Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што добрага ў затрыманьнях і зьбіваньні АМАПам, распавядае адлічаны студэнт Шынкевіч


Крысьціян Шынкевіч
Крысьціян Шынкевіч

На мінулым тыдні Крысьціян Шынкевіч быў звычайным студэнтам БДПУ імя Максіма Танка. Вучыўся на выкладчыка хіміі і біялёгіі. А ўчора яго адлічылі. Як твіт аб прыбіральнях ва ўнівэрсытэце паўплываў на ягоны лёс і чаму ён рады суткам на Акрэсьціна, хлопец расказаў Свабодзе.

Самае цяжкае на Акрэсьціна — няма інтэрнэту

Інтэрвію з 20-гадовым Крысьціянам даводзілася адкладаць тройчы. Спачатку яго тэрмінова выклікалі ў дэканат для чарговага папярэджаньня. У Дзень Волі яго затрымаў АМАП на офісе праваабарончага цэнтру «Вясна». Нарэшце, у нядзелю яго затрымалі супрацоўнікі КДБ у пераходзе на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў на Акрэсьціна, і толькі ў панядзелак па абедзе вызваліўся.

«Кампанія на Акрэсьціна была вельмі добрай, — кажа Крысьціян. — Можна было сядзець і 15 сутак. Самае цяжкае — няма інтэрнэту. Каб быў інтэрнэт, ежа і папера ў прыбіральні, было б усё добра».

Празь дзьве гадзіны пасьля інтэрвію з Крысьціянам яму патэлефанавалі з дэканату ды паведамілі пра адлічэньне. За «парушэньне абавязкаў навучэнца».

Да свайго адлічэньня Крысьціян рыхтаваўся ўжо зь мінулага тыдня. Яго двойчы выклікалі ў дэканат і патрабавалі напісаць тлумачальную запіску аб прагулах — 6 гадзін за сэмэстар. А ў апошняй размове яму вельмі ясна патлумачылі: варта спыніць усю грамадзкую дзейнасьць і закрыць твітэр-акаўнт.

«Амаль прамым тэкстам казалі: калі я не спынюся, то мяне адлічаць, — казаў Крысьціян падчас інтэрвію. — Даю 99,9 адсотка, што мяне адлічаць».

«Твітэрам» хутка зацікавілася адміністрацыя

Да другога курсу Крысьціян не прыцягваў увагі адміністрацыі ўнівэрсытэту. 15 сьнежня 2016 году ён пракамэнтаваў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» прызначэньне новага міністра адукацыі. Тады ім стаў кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка.

«Пасьля камэнтароў мяне выклікалі ў дэканат, — кажа Крысьціян. — Казалі, каб я гэта прыпыніў».

Потым ён удзельнічаў у абароне Курапатаў. Правёў 12 дзён на будоўлі каля масавых пахаваньняў, начаваў там некалькі разоў. Увесь гэты час Крысьціян пісаў пра падзеі ў намётавым лягеры ў сваім «твітэры».

У пачатку сакавіка ён атрымаў першую вымову ад дэканату — за 3-дзённую паездку за мяжу. Студэнт мае права на тры дні адʼезду цягам сэмэстру, але толькі з дазволу адміністрацыі.

Твітэр-акаўнт, дзе Крысьціян крытыкуе вышэйшую адукацыю, удзел у Акадэміі студэнцкага лідэрства і празьмерная для студэнта публічнасьць сталі нагодай для размовы ў дэканаце. Афіцыйная прэтэнзія да Шынкевіча — пропускі заняткаў. Але пасьля першай тлумачальнай у пачатку мінулага тыдня яго ізноў запрасілі ў чацьвер, 23 сакавіка.

«Шмат у каго было больш пропускаў, але толькі мяне паўторна выклікалі, — кажа Крысьціян. — Казалі, што будзе цяжка. Часта згадвалі пра мой „Твітэр“. Некалькі разоў прыгадалі пра маю грамадзкую актыўнасьць».

Як пазьней распавялі Крысьціяну, ягоны «Твітэр» уважліва чыталі ў адміністрацыі. Нейкіх сэнсацыйных рэчаў там не было. Напрыклад, фота з прыбіральні, дзе няма паперы, магло быць зроблена зь любога ўнівэрсытэту.

Суткі і штрафы людзей не пужаюць

За мінулыя выходныя Крысьціяна Шынкевіча затрымлівалі двойчы. 25 сакавіка — на офісе праваабарончага цэнтру «Вясна», дзе ён мусіў працаваць у штабе і адсочваць затрыманых на Дні Волі. 26 сакавіка яго затрымалі ў цэнтры Менску. Праз паўгадзіны пасьля акцыі салідарнасьці са зьняволенымі ён праходзіў побач з Кастрычніцкай плошчай. Без тлумачэньняў яго затрымалі ў падземным пераходзе. Да суду ў панядзелак ён суткі правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.

Крысьціян трапіў у камэру разам з Паўлам Белавусам, дырэктарам «Арт-сядзібы» і інтэрнэт-крамы symbal.by, і Раманам Пратасевічам, які вёў жывую трансьляцыю з аўтазаку.

«Суткі і штрафы людзей не пужаюць. Наадварот, яны пасьля гэтага больш змагаюцца».

Гэта былі першыя ў жыцьці Крысьціяна «суткі». І хоць на яго крычалі ды запалохвалі міліцыянты, а ў камэры было душна, ён разглядае праведзены ў ізалятары час як новы досьвед.

«Самы лепшы досьвед — уласны. Цяпер я ведаю, як працуе ў нас міліцыя, — кажа Крысьціян. — Раней чытаў, што зьбіваюць людзей, груба ставяцца. Калі на сваёй скуры адчуеш, гэта зусім іншае».

У ізалятары ён сустрэў людзей, якіх выпадкова затрымала міліцыя падчас Дня Волі і акцыі салідарнасьці. Трапіўшы за краты, яны зьмяняюць свой сьветапогляд. Напрыклад, затрыманы кіроўца ня змог выйсьці на працу на наступны дзень, і яго звольнілі. Чалавек, які раней ня ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці, цяпер абяцае хадзіць на мітынгі.

«Міліцыя гадуе новых грамадзкіх актывістаў, — кажа Крысьціян. — Нэўтральныя людзі пасьля Акрэсьціна становяцца іншымі».

Больш мяне нішто ня спыніць

Празь дзьве гадзіны пасьля інтэрвію Крысьціяну патэлефанавалі з дэканату ды паведамілі, што яго адлічваюць з унівэрсытэту. Пасьля таго, што зь ім здарылася за апошнія дні, іншага хлопец і не чакаў. А на салідарнасьць аднагрупнікаў ён не разьлічвае.

«Яны настроеныя супраць маёй дзейнасьці. У мяне часам пытаюць, колькі грошай мне плацяць ЗША ці Эўразьвяз? Ніякіх грошай я не атрымліваю».

Крысьціяна не турбуюць такія паводзіны ягоных аднакурсьнікаў. Ён кажа, што ва ўсім сьвеце студэнцтва ў сваёй большасьці пасіўнае. Толькі актыўныя адзінкі звычайна могуць прывесьці да пераменаў.

«Перад мітынгам арыштоўвалі ў асноўным актывістаў, — тлумачыць Крысьціян. — Таму што яны падымаюць іншых студэнтаў. І гэты адзін адсотак мае самую вялікую каштоўнасьць».

Перасьлед адміністрацыі Шынкевіча не палохае. Максымум, што мог зрабіць дэканат — адлічыць яго.

«У жыцьці я шмат чаго перажыў. Гэта мяне больш забаўляе, чым пужае. Больш мяне нішто ня спыніць. Толькі куля ў лоб».

Нават пасьля адлічэньня хлопец застанецца ў студэнцкім руху. Ён уваходзіць у Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, спрабуе дамагчыся студэнцкага самакіраваньня, каб беларускія ўнівэрсытэты адпавядалі Балёнскаму працэсу.

«Я ня згодны гэта цярпець. У мяне ёсьць падтрымка іншых».

Неадназначную падтрымку ён мае ад сваіх бацькоў. Яны хоць і падзяляюць погляды сына, але ня хочуць, каб гэтымі рэчамі займаўся Крысьціян.

«Мне бацькі кажуць, я ў дзеда пайшоў. Яму не падабалася, калі парушалі ягоныя правы. Калі мае правы парушаюць, я не маўчу. Я з гэтым змагаюся».

У рэктараце БДПУ імя Танка сьцьвярджаюць, што Шынкевіч адлічаны за «сыстэматычнае невыкананьне абавязкаў навучэнца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG