Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы разумелі, што не схавацца пры тым татальным сачэньні, якое было за мной і за Статкевічам», — Уладзімер Някляеў


Уладзімер Някляеў у берасьцейскім шпіталі

Уладзімер Някляеў пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды вызваленьне Мікалая Статкевіча зь СІЗА КДБ і ягоныя заявы.

— Усё, што зрабіў рэжым на сьвяткаваньне 25 сакавіка, — гэта найгоршае, што ён мог зрабіць. І ў апошнюю чаргу гэта тычыцца Мікалая Статкевіча, Уладзімера Някляева.

Найперш гэта тычыцца тых людзей, якія не зьяўляюцца актывістамі дэмакратычнай апазыцыі, якія наагул да апошняга часу ня мелі ніякага дачыненьня да палітыкі. І менавіта на іх быў акцэнтаваны гэты брутальны напад, каб найперш іх запалохаць, а празь іх запалохаць тых людзей, якія гатовыя далучыцца да актыўнай барацьбы з рэжымам.

Гэта была аднадзённая вайна ў сваіх выявах, але працяглая па сутнасьці вайна рэжыму з народам. Яшчэ раз сваімі дзеяньнямі рэжым падкрэсьліў сваю антынароднасьць. І гэта ніколі ня сыдзе ў пясок, як вада, не даруецца, гэта вернецца рэхам. 25 сакавіка — гэта не падзея кропкавая, гэта проста зьвяно ў ланцугу працэсу, які непазьбежна скончыцца падзеньнем рэжыму.

Што канкрэтна да Мікалая Статкевіча, да ягонага затрыманьня і гісторыі са мной, то гэта таксама ня столькі скіравана на нас пэрсанальна (хоць і не без таго), колькі зноў жа на тое, каб зьменшыць узровень пратэстаў і зьменшыць магчымыя наступствы таго, што адбылося ў Менску 25-га.

Тут шмат ёсьць у чым разьбірацца — і ў дзеяньнях рэжыму, і ў дзеяньнях апазыцыі, асобных кіраўнікоў, і ў дзеяньнях як менскіх, так і мясцовых уладаў. Тут вельмі шмат пытаньняў, на якія неабходна бліжэйшым часам даць адказ.

Пэрсанальная нянавісьць Лукашэнкі да Статкевіча агульнавядомая, усе памятаюць ягоны скрыгат зубамі ў 2010 годзе. І, канечне, ён з задавальненьнем бы зрабіў тое, чаго асьцерагаліся многія, у тым ліку і я. Я асьцерагаўся ня толькі таго, што на яго завядуць крымінальную справу, а нават таго, што зь ім могуць разабрацца дарэшты.

Але сытуацыя сёньня такая, што не дазваляе рэжыму распусьціць рукі, не дазваляе зрабіць усё так, як ён хацеў бы зрабіць.

І сытуацыя ня зьменіцца, нават калі нейкі час Захад будзе рабіць выгляд, што нічога такога драматычнага ў Беларусі не адбываецца, будзе рабіць выгляд, што існуюць нейкія ўзроўні свабод ці правоў чалавека, у іх, маўляў, адзін узровень свабоды, а ў нас іншы.

Нягледзячы на ўсё гэта, сытуацыя для рэжыму не палепшыцца. Ня будзе хапаць сродкаў, каб карміць усю гэтую хэўру, шунявак, пракурораў, судзьдзяў, якім прабачылі, даравалі, а яны зноў займаюцца гэтай жа гнюснай і бруднай справай. На гэта няма грошай, сродкаў, і так ці інакш трэба будзе прыдумляць.

А нічога тут не прыдумаеш, як здацца. Проста рэжым змушаны будзе здацца, каб зь ім не паступілі так, як ён хацеў паступіць гэтым разам са Статкевічам.

— Вы пралічвалі такі варыянт, што вы і Статкевіч будзеце затрыманыя перад акцыяй?

— Безумоўна. І апошні раз, калі сустракаліся, прынялі рашэньне, што нам трэба быць асобна, каб нас у адным месцы не ўзялі. Таму я паехаў у Варшаву. Ня толькі таму, каб нас папярэдне не забралі. Але каб выказаць пазыцыю БНК па сытуацыі ў Беларусі, бо наша пазыцыя шмат у чым адрозьніваецца ад меркаваньняў большасьці ўдзельнікаў палітычнага працэсу з боку дэмакратычнай апазыцыі.

Мы ня дзеці і разумелі, што не схавацца пры тым татальным сачэньні, якое было за мной і за Статкевічам, а яно было і ўначы і ўдзень, кантраляваліся ўсе сродкі камунікацыі, тэлефоны. Ніводнага каналу не было, які б не падлягаў кантролю, апроч асабістых кантактаў. І нават не вэрбальных, а пісьмовых — мы сядзелі і адзін аднаму пісалі запіскі па самых асноўных пытаньнях.

Дык вось мы дамовіліся ня толькі пра тое, што я еду, а ён застаецца, а і пра тое, хто і як і што робіць у выпадку нашага затрыманьня. Гэтыя людзі таксама ўсё ведалі, мы зь імі таксама гаварылі. На жаль, і гэтых людзей пабралі туды, куды пабралі ўсіх астатніх.

А некаторыя проста ня здолелі ў той нязвыклай сытуацыі, якая сталася, выявіцца як сапраўдныя лідэры вулічных акцый. Гэта вельмі няпростая рэч. У той сытуацыі, у якой апынуліся людзі 25 сакавіка, калі іх загналі ў пастку паміж Акадэміяй навук і вуліцай, прыняць рацыянальнае рашэньне людзям бяз практыкі было вельмі цяжка.

Так што я нікога з тых людзей, якія павінны былі нас замяніць, не вінавачу. Бо насамрэч сытуацыя склалася вельмі нестандартная. Можна цяпер гадаць, як мы маглі б зрабіць інакш...

— Статкевіч заявіў, што плянуе новыя вулічныя акцыі. Ці магчыма пазьбегнуць такой сытуацыі, каб акцыі не засталіся бязь лідэраў?

— Прадугледзець у нашай краіне што-небудзь цяжкавата з той простай прычыны, што нават тыя рашэньні, якія прымаюцца з процілеглага боку, невядомыя выканаўцам да самай апошняй хвіліны.

Вось з маёй гісторыі ў Бярэсьці. Ніхто ня ведаў у наступную хвіліну, што ён будзе рабіць, які яму прыйдзе загад. Цягнуць мяне ў Менск ці пакідаць тут, рабіць зь мяне шпіёна ці парушальніка інструкцый па правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Я бачыў, як яны разгубленыя сядзяць і чакаюць, калі ім нехта патэлефануе і скажа вось канкрэтна: ці забі яго, ці рабі гэта і гэта.

І самае цяжкое для прадбачаньня, што і на тым канцы ў гэты момант гэты чалавек, які прымае рашэньні, таксама ня ведае, якое ён рашэньне прыме ў наступную хвіліну, што ў яго там узбрыкне ў галаве. Ці ён успомніць, як Статкевіч на яго скрыгатаў зубамі, ці як Някляеў чытаў вершы.

Абсалютна некантраляваная і расхрыстаная сыстэма, і толькі страх гоніць выканаўцаў на тое, каб махаць гэтымі дручкамі і біць народ. А страх — такая рэч, што нават у самых пудлівых ён праходзіць проста з таго, што яны стамляюцца баяцца. І міліцыянты далёка ня тыя людзі, якія гатовыя табе раскроіць галаву толькі за адно нейкае кепскае слова пра ўладу.

То бок яшчэ крыху — і адбудзецца злом, і ўсё павернецца ў той бок, які трэба.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG