Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін вязень ізалятара на Акрэсьціна трымае галадоўку. «Фактычна сухую», — былы сукамэрнік


Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна
Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна

30 сакавіка з ізалятара на Акрэсьціна вызваліўся журналіст Дзяніс Івашын. Былы арыштант расказаў пра галадоўку пратэсту, якую працягвае трымаць ягоны сукамэрнік Валянцін Корзьнікаў.

«Валянціна затрымалі 26-га на Кастрычніцкай плошчы, на акцыі салідарнасьці з тымі, каго арыштавалі на Дні Волі. Мы сядзелі ў адной камэры, і ён адпачатку, як трапіў туды, абвясьціў галадоўку.

Ён пратэстуе ня толькі супраць арышту на 10 сутак, але і супраць бесчалавечнага абыходжаньня там, на Акрэсьціна. Бо там рэальна катавальня, а ня проста ізалятар. Вады пітной не даюць, толькі з крана, перадачаў няма. Не дазваляюць напісаць хадайніцтвы — не выдаюць асадкі. Маўляў, мы гэтымі асадкамі сабе нашкодзім. Ежа такая, што есьці немагчыма, хоць і галодныя, але ўсё роўна ўсё ідзе ва ўнітаз.

Не дазваляюць нават азнаёміцца з правіламі, якія ў іх там вісяць і павінны выконвацца ахоўнікамі. Гарбаты даюць невялікі кубачак на дзень, і гэта ўсё. Валянцін нават гарбаты ня пʼе, то бок фактычна ў яго сухая галадоўка, і ён кажа, што не саступіць. А яму яшчэ трымацца там 5 дзён», — кажа Дзяніс Івашын.

Паводле зьвестак, акрамя Валянціна Корзьнікава, у ізалятары галадаюць на знак пратэсту апэратар «Белсату» Аляксандар Баразенка, які атрымаў 15 сутак арышту, і актывіст Максім Вінярскі, асуджаны на 8 сутак. Абодва заявілі пра галадоўку адразу пасьля суду.

Учора з ізалятара на Акрэсьціна пасьля арышту выйшаў намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў, які раней служыў у міліцыі і даслужыўся да падпалкоўніка. Мікалай Казлоў таксама расказваў пра зьдзекі турэмшчыкаў з арыштантаў і нават параўнаў некаторых міліцыянтаў з Акрэсьціна з садыстамі. Ці згодны з гэтым параўнаньнем Дзяніс Івашын?

Івашын: «Так, і гэта сапраўды вельмі сурʼёзна. Магчыма, ім такі загад далі, каб больш з намі жорстка абыходзіліся, чым са звычайнымі хуліганамі, але ўражаньне, што ім і ня трэба ніякага загаду, яны інакш ня могуць. Усяго некалькі чалавек траплялася такіх, якім было няёмка, а іншым было ў ахвоту зьдзекавацца зь людзей, якіх яны там трымаюць. Канечне, гэта яшчэ не 37-ы год, але ўсё бліжэй да яго», — кажа Дзяніс Івашын, які адбыў 5 дзён у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на 1-м завулку Акрэсьціна за Дзень Волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG