Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня, сьпісы ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня

абноўлена

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Палата прадстаўнікоў 8 траўня прызначыла прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе на 9 жніўня — яны маюць прайсьці ў жніўні, не пазьней як за два месяцы да сканчэньня цяперашніх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

На паседжаньні выступіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Яна, як піша БелТА, прапаноўвала правесьці выбары 9 жніўня. Паводле Ярмошынай, палітычнае кіраўніцтва краіны правяло кансультацыі з ЦВК, Палатай прадстаўнікоў, і, у прынцыпе, было выпрацавана адзіная думка аб правядзеньні выбараў 9 жніўня.

Большасьць дэпутатаў прагаласавала за 9 жніўня як дату выбараў.

Сёньня ЦВК мае зацьвердзіць плян выбарчай кампаніі, дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня.

Кіраўніца ЦВК пазьней на паседжаньні камісіі паведаміла, што на падачу дакумэнтаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп у патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта ёсьць тыдзень. Паводле яе слоў, дакумэнты кандыдаты павінны падаць асабіста альбо гэта можа зрабіць прадстаўнік кандыдата на аснове натарыяльнай даверанасьці.

Апошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўнай групы 19 траўня. З 21 траўня па 19 чэрвеня будзе праводзіцца збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзыдэнты.

Паводле Ярмошынай, на правядзеньне двух тураў прэзыдэнцкіх выбараў у бюджэце на 2020 год выдзелена 36 млн беларускіх рублёў (калі выбары пройдуць у адзін тур, частку грошай могуць зэканоміць).

Старшыня ЦВК раней адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма».

Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, пра магчымы ўдзел у выбарах гаварылі і іншыя. Так, правацэнтрысты ладзяць праймэрыз па выбары «адзінага кандыдата» — у якасьці «кандыдатаў у кандыдаты» засталіся Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў. «Кандыдатаў пратэсту» зьбіраўся выстаўляць Мікола Статкевіч. Аб прэзыдэнцкіх амбіцыях у абыход праймэрыз заяўлялі сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч, блогер Сяргей Ціханоўскі.

У суседняй Польшчы тым часам прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя на 10 траўня, былі перанесеныя за тры дні да правядзеньня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Ніжняя палата парлямэнту пераадолела вэта верхняй і ўхваліла правядзеньне выбараў па пошце.

Што трэба ведаць пра тэрміны прэзыдэнцкіх выбараў

Тлумачыць палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Паводле Канстытуцыі Беларусі, выбары прэзыдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней як за пяць месяцаў і праводзяцца не пазьней як за два месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта.

Цяперашнія паўнамоцтвы Лукашэнкі заканчваюцца 6 лістапада. Бо ягоная інаўгурацыя адбылася 6 лістапада 2015 году. І гэта значыць, што выбары павінны быць прызначаныя за пяць месяцаў, то бок не пазьней за 6 чэрвеня 2020 году.

Выбары павінны адбыцца за два месяцы да сканчэньня паўнамоцтваў то бок да 6 верасьня. Але ж у законе прадугледжваецца, што можа быць і другі тур. У Канстытуцыі запісана, што паміж першым і другім турам павінна прайсьці два тыдні. Атрымліваецца, што выбары трэба прызначаць не пазьней як на 23 жніўня. Так патрабуе заканадаўства.

Але ж усім вядома, што на беларускіх выбарах другіх тураў не бывае. Звычайна дэпутаты зыходзяць з гэтага.

У Канстытуцыі запісана, што прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў. Але варта адзначыць, што першы прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі склаў сем гадоў замест пяці (з 1994 па 2001). Паводле трактоўкі ўладамі пераходных палажэньняў Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 году, прэзыдэнту фактычна дадаліся два гады.

Акрамя таго, выбары нельга прызначаць раней за тэрміны, прадугледжаныя Канстытуцыяй. Гэта магчыма толькі пры ўмове, калі дзейны прэзыдэнт зь нейкіх прычын датэрмінова спыняе свае паўнамоцтвы.

Тым ня менш гэтае палажэньне Канстытуцыі беларускія ўлады не аднойчы парушалі. Прэзыдэнцкія выбары ў 2006 годзе прайшлі на чатыры месяцы раней за тэрмін, а выбары 2010 году — на 49 дзён раней за тэрмін. Значыць, улады трактуюць заканадаўства так, як самі хочуць і як ім выгадна.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG