкі, дызайнэры, памежнікі, рамесьнікі, актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту».

Справа пачалася нібыта зь ліста невядомай грамадзянкі Нямеччыны «фраў А.» на імя Лукашэнкі пра тое, што 25 сакавіка ў Менску рыхтуюцца правакацыі. Ніякай грамадзянкі Нямеччыны грамадзкасьці так і не прадэманстравалі. А справа нават не дайшла да суду, усіх фігурантаў адпусьцілі праз два месяцы пасьля затрыманьня без усялякіх кампэнсацый і прабачэньняў.

Тады ж паведамлялася аб прарыве беларускай мяжы з боку Ўкраіны джыпам з баевікамі. Гэты джып таксама ня быў знойдзены, а ўкраінскі бок заявіў, што такога інцыдэнту проста не было.

25 сакавіка 2017 году скончылася брутальным разгонам пратэстоўцаў, на вуліцу вывелі вадамёты, АМАП меў зброю з гумовымі кулямі. Затрымалі сотні людзей.

2020 год: напад на міліцыянта і 900 тысяч даляраў за канапай

Па ўсёй Беларусі людзі становяцца ў вялізныя чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. 29 траўня, за 2 месяцы да выбараў, на пікеце для збору подпісаў у Горадні затрымалі блогера, кіраўніка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага. Яго і яшчэ некалькі чалавек падазраюць у нападзе на міліцыянта. У Горадні блогера пачалі настойліва распытваць дзьве жанчыны (адну зь іх пасьля ідэнтыфікавалі ў сацсетках), да Ціханоўскага падышлі міліцыянты, і ў нейкі момант адзін зь міліцыянтаў апынуўся на зямлі. На відэа відаць, што сам Ціханоўскі да яго не дакранаўся.

Пасьля гэтага блогера і яшчэ некалькі чалавек затрымаў АМАП. Па стане на 5 чэрвеня вядома пра 9 затрыманых у межах крымінальнай справы за напад на міліцыянта. На лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага за канапай нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў (грошы адшукала толькі трэцяя брыгада сьледчых, якая прыехала на ператрус).

Дзясяткі актывістаў былі затрыманыя і асуджаныя за адміністрацыйныя правапарушэньні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG