Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Статкевіч: «Галоўная праблема Беларусі — гэта Лукашэнка»


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Сёньняшні госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — Мікола Статкевіч. Ён адказвае на пытаньне, як зьменіцца тактыка і стратэгія пратэстаў пасьля прыпыненьня «дармаедзкага» дэкрэту, разважае, чаму ўлада не павінна пайсьці ні на якія сілавыя правакацыі супраць пратэстоўцаў, і тлумачыць, як дабіцца ад Лукашэнкі саступак і вольных выбараў. Зь Міколам Статкевічам гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Сёньня Аляксандар Лукашэнка загадаў не спаганяць падатак на дармаедзтва да канца году. Фактычна дзеяньне дэкрэту нумар 3 часова прыпыненае. Ці можна назваць гэта першаснай перамогай, ці падставы для акцыяў пратэсту застаюцца? Бо сам жа дэкрэт не адменены.

— Улада не адступае, хітруе і манэўруе. Так, гэта праявы слабасьці. Напалохаліся і вырашылі зрабіць такі выкрунтас. Але ж пытаньне ня ў гэтым. Пытаньне ў тым, што яны што хочуць, тое і прымаюць, уводзяць новыя незаконныя паборы. Хто іх ведае — паглядзяць, што народ супакоіўся, і скажуць — плаціце за два гады.

Недарэмна на нашым мітынгу 17 лютага прынятыя тры пункты патрабаваньняў, а потым за іх галасавалі людзі ў рэгіёнах. Першае — безумоўная адмена гэтага дэкрэту. Другое — адмяніць усе незаконныя паборы. У тым ліку неабгрунтаваны рост коштаў на камунальныя паслугі, а таксама падвышэньне пэнсійнага ўзросту. І трэцяе, самае галоўнае — вольныя выбары. Каб былі выбары, хіба нейкі кіраўнік так рабіў бы з народам? Ды ні за што. Ён бы ведаў, што на наступных выбарах праляціць.

Гэтыя тры патрабаваньні павінны быць выкананыя, альбо хаця б пачаты працэс. Калі гэтага ня будзе — значыць, трэба выходзіць на Плошчу 25 сакавіка, гэта галоўны дзень. Нам трэба перамены альбо паказаць нешта сваім партыйным структурам? Нам трэба перамены, рэформы, палітычныя і эканамічныя. Таму ня трэба дазваляць распыляць сілы, трэба ўсім выйсьці 25 сакавіка ў Менску. Зьбяромся дзясяткамі тысяч і будзем патрабаваць выконваць нашы патрабаваньні.

— Ці можа сёньняшняе рашэньне ўладаў паўплываць на патэнцыйную масавасьць акцыяў, настрой людзей выйсьці на вуліцу? Многія людзі тады выйшлі ўпершыню. Ці могуць яны палічыць, што цяпер у гэтым больш няма патрэбы? Ці яны ўжо выступаюць супраць усёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў і таму гатовыя зноў выйсьці?

— Калі Свабода брала інтэрвію падчас першай акцыі ва ўдзельнікаў, можна было адзначыць, што ў большасьці ўдзельнікаў акцыі праца ёсьць. Людзей проста дастала. Цяпер, я думаю, павінна выйсьці больш.

Слабасьць улады відавочная. Пакуль яны слабыя, пакуль ёсьць уздым сярод нас — трэба выходзіць і дамагацца свайго

Улада паказала сваю слабасьць. Спачатку гістэрыйна, у фільмах розную лухту паказваюць, у тым ліку пра мяне. Узялі кавалкі размоў з рознымі людзьмі, можа зь пяцьцю, нарэзалі, зрабілі мікс — мабыць, за паўтара года назьбіралі.

Слабасьць улады відавочная. Пакуль яны слабыя, пакуль ёсьць уздым сярод нас — трэба выходзіць і дамагацца свайго. Мы ж чужога не патрабуем — нармальных законаў, нармальнай улады. Каб яны на народ працавалі, а не лічылі нас дойным статкам.

— Якія рэакцыі даходзілі да вас пасьля гэтага фільму? Можа, з таго боку нешта? Ці гэтым фільмам усё ўжо было сказана?

— Нешта падслухалі (сам факт таго, што падслухалі) — але нават не знайшлі нічога такога, што можна было б прадʼявіць. Яны ж любяць — гранты, мільёны, замежныя фонды — але нават гэтага ня здолелі склеіць. Я ўжо камэнтаваў — напалоханы сабака гучна брэша. Напалохаліся, штаны мокрыя, пачалі лямантаваць.

— Лукашэнка сёньня выказваўся на гэтую тэму ў такім аспэкце, што ў Беларусі рыхтуецца Майдан, розныя правакацыі. Ідзе нагнятаньне сытуацыі, падрыхтоўка грамадзкай думкі, што нешта можа здарыцца з тымі, хто выйдзе на Плошчу. Як вы лічыце, ці гэта проста спроба запалохаць, ці ўлада сапраўды разглядае нейкія нядобрыя правакацыі?

— Ані народу, ані ўладзе ніякія забурэньні цяпер не патрэбныя. З розных прычын. Ім трэба грошы на Захадзе шукаць, а мы ў сваёй краіне — навошта нам нешта такое вырабляць?

Пакуль я сядзеў, апазыцыя ў цэнтры Менску ніводнага мітынгу не сабрала. Але раней жа гэта была звычайная практыка, асабліва ў 90-я гады, калі гэты на каленях, як ён казаў, хацеў у Расею паўзьці, каб Беларусь прадаць за месца ў Крамлі. Пакуль не спынілі, пакуль ня пнулі добра.

Кожны раз, як зьбіраецца шмат людзей — пачынаюцца па тэлевізары фільмы, размовы пра правакацыі, выбухі і гэтак далей

Кожны раз, як зьбіраецца шмат людзей — пачынаюцца па тэлевізары фільмы, размовы пра правакацыі, выбухі і гэтак далей. Што, забылі пра «пацукоў у водаправодзе»? Звычайная практыка, успрымайце гэта як неабходны антураж. Больш яны нічога прыдумаць ня могуць.

— Калі паўстаюць такія сурʼёзныя выклікі, то цяпер як ніколі патрэбна адзінства дэмакратычных сілаў — хаця б зьнешняе, фармальнае...

— Я цалкам згодны. Таму Беларускі Нацыянальны Кангрэс адкрыты да далучэньня кіраўніцтва іншых партыяў. БНК — гэта супольнасьць рэгіянальных кааліцыяў і агульнанацыянальных арганізацыяў. Рэгіянальныя кааліцыі ўзначальваюць прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных партыяў. БНК адкрыты да далучэньня іншых дэмакратычных партыяў, у нас няма аднаго кіраўніка, старшынства па чарзе. У нас усё на роўных, усё зразумела, празрыста.

Яшчэ 15 траўня на ўстаноўчай сэсіі тады было прапісана, што БНК плянуе выкарыстаць рост сацыяльнага пратэсту, каб прымусіць уладу да палітычных і эканамічных рэформаў. Мы рыхтавалі гэтыя пратэсты. Калі ласка, калегі, далучайцеся.

— Ці вынікае з вашых словаў, што галоўная мэта цяпер — ператварыць сацыяльны пратэст у палітычны? Аднак гэта кажа пра намер сурʼёзнага процістаяньня ўладзе. Апошнія гады апазыцыйныя палітыкі і аналітыкі абмяркоўваюць такую дылему — ці можна радыкальна расхістваць човен, калі, маўляў, стаіць пагроза сувэрэнітэту? Бо, маўляў, прыйдзе Расея і пакарыстаецца гэтымі пратэстамі ў сваіх мэтах.

— Па-першае, вы ня маеце рацыі, што гэта найперш палітычны пратэст. Я нават пасьлядоўнасьць пералічыў — на першым месцы эканамічныя, а таксама палітычныя рэформы. Прымусіць уладу да рэформаў сваім ціскам.

Някепская пазыцыя — «не чапайце мяне, бо будзе тут Расея і вайна». А потым скажа — «не чапайце майго сына, унука»?

А гэтай страшылкай пра Маскву Макей ужо ўсе вушы заліў заходнім партнэрам. І Лукашэнка то рабіў апазыцыю агентамі Захаду, а цяпер Крамля. Някепская пазыцыя — «не чапайце мяне, бо будзе тут Расея і вайна». А потым скажа — «не чапайце майго сына, унука»? А што зь Беларусьсю будзе?

Галоўная праблема для Беларусі — гэты чалавек, Лукашэнка, які стварыў гэтую сытуацыю. І мы можам мірнымі сродкамі прымусіць яго да саступак. Наконт усялякіх забурэньняў — калі ўлада на гэта ня пойдзе (а я думаю, што ня пойдзе), то іх і ня будзе.

Мы не зьбіраемся выводзіць людзей, каб весьці іх кудысьці ў Эўропу ці Азію. У нас адзінае палітычнае патрабаваньне — сумленныя выбары. Я думаю, яно задавальняе беларусаў усіх палітычных і геапалітычных арыентацыяў. Давайце прыйдзем на выбары, абярэм парлямэнт, там будуць прадстаўнікі ўсіх пазыцыяў, хай яны вызначаць замежнапалітычны курс краіны.

Ня трэба нас палохаць, трэба было думаць. За 20 гадоў так і ня створана нармальнае нацыянальнае войска, гатовае бараніць Беларусь, а пра спэцслужбы я ўвогуле маўчу — гэта праваднікі і рассаднікі расейскага ўплыву. Сядзеў бы, маўчаў, хто тут «пятая калёна» Крамля — мы ведаем хто. Усе гэтыя сваркі нагадваюць, як утрыманка ў «папіка» просіць — дай яшчэ. Мы сочым за ўсімі гэтымі гульнямі — хай толькі пагодзіцца на расейскія базы.

— Андрэй Саньнікаў у інтэрвію Свабодзе выказаў думку, што ў Беларусі ўтварылася «рэвалюцыйная сытуацыя». Ці вы згодны з такой ацэнкай?

— Я не такі добры марксіст, я не апэрую такімі катэгорыямі. Я б сказаў так — у народу скончылася цярпеньне. Народ разумее, што яго завялі ў тупік, людзям няма на што купіць хлеба і малака. Цэлымі семʼямі зьяжджаюць у тую Расею шукаць самай цяжкой працы, дзе іх падманваюць. Яны ж не ад добрага жыцьця гэта робяць — проста няма чым карміць дзяцей.

Проста дастала, далей немагчыма. Гэтага чалавека трэба мяняць. Але ж мы разумеем сытуацыю — таму мы спрабуем мірна, далікатна прымусіць да рэформаў, да сумленных выбараў. Якія ён — сам гэта разумее — ня выйграе. Каб адпусьціў уладу сваю, не замінаў нам жыць — дык мы гатовыя яму нават нейкія гарантыі даваць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG