Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашэньне масак — асабісты выбар». Праваабаронцы праверылі, ці выконваюць у выбарчых камісіях захады бясьпекі


Чальцы выбарчай камісіі, архіўнае фота
Чальцы выбарчай камісіі, архіўнае фота

У Беларусі праходзяць першыя паседжаньні сфармаваных тэрытарыяльных камісій для выбараў прэзыдэнта. У Менску на некаторых зь іх ажыцьцяўляе назіраньне кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Праваабаронцы высьвятлялі таксама, як паўплывала эпідэміялягічная сытуацыя на працу выбаркамаў.

Як расказаў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка, паседжаньне Фрунзэнскага выбаркаму ў Менску праводзілася ў актавай залі адміністрацыі. Такое рашэньне прынятае дзеля забеспячэньня фізычнага дыстанцыяваньня паміж чальцамі камісіі і назіральнікамі. На ўваходзе ў будынак дзяжурная супрацоўніца міліцыі вымярала наведнікам тэмпэратуру.

Аляксей Лойка адзначае, што паседжаньне праходзіла ў добразычлівай атмасфэры, выбраны старшыня камісіі Аляксандар Хіжняк падзякаваў сямі назіральнікам, што тыя прыйшлі ў масках.

Крыху іншая сытуацыя была падчас паседжаньня Менскай абласной выбарчай камісіі. Паводле назіральніка, пры ўваходзе ў будынак аблвыканкаму супрацоўнікі міліцыі пацікавіліся, хто ён — сябра камісіі або назіральнік. Пасьля гэтага звярнуліся да сьпісу назіральнікаў.

«Гэта дзіўна, паколькі акрэдытаваных пры камісіі назіральнікаў яшчэ быць не павінна. Іх акрэдытацыя пачынаецца ад моманту ўтварэньня камісіі пасьля першага паседжаньня, якое і павінна было адбыцца», — адзначае Аляксей Лойка.

Тым ня менш усім прапанавалі апрацаваць рукі антысэптыкам перад уваходам у актавую залю. Пры рассадцы чальцоў камісіі і назіральнікаў прасілі прытрымлівацца адлегласьці ў паўтара мэтра. Акрамя прадстаўніка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», былі яшчэ тры назіральнікі: ад БРСМ, «Белай Русі» і «Белхімпрафсаюзу».

На паседжаньні Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі ў Менску прысутнічала назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Натальля Сацункевіч. У яе адразу ўзьніклі праблемы. Ёй спрабавалі адмовіць у прысутнасьці, абгрунтаваўшы, што камісія яшчэ ня створаная (хоць адпаведнае рашэньне датавана 19 траўня) і што няма журналу акрэдытацыі назіральнікаў (згодна з пастановай ЦВК, назіральнікаў запісваюць пазьней).

Што тычыцца захадаў бясьпекі, то Натальля Сацункевіч расказала, што для чальцоў камісіі прадугледжаныя маскі, а вось антысэптыкі толькі асабістыя. З 13 чалавек пяцёра былі бяз масак.

Дыстанцыі няма, людзі сядзяць вельмі шчыльна. Старшыня камісіі патлумачыў, што нашэньне масак не рэглямэнтуецца і зьяўляецца асабістым выбарам, расказала назіральніца.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG