Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: З народам, які выходзіць з турмы сьмеючыся, зрабіць ужо нічога немагчыма


Уладзімер Някляеў

Госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — палітык і паэт Уладзімер Някляеў. Ён расказвае, як пасьля затрыманьня ў Берасьці ён патрабаваў, каб яму далі зрабіць усяго адзін званок жонцы, тлумачыць, чаму сытуацыя ў Беларусі пасьля 25 сакавіка незваротна зьмянілася, і заяўляе, што трэба працягваць акцыі пратэсту. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Перш за ўсё давайце пагаворым пра вашы «прыгоды» ў Берасьці. Ад самога пачатку, калі вас затрымалі ў цягніку «Варшава — Менск».

— Усю ноч на 25 сакавіка і амаль увесь дзень я правёў у турэмнай камэры і выйшаў са шпіталя чалавекам, які нікому ня можа адказаць дакумэнтальна, дзе ён быў. Як і ў выпадку са Статкевічам, мне таксама намякалі, што калі я пачну нейкія «наезды», то яны скажуць, што ён усё выдумляе, нібыта яго КДБ затрымаў і біў. Бо ўсё гэта казка, яму ў цягніку стала кепска, і яго на насілках занесьлі ў шпіталь добрыя людзі.

Гэта поўнае беззаконьне, якое ў нас творыцца. Таму я патрабаваў: напішыце мне паперу, на якой падставе вы мяне забралі. Таму я і скаргу ў шпіталі напісаў у Генэральную пракуратуру, каб гэта было зафіксавана — скаргу, якую некаторыя называюць бесталковай. Мая жонка ў 2010 годзе дзесяць дзён ня ведала, ці жывы я, ці забіты. А тут толькі суткі. Але мне не здаецца, што гэта драбяза. Я разумеў, што адбываецца з маімі роднымі, і патрабаваў даць мне патэлефанаваць. Я патрабаваў — «дайце мне зрабіць адзін званок і сказаць два словы, што я жывы». Не, «не паложана». Бесчалавечнасьць — у сутнасьці гэтай улады, і гэта найстрашнейшае, што ў ёй ёсьць.

— Калі б з вамі ня здарыўся гіпэртанічны крыз, то, можа, вас бы і не перавялі ў шпіталь?

— Дык яны мяне і не пераводзілі. Калі ў мяне пачаў падымацца ціск, то я ня мог яго зьбіць, бо ў мяне не было неабходных лекаў. Я ехаў у Варшаву на тры дні і ўзяў толькі лекаў на гэтыя тры дні. Я ім кажу — «Мне неабходныя лекі». — «Няма доктара, ён выходны». Урэшце я дабіўся толькі таго, што мяне вывелі ў двор. Бо камэра маленькая, і ўсе там кураць. Яны з павагі да мяне адыходзілі ў кут курыць, але гэта мала ратавала сытуацыю.

Я выйшаў у двор, вершы пачаў чытаць, каб пераключыцца. Дзяўчаты ў суседнім дворыку пачалі «брава» крычаць, эмоцыі пайшлі лепшыя нібыта. Але, вярнуўшыся ў камэру, я нагнуўся над нарамі і страціў прытомнасьць. І толькі тады, калі хлопцы сталі грукаць у дзьверы і крычаць, што Някляеў канае, то доктарка выклікала хуткую дапамогу. Трэба аддаць ёй належнае, гэта не Сярэнка з нашай менскай лякарні.

— То бок яны проста хацелі пратрымаць вас 3–4 дні за кратамі і потым сказаць, што нічога не было?

— Ну, так, відаць. Але быў момант, калі я падумаў, што будуць ляпіць «крыміналку». У мяне была сярод іншых дакумэнтаў пастанова замежнай камісіі польскага Сэйму па сытуацыі ў Беларусі. І другі дакумэнт мне дала спадарыня Агнешка па Белсату і іншых СМІ, якія маюць замежную падтрымку. І мне сталі тыкаць гэтыя дакумэнты — маўляў, гэта мае наўпроставае дачыненьне да нацыянальнай бясьпекі.

Я ім грубавата адказаў, куды яны могуць засунуць гэтыя дакумэнты. Але такі намёк прагучаў. Так што я быў гатовы і да таго, што будуць ляпіць крыміналку. І да таго, што суткі могуць перайсьці ў большы тэрмін.

— Апазыцыйны палітык у Беларусі павінен прадугледжваць, што яго могуць затрымаць у любы момант, ня даць яму даехаць да месца падзеі. Калі вы ехалі цягніком у Менск з Варшавы — вы на што разьлічвалі?

— Як бы вам адказаць, каб нікога не пакрыўдзіць. Я, канечне, не прафэсійны разьведчык, але не зусім такі чалавек, які ня думае трошкі наперад. Я не зьбіраўся вяртацца ў Менск ані самалётам, на які ў мяне быў квіток, ані цягніком — на які я адмыслова купіў квіток ужо ў Варшаве, каб у іх была мітусьня, дзе мяне лавіць. Дабірацца я зьбіраўся зусім іншым шляхам. На жаль, гэта не ўдалося зрабіць — гэта асобная гісторыя, зьвязаная з маімі адносінамі ў Варшаве з адным чалавекам.

Я сеў на цягнік толькі з той прычыны, што была безвыходная сытуацыя. Падвечар 24 сакавіка я ўжо ні на чым іншым у Менск не трапляў, а ня трапіць на Дзень Волі я ніяк ня мог. Я разумеў, што верагоднасьць таго, што мяне не затрымаюць, у мяне 0,001. Але ўсё-ткі спадзяваўся — раптам у некага мазгі перакруціліся, раптам яны вырашылі даць магчымасьць людзям прайсьці свабодна па галоўным праспэкце.

Яны ж далі мне магчымасьць прайсьці мытню, пашпартны кантроль, вярнулі нават мне пашпарт. І калі я ўжо падумаў, што праскочыў, і, значыць, што, можа, чапаць ня будуць там — тут яны і зьявіліся.

— Чаму ўлады пайшлі на разгон акцыі 25 сакавіка? Што гэта азначае? Ці сапраўды мы назіраем пэўны гістарычны паварот?

— Улада ня толькі магла, але і мусіла зрабіць іначай. Калі яна насамрэч ставіць тыя мэты, якія дэкляруе — дэмакратызацыі, лібэралізацыі — то навошта кідацца з дручкамі на людзей, якія хочуць дэмакратызацыі, свабодных выбараў, вольнай Беларусі? Дык ня трэба кідацца, дайце ім прайсьці. Што б сталася, калі б людзі прайшлі ад Акадэміі Навук да Кастрычніцкай? Але ўлада прадэманстравала тое, што заўсёды — сваю сілу. «А то ж яны зусім разбэсьцяцца і будуць патрабаваць, каб Лукашэнка сыходзіў». Канечне, будуць патрабаваць.

— Большасьць лідэраў апазыцыі не змаглі ўзяць удзел у акцыі, бо былі за кратамі. Нягледзячы на гэта, усё роўна гучаць абвінавачаньні на іхні адрас — маўляў, трэба было гэтага пазьбегнуць, арганізаваць усё па-іншаму.

— Мы стараліся гэта зрабіць. Статкевіч застаўся, спрабаваў сысьці ад наглядчыкаў, па-мойму, зрабіў, што мог. І я, паверце, зрабіў, што мог, каб быць 25 сакавіка каля Акадэміі Навук. Ня выйшла. Вінаваціцца і біцца галавой праз гэта я ня стану. Гэта барацьба, і сілы пакуль няроўныя.

Мы пакінулі там людзей, нашы хлопцы 25-га там былі. І яны зрабілі, што маглі. Яны не далі частцы людзей прайсьці да Акадэміі Навук, калі там хапун пачаўся. Яны павярнулі людзей назад, яны перавялі людзей з загароджанай часткі праспэкту на процілеглы бок. У мяне да іх прэтэнзій практычна няма. Да самога сябе... Калі надта некаму хочацца лічыць мяне вінаватым — лічыце мяне вінаватым.

— Многія лічаць, што сытуацыя ў грамадзтве цяпер кардынальна памянялася. Расьце перакананьне, што большасьць у Беларусі ўжо не падтрымлівае ўладу. Як можна разьвязаць гэты вузел, калі ўлада мае штыхі, але ня мае даверу? Што апазыцыя можа рабіць у гэтай прынцыпова новай сытуацыі?

— Сёньня прынцыпова іншая сытуацыя ў параўнаньні з 2010 годам. Я толькі што прыехаў з Акрэсьціна, дзе мы разам са Статкевічам сустракалі людзей, якіх пабралі 25 сакавіка. Як выходзілі людзі? Выходзіць, расказвае, што яго білі, катавалі, голага вывозілі ў ноч, каб ён мерз. Ён выходзіць, разгортвае бел-чырвона-белы сьцяг мэтраў на 15, і ўсе, хто яго сустракае, гэты сьцяг падымаюць і крычаць: «Жыве Беларусь!».

Вось якая прынцыпова новая на сёньня сытуацыя. Ні ў кога ніякага страху, ні ў кога ніякага сумневу, што гэта канвульсіі ўлады. Яна ўжо робіць тое, што толькі паскарае яе сыход. Апазыцыя толькі сама, вядома, няздольная перамагчы рэжым, які ўмацаваўся гэтымі страшнымі машынамі, а ў яго яшчэ ёсьць і танкі, і войскі.

Але з народам, які выходзіць з турмы сьмеючыся, зрабіць ужо нічога немагчыма. Паглядзіце, як выглядае ўлада ў параўнаньні з народам, а народ сьмяецца. Гэта і ёсьць перамога. Бо там, дзе сьмех, там прападае страх і ўзьнікае неадольная вера ў пераможнасьць той ідэі, за якую ты змагаесься.

— Мікола Статкевіч прапанаваў працягваць акцыі пратэсту і 1, і 9 траўня. Якое ваша стаўленьне да гэтага?

— Ёсьць тое, што называецца «дыялёгам» — дыялёгам Эўразьвязу зь беларускім рэжымам. Ці, як яны дэкляруюць, дыялёгам зь Беларусьсю. Я — за, абедзьвюма рукамі. Гэта палітычны інструмэнт, ім трэба абавязкова карыстацца.

Але я яшчэ за маналёг. За маналёг беларускага народу. За ягонае неадʼемнае права заяўляць сваю пазыцыю і выяўляць сваю волю. Як гэтым правам карыстацца? Седзячы па хатах? Не. Выходзіць на вуліцы, на плошчы, і заяўляць гэтае права. Дык вось. Мы ня здрадзім беларускаму народу, ягонаму праву, і будзем яму дапамагаць. Заклікаючы ў адпаведны час і адпаведнае месца прыходзіць, і пазыцыю сваю заяўляць, і права сваё выяўляць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG