Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Юхневіч: «У СІЗА было шмат выпадковых людзей, якім далі па 15 сутак нібыта за парушэньне ПДР»


Дзень Волі 2015. Апазыцыйны актывіст Павал Юхневіч з дачкой

Грамадзкага актывіста Паўла Юхневіча напярэдадні Дня Волі затрымалі прэвэнтыўна, яшчэ 23 сакавіка, калі ён вяртаўся з працы. Прысудзілі 7 сутак арышту. 30 сакавіка Павал выйшаў на волю з Жодзінскай турмы.

«Я, у прынцыпе, падазраваў, што такое можа здарыцца, бо цягам дня каля маёй машыны стаяў бусік (але ня сіні). І я пасьпеў патэлефанаваць жонцы, калегам, каб яны прасачылі, ці даеду я дадому. Як пазьней высьветлілася, чакалі мяне ў той дзень і каля дома міліцыянты (суседзі ўчора расказалі, калі я вярнуўся). Але затрымлівалі досыць карэктна, дазволілі патэлефанаваць жонцы, калегу, каб забраў дакумэнты, ключы, гаманец.

Я прадчуваў, што могуць прэвэнтыўна затрымаць, хоць апошнія 6 гадоў ніякай увагі з боку спэцслужбаў да маёй пэрсоны не было, з канца 2010 году.

Павезьлі мяне ў Кастрычніцкі РАУС, хутка ўсё аформілі. Абвінавачаньні стандартныя: лаяўся матам, зазіраў у вокны машын, што стаялі побач, хоць у радыюсе 100 мэтраў, акрамя маёй машыны ды іхнага бусіка, ніводнага аўтамабіля не было. Я прадчуваў, што могуць прэвэнтыўна затрымаць, хоць апошнія 6 гадоў ніякай увагі з боку спэцслужбаў да маёй пэрсоны не было, з канца 2010 году. Праўда, потым сядзеў з хлопцам, які схадзіў на акцыю 15 сакавіка, а да гэтага 10 гадоў нідзе ня дзейнічаў, але яго таксама прэвэнтыўна забралі.

Павезьлі на Акрэсьціна чамусьці ў кайданках. Я пачаў абурацца: «Вы ня маеце права, я адміністрацыйна затрыманы...» На наступны дзень быў суд, прайшоў ён вельмі хутка. Сьведкамі выступілі міліцыянты, якія затрымлівалі.

Я адразу сказаў, што ведаю, чаму мяне затрымалі, што будзе далей. Мне прысудзілі 7 сутак арышту. Быў адвакат, жонка перадала рэчы. Усё, што трэба было для больш-менш камфортнай адседкі, у мяне было з сабой. Адзінае, за што хваляваўся, — што жонцы адной з дваімі малымі дзецьмі будзе дастаткова складана.

Уразіла тое, што забралі шмат людзей зусім выпадковых. (...) Яны наагул не зразумелі, за што іх пасадзілі, хваляваліся, што родныя ня ведаюць — ім не далі паведаміць сваякам пра затрыманьне.

Адзін так засмуціўся, што нават есьці ня мог. Так што міліцыянтам далі «карт-блянш» затрымліваць усіх запар, надзялілі шырокімі паўнамоцтвамі, або нэрвы ў іх ня вытрымалі, што грэблі ўсіх запар.

26 сакавіка на Акрэсьціна было вельмі напружана. Усю нашу камэру пазбавілі матрацаў і вывелі на холад у так званы прагулачны дворык. Пасьля да нас далучылі хлопцаў, якіх затрымалі 25 сакавіка — Глеба Вайкуля, Кастуся Ахроменку, іншых. І мы хоць даведаліся пра падзеі на Дзень Волі. Бо за 7 сутак мне не перадалі ніводнай газэты, хоць сваякі іх прыносілі. А потым больш за 20 чалавек павезьлі ў ізалятар Менскага раёну, што на вуліцы Скарыны. Зьнялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі. З намі быў яшчэ Раман, прадстаўнік анархічнага руху, якому ўвогуле далі 21 суткі за акцыю ў Берасьці, дзе яго наагул не было.

Раскідалі па камэрах, я пачаў грукаць у дзьверы: «А дзе наша вячэра?» Прыйшоў маёр і кажа: «Я ня ўпэўнены, што вы тут застаняцеся». Так і адбылося: пасадзілі ў сапраўдныя аўтазакі для перавозкі зьняволеных і адвезьлі ў Жодзіна. Разьмеркавалі па камэрах, мы сядзелі не ў СІЗА, а ў ІЧУ.

Бытавыя ўмовы на Акрэсьціна сталі лепшыя, але стаўленьне пэрсаналу — значна горшае. Такое ўражаньне, што яны спрабуюць гуляцца ў «турму строгага рэжыму». Менавіта гуляцца.

Апошні раз на Акрэсьціна я быў даволі даўно, у канцы 2010 году. Бытавыя ўмовы там сталі лепшыя, але стаўленьне пэрсаналу — значна горшае. Такое ўражаньне, што яны спрабуюць гуляцца ў «турму строгага рэжыму». Менавіта гуляцца. У Жодзіне, нягледзячы на тое, што рэжым утрыманьня больш строгі, стаўленьне пэрсаналу значна лепшае. Нам прапаноўвалі і прагулкі, і душ — карацей, даволі паважлівае стаўленьне.

Ежа была вельмі нясмачная, хоць я і непераборлівы. Але калі нам перадалі сала і каўбасу, яны добра заходзілі з жодзінскай кашай.

Сядзелі зусім маладыя хлопцы, якіх першы раз затрымалі. Вельмі годна паводзілі сябе! Так што адседка прайшла больш-менш нармальна.

Я цяпер больш хвалююся за тых, хто знаходзіцца ў СІЗА КДБ і на «Валадарцы», на каго завялі крымінальныя справы. Ім вельмі патрэбна падтрымка.

І я вельмі ўдзячны за дапамогу, бо надта перажываў за жонку. Але ў нас столькі добрых, чулых людзей, якія прапанавалі дапамогу! Я вельмі ўражаны".

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG