Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлусьня КДБ як папярэджаньне


Мікола Статкевіч, дома, пасьля вызваленьня з СІЗА КДБ. Менск, 27 сакавіка 2017 году

Чаму вызвалілі Статкевіча? Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: Сёньня раніцай, калі Мікола Статкевіч зьявіўся ў сябе дома, і адразу гэта стала вядома журналістам, Радыё Свабода было першым СМІ, якое зьявілася ў яго ў доме і адразу правяло жывую трансьляцыю інтэрвію з палітыкам. Абставіны вызваленьня Статкевіча былі такія.

Ён быў затрыманы яшчэ 23 сакавіка ў выніку апэрацыі спэцслужбаў. Яны высачылі, дзе ён начаваў, спрабуючы ня трапіць ім у рукі, і быў дастаўлены ў сьледчы ізалятар КДБ. Сёньня, калі яго зьбіраліся кудысьці весьці, ён думаў, што магчыма ў Жодзіна або яшчэ куды, але яго проста выкінулі ў прадмесьці Менску і адтуль раніцай ён дабраўся дадому.

Чаму ўлады выпусьцілі Статкевіча? Таму што на гэты момант выглядае, што ўлады не рашыліся пайсьці «ўразнос», на варыянт 19 сьнежня 2010 году. Яны вырашаюць тактычную задачу спыніць рост грамадзянскай актыўнасьці, але ў цэлым, як выглядае, яны ня могуць, або баяцца, або не жадаюць весьці сытуацыю да таго поўнага разгрому, кіданьня краіны ў атмасфэру страху і нянавісьці, як гэта было пасьля разгрому Плошчы-2010.

Відавочна, што затрыманыя падчас акцыяў 25 і 26 сакавіка альбо будуць адпушчаныя альбо атрымаюць адміністрацыйныя пакараньні па некалькі сутак. Асобна стаіць тут справа «баевікоў». Тут будзе ня так проста. Перш за ўсё ўлады разумеюць, што любое зьяўленьне палітвязьня, хаця б аднаго, якога прызнаюць міжнародныя структуры, а тым больш некалькіх, азначае вельмі радыкальнае пагаршэньне адносінаў з Захадам, адступленьне ад таго, што было заваявана міністэрствам замежных справаў Беларусі. Улады гэтага ня хочуць, але справа заведзеная. Тут магчыма ўлады будуць думаць, што за гэтак званых «баевікоў» ня будзе каму заступіцца. Бо Статкевіч, адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі — сацыял-дэмакратычны палітык, за яго заступіцца Сацыялістычны інтэрнацыянал. За Анатоля Лябедзьку заступяцца міжнародныя лібэральныя аб’яднаньні і г. д., гэта статусныя палітыкі, зьняволеньне якіх атрымала б гучны рэзананс і было б ва ўсіх СМІ. Улады спадзяюцца, што справу гэтых «баевікоў» ім удасца давесьці да суду, да прысуду безь вялікага міжнароднага рэзанансу. Тут шмат чаго залежыць і ад беларускай грамадзкасьці, і ад міжнароднай, і ад СМІ. Цяпер, пасьля гэтых адміністрацыйных арыштаў, у справе «баевікоў» магчыма будзе зробленая паўза, улады будуць глядзець на рэакцыю. Мне здаецца, дастаткова хуткая рэакцыя і Эўразьвязу, і амбасады ЗША ў Беларусі, і асобных эўрапейскіх палітыкаў далі зразумець беларускім уладам, што Брусэль ня будзе доўга рэагаваць. Таму выпусьцілі Статкевіча, бо паўставалі пытаньні, дзе ён, ці жывы ён, ён сымбаль беларускай апазыцыі, вядомы палітык. Тое, што яго выпусьцілі, ня значыць, што адразу закрыюць справу «баевікоў».

Бліжэйшыя дні будуць для ўлады выпрабаваньнем, яны будуць глядзець, якая міжнародная рэакцыя, ці ўдасца ім менавіта гэтых людзей прадставіць як сапраўдных «баевікоў». Але калі спэцслужбы ўжо завялі такую справу, у іх будзе жаданьне неяк яе давесьці да канца. Урэшце, калі даваць нейкія прагнозы, дастаткова вялікая верагоднасьць, што ўсё закончыцца так, як з блогерам Эдуардам Пальчысам, справу давядуць да суду, але потым абвінавачаных вызваляць і прысудзяць ім тое, што яны ўжо адсядзелі падчас папярэдняга сьледзтва. Гэта дастаткова аптымістычны варыянт, але верагоднасьць таго, што рэалізуецца больш пэсымістычны, таксама высокая.

Дракахруст: У вашым пытаньні галоўнае не чаму яго вызвалілі, а чаму яго так трымалі. І я мяркую, што гэта таксама быў элемэнт таго самага запалохваньня, дэманстрацыі — не забывайце, у якой краіне вы жывяце. Гэтыя некалькі дзён мы ўсе назіралі за станам Марыны Адамовіч, жонкі Міколы Статкевіча, многія беларусы былі ў такім самым стане. Таму што гэта сапраўды патыхала Гаіці, беларускімі зьнікненьнямі. А КДБ адказвала Адамовіч «на блакітным воку»: «А мы ня ведаем, дзе ён. У нас яго няма». І ўсялякія тролі ўжо жартавалі, а можа ён у Парыж зьехаў з каханкай?

Зразумела, гэта стварала жахлівую пэрспэктыву. Спадарыня Адамовіч сказала — я была б рада, калі б высьветлілася, што ён у КДБ. Ну гэта нагода для радасьці даволі ўмоўная, але тое, што цяпер Статкевіч апынуўся дома, гэта пасланьне ўсяму беларускаму грамадзтву з улікам хлусьні КДБ — а мы ж і ня так можам, мог жа і не вярнуцца.

Цікава, што ён вызвалены і што яго не прышчапілі да справы «баевікоў». І гэта на фоне паведамленьняў, што яго кіроўца вёз на маніфэстацыю 25 сакавіка нейкія бомбы, «кактэйлі Молатава». Прынамсі на гэты момант усё гэта зьнікла. Ізноў дэманстрацыя: вось мы можам так, а можам і так, можам зрабіць крок назад.

Карбалевіч: Я па-іншаму інтэрпрэтую той факт, што афіцыйныя прадстаўнікі КДБ, як і МУС, казалі, што ня ведаюць, дзе Статкевіч. Найперш, думаю, пэўны час улады вагаліся, што рабіць зь Міколам. Ці проста ня ведалі, якое рашэньне прыме Лукашэнка. Таму вось так манілі. Ну вось рашэньне прынятае.

Чаму вызвалілі? Бо Статкевіч — знакавая палітычная фігура і для беларускіх уладаў, і для Захаду. За яго лёсам уважліва сачылі ўсе. Таму па пытаньні ягонага лёсу трэба было моцна пралічваць усе магчымыя наступствы, калі б яго зноў пасадзілі на доўгі тэрмін ці калі б нешта здарылася яшчэ больш страшнае.

Затым, ён быў небясьпечны менавіта на Дзень Волі, бо баяліся, што ён можа ўзначаліць шэсьце. Гэты дзень прайшоў, галоўная небясьпека, нібыта, сышла.

І потым — а што яму можна было прад’явіць? Маю на ўвазе нешта сур’ёзнае, а ня тое, што, напрыклад, брыдкасловіў. Прычапіць яго нейкім чынам да справы «баевікоў»? Выглядала б вельмі штучна.

А чаму не далі 15 сутак за брыдкаслоўе або нешта падобнае? Маглі. Вось жа іншых лідэраў апазыцыі такім чынам нэўтралізавалі. І Някляева дасюль не адпускаюць. Але тут трэба ўнікаць у псыхалёгію аднаго чалавека, які прымае рашэньні.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG