Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер ня будзе сэнсу езьдзіць за мяжу на закупы», — гарадзенцы


Указ № 40, які ўступіць у сілу з 14 красавіка, яшчэ болей абмяжоўвае бязмытны ўвоз тавараў для асабістага карыстаньня на тэрыторыю Беларусі. І праз гэта, паводле жыхароў памежнага рэгіёну, ахвотных наведваць суседнюю Польшчу стане яшчэ менш.

Паводле ўказу № 40 у выпадку ўвозу тавараў у Беларусь часьцей, чым адзін раз на тры месяцы, тавары коштам вышэй 300 эўра і вагой звыш 20 кіляграмаў ня будуць адносіцца да тавараў асабістага карыстаньня.

Цяпер сытуацыя на памежных пераходах на мяжы з Польшчай у Гарадзенскай вобласьці сьведчыць пра тое, што ахвотных ехаць у суседнюю краіну значна паменела. У будні чэргаў практычна не бывае, акрамя выходных дзён, калі ў Польшчу накіроўваюцца жыхары іншых абласьцей Беларусі і асабліва Менску.

Гарадзенец, спадар Аляксей, які езьдзіць у Польшчу з таго часу, як адчынілі мяжу, кажа, што цяпер у лепшым выпадку едзе туды толькі па харчы. Да польскіх ужо даўно прызвычаіўся і ня хоча замяняць іх беларускімі.

— Новы ўказ, па-мойму, канчаткова спыніць увоз асабліва бытавой тэхнікі ў Беларусь. Хоць гарадзенцы ўжо і так практычна не маглі нічога прывозіць, асабліва на продаж, каб на гэтым зарабіць, бо складаную бытавую тэхніку можна ўвозіць адзін раз на два гады, а цяпер дык наагул паездкі з мэтай зарабіць капейку прыпыняцца. Мы і так езьдзім толькі раз на восем дзён. Але думаю, што гэты ўказ асабліва зачэпіць менчукоў, якія яшчэ дагэтуль раз на тыдзень у выходныя едуць у Беласток і затаварваюцца на рынках і ў крамах. Яны яўна вязуць усё на продаж, прычым з прычэпамі і запоўненымі салёнамі. А цяпер — раз на тры месяцы, і ўсё. Думаю, што і ў выходныя цяпер чэргаў ня будзе.

Гіпэрмаркет у Беластоку нават пераклаў шыльды на беларускую мову

Гіпэрмаркет у Беластоку нават пераклаў шыльды на беларускую мову

Спадарыня Валянціна распавядае, што днямі была з мужам у Беластоку, езьдзілі па лекі і былі ўражаныя тым, што ў польскіх гіпэрмаркетах практычна няма пакупнікоў. Яна кажа, што паездкі шмат у чым цяпер яшчэ стрымлівае высокі курс даляра ў Беларусі.

— Цяпер нават складана стала набываць у Польшчы таньнейшыя харчы, бо даляр у нас моцна вырас. Нават польскі злоты, калі раней мы лічылі 1 да 3, то цяпер ужо 1 да 5, а нават і да 6. Дык як тады яшчэ нешта купляць...

Ейны муж, спадар Юры сьмяецца і дадае, што хутка ў Польшчу будзем езьдзіць па паліва:

— У палякаў салярка ўжо каштуе 3,7 злотага за літар, а была аж 5 злотых і вышэй. А ў нас зь першага сакавіка нібыта зьбіраюцца падвысіць акцызы на паліва, то мне цікава: за колькі мы тады будзем запраўляцца? Яны зрабілі такую сытуацыю, што нам цяпер ні ў сябе нічога не купіць, ні ў Польшчу не паехаць і не купіць. Вы ўзгадайце, калі быў такі час, каб на мяжы не было чэргаў...

На памежным пераходзе Брузгі — Кузьніца Беластоцкая

На памежным пераходзе Брузгі — Кузьніца Беластоцкая

Найбольшай крыніцай даходу на паездках у Польшчу лічыўся кантрабандны правоз цыгарэтаў. Спадар Іван кажа, што гэты «бізнэс» таксама цяпер практычна ня дзейнічае, хоць дагэтуль людзі імкнуцца ва ўласных аўта правозіць кантрабандны тавар.

— Цяпер беларускія мытнікі вельмі часта накіроўваюць нашы аўта на сканэр, які ўсталявалі на мяжы, і цыгарэты выяўляюць адразу, нават да палякаў не даедзеш. Дый польскія мытнікі вельмі часта адпраўляюць аўта на агляд. Апошнім часам і так не было сэнсу езьдзіць, каб нейкі заробак з гэтага быў, а ўжо цяпер яны практычна перапынілі сэнс паездак. Трэба шукаць працу. А дзе тут яе знайсьці? Я ўжо некалькі месяцаў боўтаюся па розных фірмах, але, акрамя выпадковага заробку, нічога не магу знайсьці.

Цікавым фактам у гэтай сытуацыі застаецца тое, што штодзённая чарга каля польскага консульства ў Горадні за атрыманьнем візаў не зьмяншаецца: езьдзіць у Польшчу людзям нявыгадна, але па візы ўсё роўна ідуць.

Чарга перад Генэральным консульствам Польшчы ў Горадні на атрыманьне візаў

Чарга перад Генэральным консульствам Польшчы ў Горадні на атрыманьне візаў

XS
SM
MD
LG