Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: «Князь Астроскі — аб’яднаўчая для Эўропы асоба, і мы павінны супольна аднавіць яму помнік»


У студзені ў Вільні, Варшаве і Кіеве адбудзецца прэзэнтацыя макету адноўленага надмагільнага помніка вялікаму гетману Літоўскаму Канстанціну Астроскаму.

Пад яго кіраўніцтвам войскі Вялікага Княства Літоўскага здабылі 63 перамогі, у тым ліку — над Масковіяй у бітве пад Воршаю 8 верасьня 1514 году.

Рэалізацыяй праекту займаецца грамадзкі ўкраінска-літоўскі аргкамітэт, створаны ў 2014 годзе пад старшынствам заснавальніка ўкраінскага фонду «Родная краіна» Мікалая Таменкі і амбасадара Літвы ва Ўкраіне Маруса Януконіса.

Па выніках конкурсу стварэньнем помніка займаюцца прафэсар, загадчык катэдры візуальнага дызайну Клайпедзкага факультэта Віленскай акадэміі мастацтваў Арунас Сакалаўскас ды ўкраінскія скульптары Аляксей Сідарук і Барыс Крылоў.

Макет помніка выкананы ўкраінскімі скульптарамі Аляксеем Сідаруком і Барысам Крыловым

Макет помніка выкананы ўкраінскімі скульптарамі Аляксеем Сідаруком і Барысам Крыловым

Скульптура Канстанціна Астроскага мае быць выкананая адпаведна гістарычным дакумэнтам — з чырвонага мармуру і ў натуральную велічыню чалавека, і ўсталяваная ва Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе ён быў пахаваны паводле завяшчаньня. Што праўда, прах вялікага гетмана быў патрывожаны двойчы — у 1941 годзе, калі Усьпенскі сабор падарвалі ці то немцы, ці то НКВД, і ў пачатку 1990-х — ужо ў часе рэстаўрацыйных прац.

Чаму да праекту не далучаныя беларуская дзяржава ды грамадзтва, Радыё Свабода запытала сустаршыню аргкамітэту Мікалая Таменку.

— Пакуль мы працуем як грамадзкі аргкамітэт, але мы зацікаўленыя, каб далучыць больш краін і больш арганізацый, паколькі гаворка ідзе пра даволі вартасны праект. Паводле задумы міністэрстваў культуры Ўкраіны ды Літвы і экспэртаў дзьвюх краін, надмагільны помнік мае быць адноўлены на належным узроўні. Працы яшчэ вельмі шмат, хоць ужо экспэрты ўзгаднілі макет у маштабе 1:5 — працавалі польскія, літоўскія і ўкраінскія адмыслоўцы. Цяпер мы плянуем прадставіць яго ў Вільні, Варшаве і ў Кіеве. Але мы хацелі б яшчэ і немцаў прыцягнуць, бо мы зацікаўлены ў пашыраным коле, паколькі гаворка ідзе пра абʼяднаўчую асобу — камандуючага фактычна эўрапейскімі ўзброенымі сіламі, якія адзначыліся не толькі ў бітве пад Воршаю ў 1514 годзе, але і ў шматлікіх іншых бітвах. Таму мы маглі б усе аб’яднацца вакол такой асобы.

Мікалай Таменка

Мікалай Таменка

— Ці праводзілі вы на гэты конт перамовы зь беларускімі грамадзкімі ці дзяржаўнымі арганізацыямі?

— Не. Уступна нам прапаноўваў дапамогу былы намесьнік міністра культуры Ігар Ліхавы, калі ён узначальваў Амбасаду Ўкраіны ў Беларусі, але потым ён з пасады сышоў. Як толькі хтосьці пагодзіцца, мы гатовыя да перамоваў і запрашаем далучыцца. Мы плянуем стварыць адмысловы фонд пад гэты праект. Гэта значыць, што ягоная місія — толькі аднаўленьне помніка Астроскага. Мы, як актывісты і ініцыятары, дапамагаем гэтай справе. А ўласна фінансавую арганізацыйную частку будзе ажыцьцяўляць гэты новы фонд.

— А каму наагул належала ініцыятыва аднавіць помнік?

— Насамрэч, гэта ініцыятыва навукоўцаў і адмыслоўцаў Нацыянальнага запаведніка «Кіева-Пячэрская лаўра», паколькі гэты помнік гістарычна знаходзіўся ў Лаўры. У 1941 годзе ён быў зьнішчаны, а пасьля аднаўленьня сабору ў 2000 годзе не хапіла сродкаў і часу для яго аднаўленьня. Уласна з таго часу навукоўцы, рэстаўратары ды гісторыкі кажуць, што справядліва было б яго аднавіць. Мы два гады актыўна працуем, шмат ужо зроблена. Цяпер стаім перад тым, каб прадставіць праект у краінах, зьвязаных зь дзейнасьцю Астроскага, і пачаць паволі яго ўвасабляць. Мы яшчэ не на фінальным этапе, але складаны арганізацыйны момант мы прайшлі.

— Калі плянуецца завяршыць гэтыя працы і ці вызначаны тэрмін, калі мае быць гэты помнік усталяваны?

— Фармальна тэрмінаў няма. Мы не вызначалі даты. Пакуль у студзені-лютым плянуецца такая прэзэнтацыйна-інфармацыйная праца. У студзені будзем у Вільні прадстаўляць гэты праект, і будзем прэзэнтаваць у Кіеве. Задума такая — прадставіць і прыцягнуць сродкі. Калі ўсё будзе нармальна, то ўжо летам можна пачаць вырабляць помнік, але цяпер усё ўпіраецца ў матэрыялы, якія нам трэба завезьці — гэта самае каштоўнае ў праекце. Мы прапанавалі рабіць яго з украінскіх матэрыялаў, але літоўцы настаялі на тым, што трэба прытрымлівацца таго, як было і мае быць італьянскі чырвоны мармур. Гэта дастаткова вартасны праект. Але ўжо ўрад Літвы вылучыў 44 000 эўра для пачатку.

— Якая агульная цана гэтага праекта?

— Паводле папярэдніх ацэнак — ня менш 600 тысяч эўра. Ільвіная доля, вядома, — матэрыял і яго дастаўка ва Ўкраіну.

Усьпенскі сабор Кіева-Пячэрскай лаўры ў Кіеве

Усьпенскі сабор Кіева-Пячэрскай лаўры ў Кіеве

— А як ставіцца Маскоўскі патрыярхат да гэтай ініцыятывы, бо Ўсьпенскі ж сабор знаходзіцца на ягонай тэрыторыі, а Канстанцін Астроскі гераізуецца за перамогу над маскоўскім войскам?

— Я хачу падкрэсьліць, што Ўсьпенскі сабор уваходзіць у комплекс Нацыянальнага запаведніка «Кіева-Пячэрская Лаўра», а царква Маскоўскага патрыярхату там праводзіць набажэнствы. Але і зь праект узгоднены. Кіраўніцтва Нацыянальнага запаведніка сьцьвярджае, што там пытаньняў няма, паколькі гэта гістарычны помнік, а сам Канстанцін Астроскі быў абаронцам праваслаўя. Можа нейкім там царкоўнікам і не падабаецца, што ён ваяваў з Масковіяй, але публічна яны не выказваліся з гэтай нагоды. У нас ёсьць усе ўзгадненьні — і Міністэрства культуры, і царквы.

Але яшчэ раз падкрэсьліваю — гаворка ідзе пра тэрыторыю ўкраінскай дзяржавы, таму што гэта тэрыторыя дзяржаўнага нацыянальнага запаведніка, а Ўсьпенскі сабор адноўлены на сродкі горада Кіева і ўкраінскае дзяржавы. На гэтым этапе я ня бачу сурʼёзных канфліктаў. Пакуль ключавое пытаньне — фінансаваньне. Разумеючы, што ўкраінская дзяржава наўрад ці будзе зь дзяржаўнага бюджэту фінансаваць праект, магчыма будзе нейкая частка бюджэтных сродкаў, але мы будзем прыцягваць і прадпрымальнікаў Украіны. Думаю, што і іншыя краіны будуць працаваць з прадпрымальніцкімі коламі. Шукаем падтрымкі і праз міждзяржаўныя сыстэмы эўрапейскай супольнасьці. У іх ёсьць такія праекты, калі некалькі краін дамаўляюцца пра супольны ўдзел. Працуем, шукаем, пераконваем. Я аптымістычна гляджу на рэалізацыю гэтага праекта, але і рэалістычна з пункту гледжаньня тэрмінаў. Думаю, што гэта зойме досыць шмат часу. Нават, калі б мы матэрыял прывезьлі, то сам праект вельмі складаны тэхнічна, і запатрабуе шмат часу для працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG