Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэць дахаты, Салаўёў!» — маладафронтаўцы пратэставалі на Кастрычніцкай плошчы


Сёньня а 18-й гадзіне каля Палаца рэспублікі сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, каб выказаць пратэст супраць прыезду ў Менск расейскага прапагандыста Ўладзімера Салаўёва.

Выступ Салаўёва быў прызначаны на 19:00. За гадзіну да гэтага на плошчы зьявіліся актывісты «Маладога фронту». Яны прынесьлі з сабой плякаты з фатаздымкамі разбураных падчас расейскай агрэсіі гарадоў Украіны і Грузіі. На плякатах было напісана: «Расейска-украінскае сяброўства», «Расейска-грузінскае сяброўства», «Расея — гэта заўсёды вайна».

«Мы выйшлі на акцыю пратэсту, каб паказаць, што ня хочам жыць па ўказцы Крамля і ня хочам бачыць у Беларусі пуцінскіх ваенных базаў зь „зялёнымі чалавечкамі“», — заявіў лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Ён дадаў, што яшчэ адна мэта акцыі — «спыніць лухту і бруд, якія паліліся на Беларусь з расейскага тэлебачаньня».

Актывісты скандавалі «Жыве Беларусь!», «Ня трэба крамлёўскіх халуёў, гэць дахаты, Салаўёў!».

Прыкладна праз 10 хвілін пасьля пачатку акцыі міліцыянты ў цывільным пачалі акружаць пратэстоўцаў з усіх бакоў, пачалася штурханіна. Дашкевічу нанесьлі некалькі ўдараў: у яго пачырванела вока і зьявіўся сіняк на ілбе. Спрабавалі затрымаць і паплечнікаў Дашкевіча. Людзей адціскалі з прыступак Палаца рэспублікі ў прысутнасьці міліцэйскага кіраўніцтва. Пасьля да іх выйшаў начальнік службы бясьпекі Палаца і папрасіў разысьціся.

Неўзабаве на прыступках зьявіўся і сам Салаўёў у атачэньні сваёй аховы.

«Хто гэтыя людзі? Падумаеш, некалькі дзясяткаў. Там, унутры, значна больш грамадзян Беларусі, і яны ўсе прыйшлі на мой выступ».

Салаўёў уступаў у спрэчку зь беларускімі незалежнымі журналістамі, назваў маладую карэспандэнтку «бедным дзіцём». Ягоныя ахоўнікі штурхалі журналістаў і фатографаў.

Запіс жывога рэпартажу

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG