Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: улада праігнаравала грамадзкія пратэсты


Будаўніцтва завода беленай цэлюлёзы

Будаўніцтва завода беленай цэлюлёзы

Беларускія ўлады праігнаравалі ўсе звароты жыхароў Сьветлагорску супраць будаўніцтва ў горадзе заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы з прымяненьнем дыяксіду хлёру. Адхілілі прэтэнзіі сьветлагорцаў да новага хімічнага прадпрыемства й суды: спачатку раённы, а днямі — і Гомельскі абласны.

Сьветлагорцы яшчэ ў 2012 годзе сабралі звыш 10 тысяч подпісаў супраць узьвядзеньня ў горадзе новага хімічнага прадпрыемства, на якім беленую сульфатную цэлюлёзу будуць атрымліваць з прымяненьнем дыяксіду хлёру — небясьпечнага хімічнага рэчыва, якое шкодзіць здароўю людзей.

Подпісы былі накіраваныя ў адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў, а таксама ў амбасаду Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, бо дзеля будоўлі заводу скарыстаны крэдыт кітайскага банку.

Зварот 10 тысяч сьветлагорцаў — кожнага сёмага жыхара гораду — улады праігнаравалі. Спаслаліся на тое, што новая вытворчасьць будзе нібыта бясшкоднай і дасьць новыя працоўныя месцы. Таму, маўляў, няма патрэбы шукаць для заводу іншую пляцоўку. Да такой высновы прыйшло рэспубліканскае навукова-дасьледчае прадпрыемства «БелНДЦ «Экалёгія», якое зрабіла экалягічную экспэртызу.

З гэтым ініцыятыўная група па зборы подпісаў не пагадзілася. Таму яе актывісты і зьвярнулася з пазовам у раённы суд, каб той абавязаў заказчыка — Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат — адмовіцца ад тэхналёгіі вырабу цэлюлёзы з прымяненьнем дыяксіду хлёру. Аднак раённы суд, а ўсьлед за ім і калегія па грамадзянскіх справах абласнога суду адхілілі пазоў гараджанаў.

Тэльман Масьлюкоў

Тэльман Масьлюкоў

Каардынатар групы Тэльман Масьлюкоў: «Мы будзем чакаць рашэньня абласнога суду — яно павінна цягам двух тыдняў паступіць у раённы суд. І калі азнаёмімся зь ім, то будзем думаць, ці падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. Хутчэй за ўсё, будзем вытрымліваць усю працэдуру зваротаў, каб пасьля можна было зьвяртацца ў міжнародныя экалягічныя арганізацыі. І каб можна было паказаць, што мясцовыя і нацыянальны суды прынялі рашэньні не на карысьць грамадзянаў».

Дарэчы, у сваіх пярэчаньнях у абласны суд дырэктар Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату Юры Крук напісаў, што камбінат «не зьяўляецца самастойным ініцыятарам будаўніцтва, а выконвае патрабаваньні дзяржаўных органаў».

Судзьдзя раённага суду Ірына Алісейка ў сваім рашэньні, якім адмаўляе ў задавальненьні пазову грамадзкіх актывістаў да камбінату, адзначыла, што «адбельваньне цэлюлёзы складаецца з чатырох этапаў, пры гэтым толькі на двух этапах выкарыстоўваецца разбаўлены дыяксід хлёру».

Масьлюкоў: «Дыяксід хлёру — небясьпечнае хімічнае рэчыва, якое, дапусьцім, на сьвятле выбухае. І яно настолькі шкоднае, што яго нават перавозіць не дазваляецца, а трэба будзе вырабляць непасрэдна на месцы — тут, у Сьветлагорску. Яшчэ ў 2006 годзе прыродаахоўныя арганізацыі Эўропы заклікалі цэлюлёзна-папяровую прамысловасьць адмовіцца ад гэтага рэчыва і перайсьці на тэхналёгію бясхлёрнага адбельваньня. Яна крыху даражэйшая, але, на думку прыродаахоўных арганізацыяў, нашмат чысьцейшая».

Пакуль грамадзкія актывісты абіваюць парогі судоў, у Сьветлагорску паміж цэлюлёзна-кардонным камбінатам і вёскай Якімава Слабада ў разгары будоўля новага хімічнага прадпрыемства з удзелам кітайскіх рабочых і спэцыялістаў. Каб іх пасяліць, у Якімавай Слабадзе скупілі нават паўдзясятка хатаў на вуліцах Новай і Школьнай. Побач зь вёскай узводзяцца карпусы новай вытворчасьці.
Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат

Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат


Мясцовая жыхарка, сябра ініцыятыўнай групы спадарыня Людміла апавядае:

«Спыніць гэта практычна немагчыма — трэба рэальна глядзець на сытуацыю ў нашай краіне. Насуперак здароваму сэнсу, мольбам, пажаданьням людзей да вышэйшых кіраўнікоў нічога не даходзіць — ні да розуму, ні да сэрца, ні да чога. Ніхто ня думае пра наступствы — для прыроды, для людзей і нават для прадпрыемства».

Суразмоўніца кажа, што незалежныя экспэрты прадбачаць праз пару дзесяцігодзьдзяў недахоп мясцовай сыравіны для вытворнасьці беленай цэлюлёзы. Давядзецца выкарыстоўваць прывазную драўніну. А гэта немінуча пацягне за сабою высокі сабекошт вырабленай цэлюлёзы, і ўрэшце — неканкурэнтаздольнасьць яе на рынках збыту.

Апрача таго, у Сьветлагорску й бяз новай хімічнай вытворчасьці ўзровень захворваньняў насельніцтва па выніках дзесяцігадовага назіраньня нашмат перавышае паказьнікі ў Менску: па новаўтварэньнях — у 1,3 раза, хваробах эндакрыннай сыстэмы і абмену рэчываў — у 2,7, крыві й крывятворных тканак — у 2,3, ускладненьнях родаў і пасьляродавага пэрыяду — у 2,2, хваробах органаў страваваньня — у 2,8 раза.

У гэтыя паказьнікі, як лічаць адмыслоўцы. уносіць сваю долю й экалягічная сытуацыя ў горадзе, дзе ўжо і без таго працуюць ЦЭЦ і два хімічныя прадпрыемствы.
XS
SM
MD
LG