Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьдзекі, катаваньні, падман», — затрыманы на Дзень Волі музыка Хаўкін пра турэмны і судовы досьвед


«Трэба распавядаць пра ўсе злачынствы, якія мы бачым», — перакананы музыкант, гукарэжысэр і прадусар Аляксандар Хаўкін, якога затрымалі на Дні Волі ў Менску, трымалі ў пастарунку і ў турме на Акрэсьціна, а праз два дні прысудзілі штраф. Гісторыя Аляксандра Хаўкіна, расказаная ім самім, — у інтэрвію Свабодзе.

«Я дагэтуль зь цяжкасьцю ем»

Дамовіліся зь сябрамі перад працай сустрэцца ў кавярні «Лідо» на плошчы Якуба Коласа. Мы мусілі ехаць здымаць канфэрэнцыю па праблемах інвалідаў-вазочнікаў. А я мусіў завезьці прышпілку для пятлічнага мікрафону.

Калі ўсё пачалося, многія наведнікі выходзілі паглядзець, што адбываецца. Але адміністратар нікога назад не пускаў.

Гэта значыць, там заставалася ежа на сталах, а людзі — з другога боку.

Наша машына была прыпаркаваная на другім баку плошчы, бліжэй да Галерэі сучаснага мастацтва. Там ужо было перагароджана міліцыяй. Чалавек у форме без знакаў адрозьненьня з тварам, закрытым маскай, спытаўся: «Чыво стаім?». Кажу, вунь наша машына. Я атрымаў удар у грудзі, мне заламалі руку, пацягнулі да аўтобуса. Там пачалі біць з усіх бакоў. Атрымаў удар у сківіцу. Я і дагэтуль зь цяжкасьцю ем, а першыя суткі-двое зусім ня мог.

«Чалавек цябе бʼе ў твар, а ты бачыш радасьць у ягоных вачох. Твар схаваны пад маскай, а зь яе вочы аж блішчаць ад шчасьця».

У аўтобусе мяне павалілі на таго самага Валерыя, які доўгі час не называў сваё імя. Яшчэ быў выкладчык гісторыі на пэнсіі, ён і Валеры пасьля апынуліся са мной у адной камэры на Акрэсьціна. Валеры, здаецца, мае тэхнічную адукацыю, актыўна займаецца турызмам, альпінізмам. Там наагул прыстойная публіка сабралася.

У мяне пры сабе былі розныя дакумэнты. Пасьведчаньне Саюзу музычных дзеячоў, правы кіроўцы, пасьведчаньне сябра БАЖ, міжнароднае журналісцкае пасьведчаньне. Я рэгулярна супрацоўнічаю з рознымі СМІ як гукарэжысёр. У аўтобусе я закрыў галаву, выставіў міжнароднае пасьведчаньне над сабой. Яго хтосьці ўзяў, вярнуў у руку назад. Таму, магчыма, у Ленінскім РУУС ужо загадзя склалі пратакол з маім імем.

«У РУУС нас адвялі справіць малую патрэбу проста пад плот»

Каля іншай сьценкі мы доўгі час стаялі са зьвязанымі рукамі. Такімі плястыкавымі сьця́жкамі. Хтосьці расшпілены, хтосьці бяз шапкі стаяў.

У РУУС паклалі перада мною гатовы пратакол: «Нецэнзурна лаяўся на вуліцы». Хто са мною знаёмы, ведае, што такое ў прынцыпе немагчыма.

Чытаю пра сябе — «сярэдняя адукацыя». У мяне дзьве вышэйшыя: кансэрваторыя па клясе скрыпкі і Акадэмія мастацтваў па спэцыяльнасьці гукарэжысура. У акадэміі я і выкладаў. Быў старшынём і прыёмнай камісіі, і адборачнай. Яшчэ я два гады па разьмеркаваньні працаваў у Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Далей чытаю, што жанаты на сваёй былой жонцы, зь якой мы тры гады як разышліся. Думаю, маўляў, няўжо ў іх такія базы зьвестак у міліцыі?

Калі забіралі пэўныя рэчы, запатрабавалі зьняць заручальны пярсьцёнак (другая жонка Аляксандра Жэня прысутнічае пры размове. — РС). Міліцыянт мне кажа:

«Ня бойцеся, я не махляр і не прэзыдэнт, усё будзе на месцы».

Сапраўды, і зь пярсьцёнкам, і з грашыма пазьней нічога ня сталася.

Аляксандар Хаўкін. Перад судамі на затрыманымі на Дзень Волі. Менск, 27 сакавіка

Аляксандар Хаўкін. Перад судамі на затрыманымі на Дзень Волі. Менск, 27 сакавіка

«У залі РУУС я пачаў страчваць прытомнасьць»

У мяне паніжаны цукар. Я ад раніцы нічога ня еў. У залі РУУС я пачаў страчваць прытомнасьць. Папрасіў вады з цукрам. Прынесьлі. Хтосьці зь міліцыянтаў выклікаў «хуткую». Затрыманым не дазвалялі карыстацца тэлефонамі ўжо ў аўтазаку. Я толькі SMS пасьпеў адправіць сябру.

Пакуль ехала «хуткая», дзякуючы вадзе з цукрам мой стан палепшыўся. Я папрасіў агледзець сківіцу. Пералому не было. Ад шпіталізацыі я адмовіўся. Чаму?

Я нарадзіўся і 37 гадоў жыву ў Менску. Нічога не парушаю. Наадварот, валянтэрым з жонкай: коцікамі-сабачкамі займаемся, нядаўна курсы Чырвонага Крыжа скончыў. І я вельмі хацеў разабрацца, што ж адбываецца.

«Мы доўга стаялі на расьцяжцы: зьбітыя, галодныя, змораныя людзі»

Каля 23:00 павезьлі на Акрэсьціна. Хтосьці зь міліцыянтаў даў вадзічку з цукрам і апэльсін, але я ня змог есьці перад натоўпам галодных людзей. Дый пасьля есьці ня мог фізычна, толькі паабсмоктваў долькі.

Кармілі толькі на наступную раніцу. Нейкай неверагодна салёнай кашай. Перад тым па прыбыцьці ў цэнтар часовага ўтрыманьня мы доўга стаялі на расьцяжцы: зьбітыя, галодныя, змораныя людзі.

«У судзе я зразумеў, што ўсё робіцца для таго, каб чалавек у суд трапляў у несьвядомым стане».

«Да суду катаваньні не спыняліся ні на сэкунду»

Да суду катаваньні не спыняліся ні на сэкунду. Напрыклад, у нас у камэры немагчыма было дыхаць. Была жудасная антысанітарыя. Ні паперы, ні мыла. Кран з халоднай вадой — адзіная крыніца і для піцьця, і для асабістай гігіены, і для прыбіральні.

Я ня мог там есьці, бо стаяў дзікі смурод.

У нас у камэры быў язьвеньнік, ён неверагодна пакутаваў, але не атрымліваў дапамогі.

На другія суткі па затрыманьні 27 сакавіка мяне прывезьлі ў суд. Зноў праблема з цукрам, зноў выклікалі «хуткую». Павезьлі ў 6-ы шпіталь, і там нечакана зьявілася Жэня і мой сябра. Прынесьлі ваду, шакалядку і кантактныя лінзы.

«Мы знайшлі Сашу абсалютна выпадкова», — жонка Жэня

Мы знайшлі Сашу абсалютна выпадкова. Цудам! Я зайшла ў судовы будынак на вуліцы Сямашкі. Бачу ў холе мужчын у чорнай форме, якія штосьці робяць з кіпамі папераў. Я пытаюся, маўляў, а Хаўкіна ня ведаеце дзе шукаць? А яны: «Гэта той, якога толькі што „хуткая“ забрала?».

«Зроблена ўсё, каб людзі слаба штосьці цямілі падчас суду»

Аляксандар працягвае:

— У машыне «хуткай» добра было — ветрык. Але ў шпіталі я зноў адмовіўся ад шпіталізацыі, сказаў, каб вярнулі дасудзіць. Хацеў давесьці справу да канца.

А ў судзе такая карціна. Людзі пасьля двух сутак у сьмярдзючых камэрах, дзе не давалі спаць — увесь час гарэла сьвятло. Выгляд, пах, — як у бадзяг. Зроблена ўсё, каб людзі слаба штосьці цямілі падчас суду.

Я атрымаў 25 базавых штрафу — 575 рублёў.

Цяпер я выходжу на вуліцу ў тэрмабялізьне, вопратцы і абутку без матузкоў (бо з матузкамі адбіраюць у міліцыі); нашу хустку, каб было чым прыкрыць вочы ў камэры.

Што мы можам з усім гэтым рабіць? Расказваць.

Трэба расказваць пра ўсе злачынствы, якія мы бачым. Пра зьдзекі, катаваньні, падман.

Упэўнены, гэта дасьць плён.

Аляксандар Хаўкін:

  • Сярод іншых іграў зь Лявонам Вольскім і Аляксандрам Кулінковічам.
  • Апошнія праекты ў якасьці гукарэжысэра і прадусара:
  • «Беларускія казкі» з Паўлам Гарадніцкім (актор «Свабоднага тэатру»);
  • «Хасідзкі рэгей» аўтара і выканаўцы Пінхаса Цынмана -- праект "Гут!";
  • Шэраг праваслаўных аўдыёкніг;
  • «Паляваньні на дзівосы» для тэлеканалу «Белсат».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG