Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тату забралі злыя тролі», — сям’я маладафронтаўца Рамана Васільева чакае вестак зь СІЗА


Кася Васільева і Кіра Васільева ідуць у дзіцячы садок

27-гадовы Раман Васільеў — адзін з шасьці актывістаў «Маладога Фронту», якія знаходзяцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Супрацоўнікі КДБ забралі Васільева 23 сакавіка з кватэры. Рыхтуючыся, што можа быць начны ператрус, жонка Рамана Кася Васільева вывезла іх трохгадовую дачку Кіру, а таксама назапашаныя грошы ў іншы горад.

«21 сакавіка мы даведаліся, што затрымалі Дашкевіча, Пальчэўскага і Леўчанку. Стала зразумела, што такое здарыцца і з намі. Прынялі рашэньне, што я адвязу Кіру да бабулі: баяліся, што будзе начны ператрус, што мужа будуць зьбіваць. Не хацелі, каб дзіця прысутнічала пры гэтым. І акурат 23 сакавіка ўдзень Рома пазваніў і сказаў, што прыйшлі супрацоўнікі КДБ рабіць ператрус. Увечары таго ж дня мне патэлефанавалі і сказалі, што муж затрыманы па падазрэньні ў крымінальным злачынстве, прадугледжаным ч. 3 арт. 293 (падрыхтоўкі масавых беспарадкаў), і будзе знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага», — расказвае Кася Васільева.

Падчас ператрусу Раман зачыніў сабаку ў кухні

Кася Васільева захапляецца кіналёгіяй, у сям’і жыве ангельская бультэр’ерка Бэла. Вярнуўшыся дадому пасьля ператрусу, Кася ўбачыла, што Раман зачыніў Бэлу ў кухні, пакінуўшы ёй там ежу і ваду. «Таму што Бэла, пабачыўшы, як абыходзяцца зь яе гаспадаром, магла б і напасьці на КДБэшнікаў, вось ён яе і зачыніў», — тлумачыць Васільева. Падчас ператрусу ў кватэры забралі ноўтбук і сыстэмны блёк ад стацыянарнага кампутара, а таксама некалькі бела-чырвона-белых сьцягоў.

«Калі забіраюць аднаго маладафронтаўца, прыходзяць і па астатніх»

Раман Васільеў у лягеры абаронцаў Курапатаў, 25 лютага 2017 году

Раман Васільеў у лягеры абаронцаў Курапатаў, 25 лютага 2017 году

Сям’я рыхтавалася да ператрусу і затрыманьня, бо досьвед апошніх гадоў паказвае: калі забіраюць аднаго маладафронтаўца, то прыходзяць і па астатніх. «Рома дастаткова вядомы маладафронтавец. Таму верагоднасьць ягнага затрыманьня была вельмі высокая. Усе шэсьць маладафронтаўцаў, якія сталі тварам абароны Курапат, затрыманыя паводле аднаго і таго ж артыкулу. Але я ня думаю, што гэта нейкім чынам зьвязана з Курапатамі. Яны былі вядомыя і да абароны Курапатаў», — кажа Кася Васільева.

Раман ня меў сталай працы

Праз сваю палітычную актыўнасьць Раман Васільеў працяглы час ня мог знайсьці сталай працы. Ён зарэгістраваўся як рамесьнік, але меў толькі выпадковыя заробкі, браўся за ўсё — ад будоўлі да пагрузкі. Таксама апошнім часам вельмі актыўна вучыў ангельскую мову. Кася — прафэсійная перакладчыца з ангельскай, працуе з дому. Яна кажа, што вялікіх праблем зь фінансамі няма, таму што працы ў яе хапае: «Але мы хутчэй выключэньне. У многіх маіх сябровак па няшчасьці нашмат горшы стан. Валя Яроменак не працуе, у дэкрэце, дзіцяці яшчэ няма трох гадоў. Наста Дашкевіч з дваімі малымі дзецьмі, ды цяпер яшчэ невядома што ёй рабіць з замовамі, якія набраў Зьміцер для сваёй фірмы па вырабе мэблі...»

«Чакаю інфармацыю, што будзе з мужам»

Кася Васільева каля турмы на вуліцы Валадарскага, 29 сакавіка 2017 году

Кася Васільева каля турмы на вуліцы Валадарскага, 29 сакавіка 2017 году

2 красавіка пройдзе дзесяць дзён з моманту затрыманьня Рамана Васільева. Яму і тым, хто быў затрыманы ў гэты ж дзень паводле гэтага артыкулу, павінны будуць альбо прад’явіць абвінавачваньне, альбо адпусьціць. Кася распавядае дачцэ, што краіну захапілі злыя тролі і пасадзілі добрых людзей у турму. Яе тата — сярод гэтых добрых людзей, і ён хутка вернецца. «Кіра нібыта зразумела. Увогуле, раю чытаць маленькім дзеткам „Прыгоды Чыпаліна“ — там усё цудоўна тлумачыцца, як зь Беларусі сьпісана».

«Рома нічога не баіцца. У яго няма страху»

Сям'я Васільевых у лягеры абаронцаў Курапатаў, 4 сакавіка 2017 году

Сям'я Васільевых у лягеры абаронцаў Курапатаў, 4 сакавіка 2017 году

За Раманам Васільевым у суме месяцы адміністрацыйных арыштаў. Кася перакананая, што турма на вуліцы Валадарскага не спалохае і не зламае яго. «У Ромы ўсё добра. Гэта не такое складанае выпрабаваньне, ён бачыў і горшае. Я ня ведаю, чым яго ў прынцыпе можна напалохаць. Мне здаецца, нічым», — кажа Кася Васільева.

Зь перадачамі ў СІЗА № 1 няма праблема. Ёсьць даволі вялікі сьпіс дазволеных прадуктаў, усё прымаюць без прэтэнзіяў. На месяц дазваляецца перадаць 30 кг, уключна з рэчамі і ежай. Адзінае — нельга кнігі, нібыта там ёсьць свая бібліятэка. Кася рыхтуе Раману гародніну, сала, макарону, сухое бульбяное пюрэ, цыбулю, курагу, грэцкія арэхі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG