Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Бабіч паводзіць сябе ў Беларусі як у краіне-сатэліце


Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Сьцісла

  • Выказваньні расейскага амбасадара сталі дадатковым чыньнікам канфліктагеннасьці ў двухбаковых адносінах.
  • Міхаіл Бабіч ня толькі адлюстроўвае пазыцыю РФ, але ўступае ў жорсткую палеміку з Лукашэнкам.
  • Пасол РФ прыводзіць двухбаковыя адносіны у адпаведнасьць з палітычнай вагой кожнай краіны.
  • Масква ўвязвае захаваньне ўсіх ільготаў Беларусі з пытаньнем будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Калі летам мінулага году паміж Менскам і Масквой разгарэўся канфлікт наконт прызначэньня новага расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча, я напісаў блог «Пасол Расеі — больш чым пасол». Там была такая выснова: «Калі новы амбасадар пачне жорстка адстойваць пазыцыю Масквы, то ён можа стаць дадатковым чыньнікам канфліктагеннасьці ў двухбаковых адносінах». Ну, дык так і адбылося.

На інтэрвію, якое Міхаіл Бабіч даў агенцыі РИА Новости 14 сакавіка, сёньня рэзка адказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз. Прадстаўнік МЗС паабяцаў, што «ў бліжэйшы час нашым партнэрам будуць дадзеныя дэталёвыя адказы на заявы спадара амбасадара».

Нагадаю, што перад прызначэньнем Бабіча ў Менск яго прыняў асабіста прэзыдэнт Пуцін і даў адмысловыя інструкцыі. Кіраўнік Расеі тады сказаў: «Мы з вамі будзем рэгулярна сустракацца. Будзеце дакладваць аб тым, як ідзе гэтая праца. Разьлічваю, што будзеце ўплываць на ўсе гэтыя працэсы, якія адбываюцца ў нашых міждзяржаўных адносінах самым пазытыўным і самым актыўным чынам».

Вось Бабіч і спрабуе ўплываць на працэсы актыўным чынам. З самага пачатку сваёй працы ў Беларусі ён разьвіў вялікую актыўнасьць, дае шмат інтэрвію, але чамусьці ў асноўным расейскім мэдыям.

Тут варта зьвярнуць увагу на такую асаблівасьць беларуска-расейскіх адносін. Звычайна, калі здараецца чарговы канфлікт паміж Менскам і Масквою, то Лукашэнка заўсёды пераносіць яго ў публічную плашчыню, апэлюючы да беларускай і расейскай аўдыторыі. Звычайна раней Масква рэагавала на ягоныя эскапады вяла, старалася не заўважаць іх. І калі празь нейкі час канфлікт вырашаўся, Расея ішла на пэўныя саступкі саюзьніку, то гэта стварала ўражаньне вялікай палітычнай вагі Беларусі ў гэтым дзіўным саюзе. Як пісалі мэдыі, хвост круціць сабакам.

Цяпер усё памянялася. Масква вырашыла адказваць на кожны выпад Лукашэнкі. І гэтую функцыю даручана выконваць амбасадару Бабічу. То бок ён ня толькі адлюстроўвае пазыцыю РФ, але, як вынікае з учорашняга інтэрвію агенцыі РИА Новости, уступае ў жорсткую палеміку з Лукашэнкам. Гэта тое, што прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз назваў «публічнай дыпляматыяй».

Справа ў тым, што ў выступах Лукашэнкі на тэму беларуска-расейскіх адносін заўсёды шмат супярэчнасьцяў, недакладнасьцяў, элемэнтаў дэмагогіі. Напрыклад, ён адмаўляе тое, што Расея субсыдуе беларускую эканоміку, цьвердзіць, што «мы не нахлебнікі». І Бабіч абвяргае беларускага лідэра, ловіць яго на гэтых супярэчнасьцях. Пасол кажа тое, пра што шмат пішуць беларускія незалежныя мэдыі. Напрыклад, амбасадар намякае, што Лукашэнка зьбіраецца стварыць вобраз абаронцы незалежнасьці Беларусі ад Расеі падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Але такая лінія Бабіча вельмі нязвыклая. Ніякія амбасадары заходніх краін так сябе не паводзілі нават у пэрыяды самых вострых адносін паміж афіцыйным Менскам і краінамі ЭЗ і ЗША. Ён дазваляе сабе назваць разважаньні Лукашэнкі «дзіўнымі», «недарэчнымі», «анэкдатычнымі», «вывіхам». Раней Бабіч вучыў, як правільна праводзіць «беларусізацыю». 18 сакавіка ён заплянаваў прэсавую канфэрэнцыю, прымеркаваную да 5-годзьдзя далучэньня Крыму да Расеі. У любой іншай краіне такі крок расейскага амбасадара выклікаў бы скандал.

То бок амбасадар Бабіч паводзіць сябе ў Беларусі як у краіне-сатэліце. У поўнай адпаведнасьці з палітычнай вагой Расеі ў саюзе зь Беларусьсю. Гэта дэманстрацыя таго, што хвост больш ня будзе круціць сабакам. У савецкі час паслы СССР у сацыялістычных краінах ці «краінах сацыялістычнай арыентацыі» выконвалі ролю паралельнага ўраду. Але гэта адбывалася кулюарна. А Бабіч спрабуе адыгрываць тую ж самую ролю публічна. Як кажа прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, «ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай». Бабіч паказвае сапраўдны статус Беларусі ў беларуска-расейскім саюзе. І гэта стала адкрыцьцём, пэўным шокам як для кіраўніцтва Беларусі, так і для грамадзтва. Гістарычная роля новага амбасадара РФ — разбурэньне ілюзій.

Ёсьць яшчэ адзін важны чыньнік дзейнасьці Бабіча, на які не зьвяртаецца ўвага. Ён спрабуе апэляваць да той часткі беларускага грамадзтва, якая ляяльная да Расеі, падтрымлівае пазыцыю РФ у канфлікце з Захадам і Ўкраінай (такіх каля 65%) праз галаву афіцыйнага Менску, імкнецца кансалідаваць прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі. Зьяўленьне ў беларускіх рэгіёнах расейскіх інфармацыйных рэсурсаў, пра якія з трывогай казаў Лукашэнка падчас «Вялікай размовы», — адна з прыкметаў гэтай зьявы.

І яшчэ. З інтэрвію Бабіча вынікае, што і пытаньне цаны на газ, і выдзяленьне расейскіх крэдытаў, і праблему бесьперашкоднага доступу беларускіх тавараў на рынак РФ Масква ўвязвае з будаўніцтвам Саюзнай дзяржавы. То бок праз пэўны час Беларусь можа быць пазбаўленая ўсіх субсыдый, калі не захоча аб’ядноўвацца з Расеяй. Мяркуючы па ўсім, набліжаецца момант ісьціны. А Бабіч — толькі прадвесьнік новай рэальнасьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG