Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не часьцей, чым раз на трое сутак. Польшча абмежавала ўезд з поўным бакам


Мытная служба Польшчы ўводзіць новыя правілы ўвозу паліва, паведамляецца на сайце Брэсцкай мытні.

Як паведамляе польскі бок, з 14 лістапада 2016 году ўзмоцнены кантроль паліва, што ўвозіцца на тэрыторыю ЭЗ у баках легкавых аўтамабіляў, піша партал TUT.BY.

Кантроль будзе ажыцьцяўляцца наступным чынам: уезд у Польшчу транспартных сродкаў з поўнымі бакамі, прадугледжанымі заводам-вытворцам, будзе магчымы бязмытна адзін раз на 72 гадзіны (3 сутак). Калі ўезд будзе ажыцьцяўляцца часьцей, то норма бязмытнага ўвозу ня можа перавышаць 20 літраў паліва.

Калі ліміт будзе перавышаны, грамадзяніну прыйдзецца заплаціць мыта, альбо транспартны сродак будзе вернуты на тэрыторыю Беларусі.

Адлік часу (сутак) для кожнага грамадзяніна будзе рабіцца індывідуальна, пры гэтым суткі будуць лічыцца не каляндарнымі, а з моманту папярэдняга ўезду ў Польшчу.

З 1 верасьня былі зьнятыя абмежаваньні на вываз паліва за межы Беларусі. Калі раней на адной і той жа машыне аўтамабілісту з Беларусі прыходзілася выяжджаць за межы Эўразійскага эканамічнага саюзу (да 2014 года — Мытнага саюзу) часьцей, чым раз на 8 дзён, то яму трэба было заплаціць мыта на паліва (залежала ад ставак экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты).

Пры канцы кастрычніка ўрад Польшчы заявіў аб падрыхтоўцы цэлага комплексу захадаў, накіраваных на скарачэньне паставак нелегальнага паліва ў краіну. Асноўнымі «бензавозамі» чыноўнікі назвалі прыгранічных гандляроў і кіроўцаў фур.

Па падліках Польскай арганізацыі нафтавай прамысловасьці і гандлю, чорны рынак бэнзіну ў Польшчы складае 7-8% ад агульнага, а дызэля — усе 10%. Бюджэт нясе страты мільярды злотых (называюцца сумы ад 3,5 да 4 мільярдаў на год). Найбольш верагодна, што бязмытны ўвоз паліва не часьцей, чым раз на трое сутак — адзін з захадаў барацьбы з чорным рынкам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG