Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міхаіл Жызьнеўскі паклаў сваё жыцьцё на алтар украінскай свабоды», — кіраўнік амбасады Ўкраіны


Міхаіл Жызьнеўскі

Міхаіл Жызьнеўскі

25 лістапада ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску прайшоў памятны вечар, прысьвечаны трэцім угодкам Эўрамайдану.

25 лістапада ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску прайшоў памятны вечар, прысьвечаны трэцім угодкам Эўрамайдану.

Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валерый Джыгун адзначыў падчас сваёй прамовы, што адным з галоўных вынікаў рэвалюцыі стала тое, што Ўкраіна падвяла рысу пад савецкай эпохай.

«Што было зроблена за гэтыя тры гады? Былі прынятыя пэўныя рэформы (ня ўсё так проста, вядома, рэформы буксуюць, але яны праводзяцца). Адбыўся ўздым украінскага патрыятызму. Пачалі стварацца новыя Ўзброеныя сілы — цяпер Украіна стала адным з элемэнтаў эўрапейскай бясьпекі. Зьявіліся новыя людзі, новыя палітычныя партыі. Моладзь зразумела, што яна мае права выбіраць сваю будучыню», — заявіў ён.

Кажучы пра чалавечыя ахвяры на Эўрамайдане, Джыгун згадаў пра беларуса Міхаіла Жызьнеўскага:

«Адным зь першых загінуў сын Беларусі Міхаіл Жызьнеўскі — герой Майдану, ён пахаваны пад Гомелем. Нашы дыпляматы былі на магіле, прыяжджалі, каб пакланіцца герою. Мы падтрымліваем сувязь з бацькамі Міхаіла. Гэта той чалавек, які паклаў сваё жыцьцё на алтар украінскай свабоды. У тым ліку і цяпер на Данбасе беларусы абараняюць нас ад расейскай агрэсіі».

На вечары з прамовай выступіла таксама рэжысэрка, грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык і фатограф Аляксандар Васюковіч, які прэзэнтаваў свае фатаздымкі з Эўрамайдану і зоны АТА.

«Я быў уражаны, як ва Ўкраіне грамадзтва можа кансалідавацца, як пасьля жорсткага зьбіцьця людзі могуць сабрацца і выйсьці пратэставаць яшчэ ў большай колькасьці. Гэта тое, чаго ў нас у Беларусі не хапае», — адзначыў Васюковіч, згадваючы падзеі ўкраінскай рэвалюцыі.

Па выніку сваёй працы на Данбасе фатограф падрыхтаваў праект «Фота на памяць», які стаў потым шырока вядомым. На выявах — групавыя здымкі ўкраінскіх дабраахвотнікаў, што ваююць на Данбасе. Многія салдаты перакрэсьленыя чырвонымі крыжамі, бо іх ужо няма сярод жывых.

«Я задумаўся над тым, што, напэўна, самая вялікая каштоўнасьць, якая ёсьць ва Ўкраіны — гэта менавіта людзі, якія гатовыя рабіць яе лепш. Але калі яны ўсе загінуць, то, хутчэй за ўсё, рабіць краіну лепшай ня будзе ўжо каму. Я заўважаў, наколькі моцныя заклікі ісьці і ўсіх забіваць. І людзі ў асноўным не задумваюцца над тым, што калі яны ідуць кагосьці забіваць, яны ў тым ліку могуць загінуць самі. Сухія лічбы стратаў ніколі не кранаюць тых людзей, якія сядзяць за кампутарам у кавярні. Таму мая праца працягнулася праектам „Фота на памяць“, які быў пакліканы нагадаць людзям пра важнасьць чалавечага жыцьця».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG