Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы людзі прыстасуюцца і да новых правілаў на мяжы, не такое бачылі...»


На памежным пераходзе ў Кузьніцы Беластоцкай

На памежным пераходзе ў Кузьніцы Беластоцкай

З 14 красавіка набывае сілу ўказ № 40, які зьмяняе правілы правозу тавараў з-за мяжы для грамадзян Беларусі. Паводле новых нормаў увоз тавараў у Беларусь заўважна абмяжоўваецца. На Гарадзеншчыне гэта для многіх вельмі актуальная тэма.

У апошнія выходныя на памежных пераходах «Брузгі — Кузьніца Беластоцкая» і «Бераставіца — Баброўнікі» стаялі вялікія чэргі, якіх даўно ўжо не было. Перад увядзеньнем новых мытных правілаў, якія пачынаюць дзейнічаць з 14 красавіка, людзі практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі рушылі ў Польшчу на закупы. Вось што распавядае кіроўца аўтобуса, які з Горадні возіць так званыя шоп-туры ў Беласток:

— Мы прыехалі ў суботу а 6-й раніцы на мяжу ў Брузгі, а вярнуцца з Польшчы маглі толькі а 8-й раніцы ў нядзелю. Гэта замест таго, каб быць у хаце ўжо а 20-й гадзіне ў суботу. Аўтобусы стаялі ў чарзе з усіх беларускіх рэгіёнаў: з Горадні, Менску, Віцебску, Магілёва і нават з Гомеля. Я нечага падобнага раней ня бачыў. Вядома, кожны год перад Калядамі або Вялікаднем едзе шмат людзей, але каб так, як гэты раз, то такога ніколі ня бачыў.

Асноўныя зьмены ў мытных правілах датычаць таго, што пасьля 14 красавіка ўвозіць тавары коштам да 1500 эўра і вагой да 50 кіляграмаў можна раз на тры каляндарныя месяцы. То бок, калі прывёз тэлевізар за 1500 эўра 14 красавіка, то яшчэ раз гэта бяз выплаты пошлінаў можна зрабіць ужо толькі праз тры месяцы. Калі на працягу трох месяцаў едзеш другі раз, то можаш правезьці тавару на суму не вышэй за 300 эўра і вагой ня больш за 20 кіляграмаў. Усё, што больш, будзе абкладацца падаткам і зборам.

Сёньня чэргі на памежных пераходах і ў Брузгах, і ў Бераставіцы пазьнікалі. Мой суразмоўца спадар Аляксей, які езьдзіць у Польшчу больш як дваццаць гадоў, зь цяжкасьцю стрымлівае моцныя выразы, гаворачы пра новыя мытныя правілы, і ўпэўнены, што для многіх цяпер паездкі на закупы стануць нявыгаднымі.

— Мне трэба набыць страхоўку за 50 эўра, заправіцца, а прывезьці паўторна я змагу толькі 20 кіляграмаў — гэта несурʼёзна. Выходзіць, што я магу ўзяць толькі ежы для сябе. Але тады за гэтыя грошы можна будзе пайсьці ў нашы крамы, і кошты на харчы такім чынам папросту выраўноўваюцца. Адзінае, што за гады я вельмі прывык да польскіх харчоў, і трэба будзе нешта думаць, бо з гэтым я не гатовы разьвітацца.

Спадарыня Алена, якая часта на паездках у Польшчу падзарабляла, перавозячы трохі тавару, кажа, што апошнім часам даробак быў невялікі, але рэальны — а цяпер, маўляў, ня вельмі выгадна езьдзіць на закупы адной.

Без паездак у Польшчу на закупы я сваю сямʼю ня вельмі ўяўляю, бо там купіш больш у два разы харчоў на тыя самыя грошы

— Давядзецца зараз ехаць у Польшчу цэлай сямʼёй або ў адной машыне дзьвюма семʼямі, каб таньней абыходзілася страхоўка і паліва. І калі з мужам або дачкой, то ўжо можна будзе набраць тавару вагою 40 кіляграмаў. Пакуль яшчэ ня ведаем, як на нашы пераезды будуць рэагаваць мытнікі, што яны будуць падлічваць, узважваць — трэба паспрабаваць. Адзінае, што без паездак у Польшчу на закупы я сваю сямʼю ня вельмі ўяўляю, бо там купіш больш у два разы харчоў на тыя самыя грошы.

А вось у адной з гарадзенскіх фірмаў-перавозчыкаў, якія возяць шоп-туры ў Беласток, мне сказалі сёньня, што ахвотных набыць білеты на гэтым тыдні значна паменела.

— Людзі кажуць, што ім становіцца нявыгадна ехаць на закупы, бо 20 кіляграмаў — гэта зусім нішто. Многія кажуць, што пачакаюць, паглядзяць, а можа што і зьменіцца. Хаця б дазвалялі па 30 кіляграмаў везьці, ужо было б лягчэй. У нас з Горадні білет туды і назад каштуе 120 тысяч — самі разумееце, што людзям гэта выгадна, бо часам па горадзе даражэй выйдзе праехацца на сваёй машыне па крамах.

Яшчэ адна супрацоўніца фірмы-перавозчыка дадае, што, на яе думку, аўтобусаў з шоп-турамі на мяжы цяпер паменее значна.

— І перш за ўсё зь Менску будзе меней аўтобусаў ехаць, бо ў іх білеты ў Беласток і назад каштуюць 579 тысяч, а з-за 20 кіляграмаў ніхто ехаць адтуль за такія грошы не захоча. Дый машынамі яны ўжо так шмат ехаць ня будуць — завялікія ў іх атрымліваюцца выдаткі на паездку. А ў прынцыпе апошнім часам яны пераважна і рабілі чэргі на мяжы. Зрэшты, і нашы гарадзенскія перавозчыкі пацярпяць, людзей адназначна паменее.

Спадар Андрэй даўно ўжо езьдзіць у Польшчу і нават цяпер, нягледзячы на розныя забароны, кажа, што пераважна жыве з гэтых паездак, бо працу ўжо колькі гадоў знайсьці ў Горадні ня можа. Паводле яго, часы былі розныя, і народ заўсёды нейкім чынам прыстасоўваўся да сытуацыі — маўляў, зробіць гэта і цяпер, бо ўжо не прывыкаць.

— Памятаеце, як некалі цягнулі аўта з Эўропы і афармлялі то на нейкіх бабулек, дзядуляў, то на інвалідаў, на маці ці бацьку, на іншых сваякоў ці нават увогуле па рэклямцы на чужых людзей, і плацілі за гэта. Думаю, што і цяпер, калі трэба будзе нешта прывезьці, то маладыя павязуць пэнсіянэраў за мяжу. Гэта пакуль яшчэ людзі не разабраліся, што да чаго. Ня ўсе нават зразумелі, што пры першай паездцы можна везьці тыя ж 50 кіляграмаў і коштам на 1500 эўра. Думаю, напачатку трохі прытармозіцца рух, а потым разьбяруцца і зноў паедуць, бо тут асабліва ні на чым не заробіш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG