Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч дома. Відэа і цытаты

абноўлена

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч знайшоўся пасьля зьнікненьня бязь зьвестак 23 сакавіка. Ён кажа, што быў у СІЗА КДБ, дзе яму паказалі крымінальную справу за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» зь яго ўдзелам у час, калі ён быў за кратамі пасьля «Плошчы-2010». Статкевіч заклікае працягваць вулічныя пратэсты, зьмяніўшы фармат. Свабода вяла жывую трансьляцыю першых заяваў палітыка пасьля вызваленьня.

«Мікола дома. Ён гэтыя тры дні быў у СІЗА КДБ», — паведаміла Свабодзе жонка Статкевіча Марына Адамовіч. Карэспандэнты Свабоды выехалі да палітыка, ён даў інтэрвію ў жывым эфіры.

«Рыхтаваў беспарадкі» з турмы, паводле вэрсіі КДБ

Мікола Статкевіч з дому распавядае першыя падрабязнасьці свайго затрыманьня (У прэсавай службы КДБ «няма зьвестак» пра яго знаходжаньне ў СІЗА КДБ). Ён кажа, 23 сакавіка зранку «адарваўся» ад назіраньня за ім, уцёк у мэтро, паехаў на кватэру да знаёмых.

Каля 21.30 таго жа дня ў кватэру прыйшлі праваахоўнікі: Статкевіч кажа, ня меў з сабой электронных прыладаў, па якіх яго можна было б адсачыць. Ккватэру, дзе ён знаходзіўся, адчынілі ключом. Тыя, хто яго затрымлівалі, паказалі пасьведчаньні супрацоўнікаў МУС, яго затрыманьне здымалі на відэа. З кватэры яго вывялі ў «шыкоўны Лексус», нацягнулі на вочы шапку.

У СІЗА КДБ са Статкевічам як падазраваным па крымінальнай справе гутарыў капітан П.П. Васілеўскі. Ён паказаў Статкевічу пастанову аб завядзеньні супраць яго крымінальнай справы за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў». Пратакол быў падпісаны супрацоўнікам КДБ К.Л. Ражком. Той нібы высьветліў, што ад 2011 году Статкевіч і група нявызначаных асобаў рыхтавалі масавыя беспарадкі. Гэты пратакол, кажа Статкевіч, выклікаў у яго сьмех: у той час, ад «Плошчы» 2010 году і да 2015 году ён быў за кратамі.

Статкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што пратакол быў зацьверджаны генэрал-маёрам П.І. Сергіенкам 21 сакавіка, але ўжо пасьля заяваў Лукашэнкі пра «выкрыцьцё лягераў баевікоў».

«Такой лажы мне яшчэ ніхто не прад’яўляў!» — сьмяецца Статкевіч. Пра свой цяперашні статус (падазраваны, абвінавачаны ці прызнаны невінаватым) ён ня ведае.

Статкевіч адмовіўся даваць паказаньні. Яго зьмясьцілі ў камэру №16 СІЗА КДБ, дзе ён знаходзіўся да сёньняшняга ранку. Ён кажа, хваляваўся, што зьвесткі пра яго затрыманьне ня выйдуць за межы КДБ, таму, калі зьявілася магчымасьць, крыкнуў да суседніх камэраў: «Тут Мікола Статкевіч! Добрай раніцы, тэрарысты!». Ніякай рэакцыі ён не пачуў.

А палове на 7-ю раніцы 27 сакавіка Статкевіча вывялі з камэры, аддалі частку ягоных рэчаў, вывялі на двор і пасадзілі ў сіні мікрааўтобус. Нягледзячы на цёмныя шторкі, Статкевіч зразумеў, што машына ехала нібыта ў бок Магілёва, потым нібыта ў бок Шклова, але ў выніку яго выпусьцілі на аўтобусным прыпынку ў раёне пасёлка Сокал, адкуль ён на таксі дабраўся дамоў.

Чаму вызвалілі і што далей?

На думку Статкевіча, яго вызваленьне зьвязанае з тым, што ўлады Беларусі яшчэ спадзяюцца наладзіць дыялёг з Захадам і атрымаць з Захаду фінансавую дапамогу: «Грошай няма, каб трымаць мяне».

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што «адліга» ў стасунках з Захадам і зьняцьце санкцыяў адбылося пасьля таго, як беларускія ўлады адпусьцілі яго і іншых палітвязьняў. Цяпер будуць спробы дыскрэдытацыі, але не зьняволеньне, мяркуе Статкевіч: «Калі пасадзіць мяне, падстава для дыялёгу зьнікне».

Таксама ён мяркуе, што затрыманых па справе «лягераў баевікоў» маюць вызваліць празь месяц, праз два ці праз паўгады, хоць сьледчы яму заявіў, што «хоць пару чалавек застанецца» за кратамі. Але сытуацыя ня тая, мяркуе Статкевіч: афіцыйны Менск будзе шукаць дыялёгу з Захадам, каб ня быць «раздушаным» Масквой.

Цяпер апазыцыя мае зьмяніць форму і тактыку пратэсту, мяркуе Статкевіч: «Пратэст мусіць працягвацца, але не выходзіць за мірныя межы».

Ён прапануе ладзіць акцыі на дзяржаўныя сьвяты, як то 1 траўня, калі можна прапанаваць прадаць рэзыдэнцыі і лімузіны, каб пусьціць грошы ў эканоміку, альбо 9 траўня, каб згадаць вызваленьне краіны ад нацыстаў «з надзеяй, што зноў акупаваная Беларусь будзе вызваленая».

Цытаты

«Усе дні — поўная інфармацыйная ізаляцыя, толькі ў суботу пасьля абеду адчувалася, што нешта здарылася. Увечары некага заводзілі, магчыма, тых, хто па адной справе са мной».

«Пра „асабістага кіроўцу“: Сяргей Кунцэвіч — актывіст партыі, які часам мяне падвозіў, каб замесьці сьляды. Дзіўна, але супраць мяне працуе цэлы аддзел».

«Пляшкі зь нібыта выбуховай сумесьсю праходзілі і ў 2010-м, а потым усё зьнікла. Бо аказалася, што пашкадавалі нават бэнзіну, унутры аказалася вада, якая замерзла. Прыёмы хлусьні і мэтады застаюцца».

«Мой статус — падазраваны. Сёньня сказалі, што бяруць для сьледчых дзеяньняў, але нечакана адпусьцілі. КДБ мусіць рэалізоўваць паранаідальныя фантазіі Лукашэнкі, увасабляючы іх у жыцьцё заднім чыслом».

«Меры бясьпекі: тое, што рабіў, буду рабіць і далей. Хоць калі захочуць, ня здольны ім перашкодзіць».

«Добра выглядаю, бо спаў цэлымі днямі. На жаль, ня ведаў, што здарыцца акупацыя горада. Мяне цяжка нечым зьдзівіць, але нават я зьдзіўлены, што тварылі 25-га сакавіка».

«Ад майго імя рассылаліся хлусьлівыя заклікі. Але такімі мэтадамі рэжым толькі прысьпешвае свой канец. Лукашэнка ўжо не спрабуе гуляць у „бацьку нацыі“, а перайшоў да наўпроставага застрашваньня, да рэжыму акупацыі. Пазычаюць грошы, каб утрымліваць банду. КДБ — гэта ўжо варыянт гестапа-лайт».

КДБ казала, Статкевіч ня ў іх

Сваякі і журналісты заўважылі зьнікненьне Статкевіча 24 сакавіка. У сталічнай міліцыі і КДБ, куды зьвярталася яго жонка, зьвестак пра знаходжаньне ў гэтых установах Мікалая Статкевіча не прадаставілі.

Мікола Статкевіч быў прыхільнікам шэсьця на Дзень Волі ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасьці — па маршруце, даўжэйшым за прапанаваны аргкамітэтам Дня Волі. Ён заяўляў, што бярэ на сябе адказнасьць за акцыю — на яе Статкевіча ў выніку не пусьцілі.

Акаўнты Міколы Статкевіча і Марыны Адамовіч ў сацсетках узламвалі напярэдадні Дня Волі, рассылалі фальшывыя зьвесткі, у тым ліку пра адмову ад акцыяў.

25 сакавіка дзяржаўны тэлеканал СТВ паказаў сюжэт пра канфіскацыю ў нібыта «кіроўцы Статкевіча» пляшак «з пахам гаручай сумесі».

«У мяне няма кіроўцы, гэта мой калега па партыі, які браў удзел у маёй эвакуацыі», — кажа Статкевіч. А «Кактэйлі Молатава» ён называе «лухтой», якую яму прад’яўлялі яшчэ на судзе ў 2011 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG