Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскую журналістку будуць судзіць за онлайн-трансьляцыі ў «Фэйсбуку»


Журналістка Ларыса Шчыракова
Журналістка Ларыса Шчыракова

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову будуць судзіць за онлайн-трансьляцыі сходаў жыхароў вёскі Якімава Слабада пад Сьветлагорскам, якія яна вяла ў «Фэйсбуку», паведамляе БелаПАН.

Жыхары вёскі пакутуюць ад моцнага непрыемнага паху, крыніцай якога зьяўляецца новы кітайскі завод беленай цэлюлёзы. Людзі скардзяцца на недамаганьне, млоснасьць, ваніты, галавакружэньне і абвастрэньне хранічных захворваньняў. Улады і кіраўніцтва заводу, аднак, запэўніваюць жыхароў, што перавышэньняў дапушчальных канцэнтрацыяў шкодных рэчываў у паветры не зафіксавана, а пах не ўяўляе небясьпекі.

25 сьнежня жыхары вёскі Якімава Слабада правялі стыхійны сход, які здымала і трансьлявала ў «Фэйсбуку» Шчыракова.

«Зрабілі тут даліну сьмерці», — вяскоўцы супраць цэлюлёзнага заводу пад Сьветлагорскам

10 студзеня ў сельскім доме культуры ў Якімавай Слабадзе прайшла сустрэча уладаў і розных службаў Сьветлагорску зь мясцовым насельніцтвам з нагоды праблем, зьвязаных з новым заводам.

«Са сходу я вяла стрым у „Фэйсбуку“. Да мяне падышоў міліцыянт, супрацоўнік Сьветлагорскага РАУС, і паведаміў, што з нагоды мінулага стрыму ўжо складзены адміністрацыйны пратакол і 15 студзеня будзе суд. Ён таксама запрасіў мяне прыбыць сёньня, 11 студзеня, у Сьветлагорскі РАУС для складаньня новага пратаколу — за стрым са сходу, які адбыўся 10 студзеня. Я яшчэ толькі здымаю стрым, а на мяне ўжо гатовыя складаць пратакол і паведамляюць пра гэта — небывалая апэратыўнасць!» — пракамэнтавала БелаПАН Шчыракова.

Журналістка ня ведае, паводле якога артыкулу і зь якімі фармулёўкамі складзены адміністрацыйны пратакол, бо не атрымлівала яго.

«Энэргію усіх сьветлагорскіх міліцыянтаў варта было б накіраваць у іншае рэчышча. Замест перасьледаў журналістаў ім трэба было пайсьці на завод беленай цэлюлёзы і прад’явіць прэтэнзіі генэральнаму дырэктару і яго намесьніку — за тое, што новы завод труціць людзей. А так выходзіць, што ўлада проста абслугоўвае саму сябе, выкарыстоўваючы міліцыю», — дадала журналістка.

«Спыніць і зрабіць па-людзку». Улады супакойваюць вяскоўцаў, абураных новым заводам пад Сьветлагорскам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG